Віталя Гуляка дапытвалі ў справе кампаній "Рух наперад" і "Гавары праўду"

Міліцыянт задаваў яму пытаньні, дасланыя зь Менску. Як патлумачыў міліцыянт, яны тычацца крымінальнай справы, заведзенай у дачыненьні да менскай групы асобаў, якія нібыта займаліся друкаваньнем і распаўсюдам непраўдзівай інфармацыі ў межах кампаній "Рух наперад" і "Гавары праўду".
Са слоў Віталя Гуляка, пытаньняў было шмат і ён прабыў у пастарунку больш за гадзіну. Пытаньні тычыліся таго, ці мае ён дачыненьне да кампаніі "Рух наперад", кампаніі "Гавары праўду" і ці ведае канкрэтных людзей, якія ў іх задзейнічаныя. Сам Віталь Гуляк кажа, што ніяк ня можа ўцяміць — чаму менавіта яму задаюць гэтыя пытаньні. Пра гэта ён сказаў і міліцыянту.

Нагадаю, што ў траўні сёлета ў Віталя Гуляка ў кватэры правялі ператрус, канфіскавалі ягоны кампутар, асабістыя рэчы — нават такія, як грашовая картка і "Карта паляка".