Распачынаецца акцыя ў абарону касьцёла Сьвятога Язэпа

Мікалай Дзямідзенка, Віталь Рымашэўскі і Наста Палажанка паказваюць стосы лістоў з подпісамі.

Сёньня актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Маладога фронту перадалі чатыры тысячы подпісаў, сабраных у абарону менскага касьцёла Сьвятога Язэпа і комплексу кляштара бэрнардынцаў, у адміністрацыю прэзыдэнта, Палату прадстаўнікоў і прадстаўніку Ватыкану ў Беларусі.

Грамадзкасьць працягвае барацьбу за перадачу вернікам касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў, які гарадзкія ўлады са згоды Міністэрства культуры мяркуюць прыстасаваць пад гатэльны комплекс. Сустаршыня БХД Павал Севярынец распавёў пра вынікі кампаніі, распачатай у жніўні:

«Шэсьць з паловай тысяч подпісаў сабрана па ўсёй краіне. Мы іх вырашылі падаваць рознымі спосабамі. Паўтары тысячы, сабраныя на Гарадзеншчыне, перадаюцца праз касьцёл, каля тысячы подпісаў, сабраныя ў розных гарадах, наўпрост дасылаюцца ў адміністрацыю Лукашэнкі, і чатыры тысячы подпісаў, сабраныя ў асноўным у Менску каля касьцёла, мы перадаем зараз, цэнтралізавана».

Пад пільным наглядам двух прадстаўнікоў спэцслужбаў у цывільным, якія здымалі ўсё на відэакамэру, прадстаўнікі БХД і Маладога фронту накіраваліся спачатку ў прадстаўніцтва Ватыкану ў Беларусі. Іх прыняў апостальскі нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч, які выказаў словы падтрымкі. На яго думку, касьцёл павінен належаць вернікам, і ён паабяцаў перадаць лісты з подпісамі ў Ватыкан.

Пры ўваходзе ў нунцыят — праверка дакумэнтаў.

У Палаце прадстаўнікоў лісты з подпісамі прыняла дарадца-кансультант аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў сакратарыяту Раіса Лапкоўская, у адміністрацыі прэзыдэнта — кіраўнік аддзелу па зваротах грамадзянаў Пётар Катушкін.

Наста Палажанка, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Дземідзенка і Павал Севярынец ля ўваходу ў парлямэнт.

Сустаршыня БХД, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі падкрэсьліў, што абарона касьцёла — гэта не часовая акцыя, прымеркаваная да прэзыдэнцкіх выбараў:

Актывісты БХД і «Маладога фронту» каля касьцёлу сьвятога Язэпа.
«Гэтая тая справа, якую мы робім, нягледзячы на выбары, прысутнасьць ці адсутнасьць выбараў. Гэта тое, што наша, што мы павінны рабіць перадусім, як хрысьціянскія дэмакраты, бараніць хрысьціянскія каштоўнасьці на Беларусі. І час перадвыбарчай кампаніі — не выключэньне. Мы рабілі гэта да кампаніі, робім падчас яе, будзем рабіць і пасьля».

А ад заўтрашняга дня моладзь будзе ладзіць пікеты ў абарону касьцёла Сьвятога Язэпа на прыступках самога будынка, распавёў моладзевы актывіст Мікалай Дземідзенка:

«Збор подпісаў — гэта сапраўды вельмі значная працэдура ў абароне гэтага сьвятога месца, але галоўныя мерапрыемствы пачнуцца ад заўтрашняга дня. Я б хацеў заклікаць усю беларускую моладзь, сьвядомую моладзь да абароны касьцёла. Таму што гэты касьцёл — найстарэйшы будынак у Менску, сапраўды сьвятое месца, і мы павінны яго абараняць».

У будынку касьцёла Сьвятога Язэпа па-ранейшаму месьціцца Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, а таксама архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Вайсковая камэндатура і пракуратура вызвалілі кляштарныя будынкі, і зараз тут з размахам вядуцца будаўнічыя працы. Дарэчы, усяго ў абарону касьцёла за апошнія гады сабрана больш за 30 тысяч подпісаў.