“Я сама беларусачка і хачу вучыцца па-беларуску…”

Сям'я Астроўскіх


Гарадзенскія чыноўнікі паабяцалі, што Сьвятлана Астроўская ўжо з кастрычніка пачне навучацца па-беларуску. Ва ўсім горадзе яна будзе адзінай такой вучаніцай. Гэтага дамагліся яе бацькі, якія на пачатку верасьня выйшлі на плошчу з патрабаваньнямі, каб улады забясьпечылі магчымасьць іх дачцэ вучыцца на роднай мове. Наш карэспандэнт наведаўся ў госьці да сям’і Астроўскіх.




Сям’я Астроўскіх жыве ў новым мікрараёне Дзевятоўка. У іх двухпакаёвая вельмі ўтульная кватэра. Мяне сустракае Алесь Астроўскі, Сьвятлана і маленькі Васілёк, якому толькі два гады.

Алесь Астроўскі – доктар біялягічных навук, ягоная жонка, Аксана – кандыдат біялягічных навук, абодва працуюць у мэдунівэрсітэце. А мяне ў свой пакой запрашае Сьвятлана і паказвае працоўны стол. Зьвяртаю ўвагу, што цацак у пакоі няшмат, як звычайна, дзе ёсьць дзеці, затое паўсюль кніжкі, фарбы алоўкі…

Пытаюся ў Сьвятланы – чаму яна захацела вучыцца па-беларуску?

Сьвятлана: “Таму што я сама беларусачка, на роднай мове размаўляю і хачу вучыцца па-беларуску. Усё, што будуць задаваць, буду вывучаць і буду старанна гэта рабіць”.

Карэспандэнт: “А чытаць умееш, літары ўжо ведаеш?”

Сьвятлана: “Мая самая любімая кніжка – дзіцячая энцыкляпэдыя”.

Карэспандэнт: “А што табе наагул найболей падабаецца?”

Сьвятлана: “Маляваць, люблю рознае маляваць і клеіць люблю”.

Сьвятлана паказвае мне свае малюнкі, а ад нас не адыходзіць яе самы малодшы брацік – Васілёк. Яна таксама распавядае, што дапамагае і сваім маленькім брацікам, вучыць іх маляваць і наагул усяму, што сама ўмее. Пытаюся, ці ведае Сьвятлана беларускія вершыкі?

Сьвятлана:
“Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому, кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому. Мамачка-галубка…”
Сьвятлане падабаецца маляваць

Сьвятлана дачытала вершык, а потым вельмі захацелася пачытаць вершык ейнаму сярэдняму брату – Янку, які мае ўжо пяць годзікаў. Мы ўсё гэта выслухалі, а цяпер сядзім і размаўляем з дарослымі Астроўскімі.

Пытаюся іх: чаму яны вырашылі выйсьці на пікет?

“Як гэта гаворыцца, за народ крыўдна – раз. А па-другое, на мой погляд злачынства адбываецца агульнанацыянальнае ў сувязі з тым, што бачна, як наўмысна зьнішчаюць мову, культуру, гістарычныя сымбалі,” – кажа Алесь Астроўскі.

Аксана Астроўская
цалкам падтрымлівае свайго мужа і лічыць, што для іх дзетак адукацыя па-беларуску будзе лепш, чым на расейскай мове. Яна кажа, што для Сьвятланы будзе распрацавана спэцыяльная праграма:

“Я баялася, што яна будзе адна, і гэта можа паўплываць на яе псыхалягічнае разьвіцьцё. Але па гэтай схеме, якую нам запрапанавалі, на тыдзень у яе будзе 6 гадзінаў беларускай мовы і 1 гадзіна расейскай, матэматыка – 4 гадзіны і Чалавек і сьвет – 1 гадзіна. Гэта ўсё будзе па-беларуску. Па-расейску разам з усёй клясай будуць заняткі фізкультуры, сьпеваў, маляваньня, танцаў і рытмікі”.

Алесь Астроўскі дадае, што гэта ён прыняў, як кампрамісны варыянт. Зараз ён ходзіць па школах і на бацькоўскіх сходах агітуе, каб бацькі аддавалі сваіх дзетак у беларускія клясы. Цікавыя яго ўражаньні ад сустрэчаў:

“Пасьля выступу кожны раз пляскаюць у ладкі, а потым выходзім з залі, а нам наўздагон яшчэ робяць авацыі, нібыта мы артысты. Такое ўражаньне быццам людзі ўпершыню пачулі нейкую праўду, нешта тое, што даўно ў глыбіні душы іх турбуе і ўпершыню пра гэта адкрыта сказана”.

Я разьвітваюся зь сям’ёю Астроўскіх, усім жадаю ўсяго найлепшага, а Сьвятлане – добрай цікавай вучобы. А яна мне адказвае:

Сьвятлана:
“Да пабачэньня. Здароўя вам, і каб у працы ўсё добра было…”

Сям’я Астроўскіх: Алесь і Аксана, а таксама іх дзеці Васілёк, Янка і Сьвятлана.