Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў рэйтынгі іх патэнцыйных удзельнікаў зьяўляюцца адным з важных чыньнікаў палітычнага працэсу. Пра тое, як мяняецца ўзровень папулярнасьці асноўных прэтэндэнтаў, якія асаблівасьці мае рэйтынг Аляксандара Лукашэнкі, ад чаго ён залежыць Юры Дракахруст гутарыў з дырэктарам літоўскага дасьледнага цэнтру Baltic Surveys Расай Алішаўскене. Baltic Surveys рэгулярна праводзіць апытаньні ў Беларусі, ён зьяўляецца літоўскім партнэрам сацыялягічнага цэнтру Gallup Organization.
Дракахруст: Якая, паводле Вашых апытаньняў, дынаміка рэйтынгу А. Лукашэнкі за апошнія месяцы?
Алішаўскене: Калі паглядзець на дынаміку адказаў на простае пытаньне "За каго б Вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?", то са студзеня па красавік вялікіх зьменаў не было, былі ваганьні .
З красавіка па ліпень гэты ўзровень падтрымкі крыху зьменшыўся, у ліпені 33% назвалі прозьвішча Лукашэнкі, як пажаданага кандыдата.
Што да нэгатыўнага рэйтынгу, долі тых людзей, якія адказалі, што не прагаласавалі б за Лукашэнку, там даволі стабільная сытуацыя, ваганьні на ўзроўні памылкі выбаркі – ад 10% да 14%.
Агульная карціна выглядае наступным чынам.
2010 | Калі б у найбліжэйшы час адбыліся новыя выбары прэзыдэнта РБ, за каго б вы прагаласавалі ў першую чаргу?% | Каго б вы катэгарычна не падтрымалі? % |
Студзень | 39 | 14 |
Люты | 36 | 11 |
Сакавік | 36 | 10 |
Красавік | 39 | 11 |
Травень | 35 | 14 |
Чэрвень | 35 | 11 |
Ліпень | 33 | 12 |
Гэта ўсё тычыцца адкрытага пытаньня, калі людзі самі ўпісвалі прозьвішча кандыдата, якому яны аддаюць перавагу.
У закрытым пытаньні прозьвішча Лукашэнкі назвалі 44%.
Закрытае пытаньне – гэта калі людзям прапаноўваецца сьпіс кандыдатаў і прапануецца выбраць сярод іх. У закрытым пытаньні прозьвішча Лукашэнкі назвалі 44%.
Рэйтынг па закрытым пытаньні таксама крыху зьнізіўся, але нязначна – на 2-3%.
З апытаньняў вынікае, што расьце колькасьць людзей, якія ня вызначыліся. Яны ня робяць выбар ні на карысьць Лукашэнкі, ні на карысьць яго апанэнтаў, 13.6% не пайшлі б на выбары і 29% ня ведаюць, за каго галасаваць, ці не адказваюць на гэтае пытаньне. Так што 42% тых, хто ня вызначыўся.
Дракахруст: Як выглядае дынаміка рэйтынгу А. Лукашэнкі ў параўнаньні з дынамікай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года?
Алішаўскене: Тады пры набліжэньні выбараў рэйтынг Лукашэнкі ўзрастаў. Часьцей за ўсё ў дзейнага прэзыдэнта, калі ў яго няма моцных канкурэнтаў, бліжэй да выбараў рэйтынг павялічвацца. Гэта адбываецца за кошт таго, што недзе за паўгода да
42% тых, хто ня вызначыўся.
выбараў памяншаецца доля людзей, якія ня маюць меркаваньня. Яны вызначаюцца і часьцей на карысьць таго, хто лідзіруе. Зараз гэтага пакуль не назіраецца, наадварот назіраецца супрацьлеглая тэндэнцыя – рост долі тых, хто ня вызначыўся.
Дракахруст: Як папулярнасьць Лукашэнка зьвязана з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі?
Алішаўскене: Так, тут вельмі шчыльная сувязь. Вельмі адрозьніваюцца адказы жанчын і мужчын. Жанчыны значна часьцей прыгадваюць Лукашэнку, як свайго кандыдата. А сярод мужчын большая доля тых, хто адказаў, што ня пойдзе на выбары, 17% сярод мужчын супраць 10% сярод жанчын. А тых, хто ня вызначыўся, прыкладна аднолькавыя долі : 28% сярод мужчын і 29% сярод жанчын. Іншая дакладная ўзаемасувязь – са ўзростам. Сярод моладзі да 35 гадоў і людзей сярэдняга веку ўдвая менш тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, чым сярод асобаў сталага веку.
