У апошні час стала модна ўсё сьпіхваць на свавольства гармонаў. Калі верыць навукоўцам – якія, як вядома, толькі й шукаюць, чым бы яшчэ такім прынізіць чалавека – гармоны абумоўліваюць практычна ўсё, чым мы так доўга і нудна ганарыліся, усё, што мы лічылі сваім недатыкальным запасам. Напрыклад, эмоцыі, якія нібыта так яскрава вылучалі нас зь мяса-малочнага асяродзьдзя, ды розныя там пачуцьці. Тысячагодзьдзямі апяваныя бардамі, скальдамі, членамі саюзу пісьменьнікаў і іншымі кабольдамі каханьне, вернасьць, сяброўства, гнеў, самаахвярнасьць аказаліся, як высьветлілася, усяго толькі п’янымі гарманальнымі выбрыкамі. З часоў адкрыцьця гэтых дзіўных рэчываў слова “чалавек” перастала гучаць горда, горда стала гучаць слова “гармон”. Зрэшты, песьнярам заўжды было ўсё адно, каго апяваць; гармон – новы герой новага часу: “гарманальны ўсплеск”, “выкід гармонаў”, “шаленства гармонаў”, “гарманальны фон”, гармоны “граюць”, гармоны “прымушаюць”, гармоны “адказваюць” – што гэта, як не мэтафары новае паэзіі? Гарманальны дысбалянс прыйшоў на зьмену адвечнай гарапашнасьці і дэкадансу.
Што ж, і гарманальныя прыхамаці здольныя прынесьці чуламу чалавеку не абы-якую эстэтычную асалоду. Немагчыма, напрыклад, не ацаніць прыгажосьць уяўнага ўзору, сплеценага ў нашым арганізму сьціплым гармонам аксытацынам. Аксытацын, апрача таго, што выдзяляецца падчас аргазму, яшчэ і адказвае за давер паміж людзьмі, і менавіта ягоны недахоп прыводзіць часам да таго, што нехта камусьці lupus est. Адпаведна, і лішак аксытацыну ні да чаго добрага не прыводзіць: ён відавочна супрацьпаказаны палітыкам, бізнэсмэнам, пэнсыянэрам і чытачам малых мэдычных энцыкляпэдый. Давер – файная штука, калі яго ў меру. Дык вось: чарговы ахвочы бясплатна зьезьдзіць на каляды ў Швэцыю навуковец высьветліў, што аксытацын – гэта той самы гармон, які выдзяляецца ў арганізму маці падчас груднога кармленьня. Цудоўна! Але можна сфармуляваць і груба: такім чынам, давяраючы камусьці, мы падсьвядома хочам пасмактаць яго цыцку, няважна, жанчына гэта ці вусаты прэзыдэнт РБ.
Працягваючы прэзыдэнцкую тэму, нельга абысьці ўвагай даволі рэдкі гармон пад назваю “электын”, без асаблівай шуміхі адкрыты сёлета эльзаскім адмыслоўцам Мішэлем Люгэнбольдам. Рэзкі выкід электыну ў арганізмах некаторых людзей мае выразна цыклічны характар. Раз на пяць гадоў у краінах, дзе нямашака ані вольных выбараў, ані канстытуцыі, ані вольных мэдыяў, міжволі апанаваныя электынам асобы вырашаюць раптам балятавацца на пост главы дзяржавы. Падступны электын – а зусім не адсутнасьць розуму, як можа падацца на першы погляд – прымушае іх публічна і нястомна запэўніваць іншых грамадзянаў у сваёй абавязковай перамозе, электын сьвярбіць у іхных пятках, гонячы іх то на ўсход, то на захад, электын водзіць іхнай рукой, калі яны малююць мапы будучых уладаньняў. Гэты гармон вымагае ад чалавека навязьлівай публічнасьці і клёўнскай самаўпэўненасьці. Людзі зь лішкам электыну з задавальненьнем бяруць удзел у вясёлым кастынгу, які арганізуецца для іх дзяржавай: каго, каго возьме начальнік на сваю здымачную пляцоўку, каб падчас выбараў лепш адцяніць свае вусатыя вартасьці? Каму дазволіць пакруціцца дзянёк побач з уласнай пэрсонай? Каго згадае пагардлівым барскім словам ў чарговай інаўгурацыйнай прамове, калі гармон супакоіцца і зьнізіцца да бясьпечнага ўзроўню? Іхны электын – твой галаўны боль: за кагосьці ж з гэтых апанаваных усё адно давядзецца прагаласаваць.