Трэці складнік – гэта ўзровень даходаў. Лукашэнку часьцей падтрымліваюць людзі з самымі нізкімі даходамі.
Дракахруст: Паводле Вашых апытаньняў рэйтынг Лукашэнкі з красавіка па ліпень крыху зьнізіўся. А ці можна сказаць, за кошт якіх сацыяльна-дэмаграфічных груп гэта адбылося?
Алішаўскене: Найбольш за кошт маладых мужчын-гаражан, часткова за кошт мужчын сярэдняга ўзросту і за кошт людзей з высокімі даходамі.
Лукашэнку часьцей падтрымліваюць людзі з самымі нізкімі даходамі.
Дракахруст: Дык атрымліваецца, што падтрымка Лукашэнкі зьменшылася сярод тых групаў, якія і раней былі ня надта схільныя яго падтрымліваць.
Алішаўскене: Так. Але калі раней гэтыя групы бліжэй да выбараў усё ж падтрымлівалі Лукашэнку, то зараз яны сыходзяць у катэгорыі тых, хто кажа, што ня пойдзе на выбары ці ня ведае, за каго галасаваць. У гэтых груп няма ахвоты галасаваць за Лукашэнку, але ёсьць разгубленасьць, каго выбраць.
Дракахруст: А вось наконт разгубленасьці – якая дынаміка рэйтынгаў канкурэнтаў А. Лукашэнкі?
Алішаўскене: Там вялікага росту таксама не назіраецца. Найбольш вядомы Мілінкевіч. Пэўнае стаўленьне да яго выказалі 46% апытаных. Някляеў і Раманчук менш вядомыя шырокай публіцы, іх могуць ацаніць пазытыўна ці нэгатыўна менш за 20% апытаных. У іх менш тых, хто ставіцца да іх кепска, але большасьць іх проста ня ведае.
У Мілінкевіча электарат паводле характарыстык у пэўным сэнсе адваротны электарату Лукашэнкі: Мілінкевіча больш схільныя падтрымліваць мужчыны, моладзь і людзі сярэдняга ўзросту.
Калі казаць пра закрытае пытаньне, дзе прапаноўваецца выбраць са сьпісу кандыдатаў у прэзыдэнты, то Мілінкевіча называюць 4%, Раманчука і Някляева – па 1%, за астатніх кандыдатаў выказваюцца яшчэ менш апытаных.
Дракахруст: Паводле дасьледаваньняў іншага літоўскага цэнтра – НІСЭПД, зь якім, як я ведаю, Вы ў свой час супрацоўнічалі, рэйтынг А. Лукашэнкі заўважальна вышэй, чым у апытаньнях Baltic Surveys. У чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД ён складаў 45.6%. Апытаньні НІСЭПД не фіксуюць тэндэнцыю падзеньня рэйтынгу прэзыдэнта Беларусі (Табліца 5). На Ваш погляд, чым тлумачацца гэтыя адрозьненьні як у значэньнях рэйтынгу, так і ў яго дынамікі ў апытаньнях Вашага цэнтра і НІСЭПД?
Алішаўскене: Наколькі я магу судзіць па матэрыялу, які я бачыла (я ня бачыла поўнай анкеты і выбаркі), адрозьненьне ў тым, што ў апытаньні НІСЭПД не было катэгорыі – "ня буду ўдзельнічаць у выбарах". Можа, яны палічылі адсотак ад тых, хто ўжо сказаў, што пойдзе на выбары. У іх адмова ад адказу – 33%, у нас – больш за 40%. Магчыма адрозьніваюцца базы адліку: у нас – ад усіх апытаных, і тых, хто мае намер ісьці на выбары, і тых, хто ня мае такога намеру, у іх, здаецца, ад тых, хто зьбіраецца ісьці на выбары. З улікам гэтага адрозьненьняў у выніках, здаецца, і няма.
Наконт дынамікі варта заўважыць, што НІСЭПД радзей робіць апытаньні. Мы задаём адкрытае пытаньне штомесяц, закрытае пытаньне – некалькі разоў на год. НІСЭПД дае параўнаньне раз на год. Можа быць, іх апытаньні проста не фіксуюць гэтыя ваганьні.