Такой бяды з тым электынам. Існуюць гармоны, нечаканае віраваньне якіх прыводзіць да значна горшых наступстваў – як для самога чалавечага арганізма, так і для грамадзтва. Некалькі год таму калегамі Мішэля Люгенбольда быў бліскуча выкрыты літаратурын, сонны, збольшага, гармон, які абуджаецца ў выніку падаўленьня іншых, пераважна полавых гармонаў і прымушае здаровых, разважлівых і законапаслухмяных падаткаплацельшчыкаў лічыць сябе паэтамі і пісьменьнікамі. Колькі дамоў і палацаў не дабудавана, колькі дзяцей недавучана ў школах, рабфаках і інстытутах, колькі чалавечага фаршу недалічылася войска з-за таго, што ў жылах такіх людзей грае літаратурын… Гэты гармон дражніць іх, дае ілжывае адчуваньне прыналежнасьці да мастацкай багемы – ім і да галавы не прыходзіць, што шлях сапраўднае багемы вядзе або да Бога, або ў Багемію, або ў багадзельню. Да праайцоў, у эміграцыю ці ў жабракі… Літаратурын усё зьмешвае ў іхных галовах: Волга для іх усё яшчэ ўпадае ў Касьпійскае мора, хаця ні таго, ні другога ў Беларусі даўно ўжо няма; яны пішуць выключна ў вольны час і дужа сумуюць па часах БССР, страчанай паліклініцы, Беллітфондзе, Іслачы, Дому літаратара, расейскіх падрадкоўніках, вялікіх накладах і, вядома ж, працоўнай кніжцы, гэтаму opus magnum замучанага гармонамі белапухнатарускага літаратара.
Гармоны можна зрабіць адказнымі за ўсё. Цікава, які гармон прымушае мяне, колішняга піянэра-палітінфарматара, аматара кніжак, кукурузных палачак і крыжаванак, выраслага ў амаль цалкам расейскамоўнай сям’і на менскай ускраіне, ужо дваццаць год гаварыць, пісаць, думаць, сьніць па-беларуску – без асаблівай надзеі на разуменьне, а яшчэ зь беларускамоўнай жонкай выхоўваць па-беларуску сваю дачку, таксама без асаблівай надзеі на тое, што калісьці яе родная, без двухкосься і хітрыкаў перапісу, мова стане моваю мэтраполіі? Такія рэчы не патлумачыш ні верай, ні патрыятызмам, ні фанатызмам – бо я далёкі і ад першага, і ад другога, і ад трэцяга, а вось нейкімі залішнімі гармонамі, якіх ня маюць іншыя, – імі можна…
Гэта няпраўда, што гармоны – нешта цяжкаўлоўнае, што яны, як і грошы, ня пахнуць. Аксытацын пахне малаком. А чым пахне гармон страху? Калісьці мне давялося ўпершыню ў жыцьці перасячы заходнюю беларускую мяжу – я паехаў па літаратурных справах у Бэрлін і Ляйпцыг. Нагадаю: дагэтуль я яшчэ ніколі ня быў за былой савецкай мяжою. Нягледзячы на тое, што да паездкі я рыхтаваўся зь дзяцінства, культурны шок атрымаўся занадта моцны. На другі дзень, едучы на перакладчыцкі сэмінар да Ванзэе, я заўважыў, што ад мяне ідзе нейкі дзіўны пах. Не, гэта быў не смурод (хто ж прызнаецца?), гэты пах быў абсалютна новы, даволі рэзкі і ні з чым не параўнальны. Ніякія сродкі не дапамагалі, пах быў невынішчальны, я вельмі востра адчуваў яго, паціху зьяжджаючы з глуздоў.
На пяты дзень побыту ў Нямеччыне пах раптам зьнік і болей ужо ніколі не вяртаўся. Што гэта было? Арганізм рэагаваў такім чынам на нязвыклае асяродзьдзе: ваду, ежу, паветра? Не, фізычна адчуваў я сябе няблага. Насамрэч гэта быў пах майго страху, маёй разгубленасьці, майго баязьлівага і прагнага першаадкрывальніцтва. У той час, як я, пахрустваючы мапай, блукаў па Шарлотэнбургу ў пошуках набокаўскага дому і тлумачыў літоўскай перакладчыцы, чаму мяне клічуць Альгірдас Бахаравічус, маё цела гераічна спраўлялася з наймагутнейшай за ўсё жыцьцё гарманальнай атакай. Дзякуй яму, яно не падвяло.
Напэўна, таму так дзіўна часам пахнуць падлеткі – істоты, якія штодня перажываюць гарманальныя выбухі.
Што цікава: нічога падобнага дагэтуль са мной не было ні ў Вільні, ні ў Крыме, ні ў Маскве, ні ў астраханскім стэпе, куды я езьдзіў у маладосьці. Інакш усё можна было б патлумачыць цяжкасьцю адаптацыі. Няўжо былая савецкая прастора ўсё яшчэ дыктуе гармонам народжаных у СССР, як сябе паводзіць? За каго галасаваць, каму верыць, што думаць і пісаць, і як пахнуць там, дзе цябе не чакаюць, каб выдаць сваё паходжаньне? Гармоны яднаюць нас мацней за мінулае.
Я ўяўляю сабе літаратуру будучага, сумесь невыкараняльнага постмадэрну і непазьбежнай халоднай навуковасьці. Шэдэўр усіх часоў і народаў – аналіз гарманальнага стану якіх-небудзь новых Рамэа і Джульеты ў самы трагічны момант. Табліцы для параўнаньня, лічбы, пахі…
Калісьці нашыя гармоны будуць сьведчыць за нас на судзе.
Пасмактаць яго цыцку
Электын сьвярбіць у пятках
Такой бяды з тым электынам. Існуюць гармоны, нечаканае віраваньне якіх прыводзіць да значна горшых наступстваў – як для самога чалавечага арганізма, так і для грамадзтва. Некалькі год таму калегамі Мішэля Люгенбольда быў бліскуча выкрыты літаратурын, сонны, збольшага, гармон, які абуджаецца ў выніку падаўленьня іншых, пераважна полавых гармонаў і прымушае здаровых, разважлівых і законапаслухмяных падаткаплацельшчыкаў лічыць сябе паэтамі і пісьменьнікамі. Колькі дамоў і палацаў не дабудавана, колькі дзяцей недавучана ў школах, рабфаках і інстытутах, колькі чалавечага фаршу недалічылася войска з-за таго, што ў жылах такіх людзей грае літаратурын… Гэты гармон дражніць іх, дае ілжывае адчуваньне прыналежнасьці да мастацкай багемы – ім і да галавы не прыходзіць, што шлях сапраўднае багемы вядзе або да Бога, або ў Багемію, або ў багадзельню. Да праайцоў, у эміграцыю ці ў жабракі… Літаратурын усё зьмешвае ў іхных галовах: Волга для іх усё яшчэ ўпадае ў Касьпійскае мора, хаця ні таго, ні другога ў Беларусі даўно ўжо няма; яны пішуць выключна ў вольны час і дужа сумуюць па часах БССР, страчанай паліклініцы, Беллітфондзе, Іслачы, Дому літаратара, расейскіх падрадкоўніках, вялікіх накладах і, вядома ж, працоўнай кніжцы, гэтаму opus magnum замучанага гармонамі белапухнатарускага літаратара.
Абсалютна новы пах