У беларускіх мусульман — сьвята разгавеньня

Мусульмане Беларусі адзначаюць Рамазан-байрам — сьвята завяршэньня месяца посту і малітваў. Гэтымі днямі ў мячэцях і малельных дамах краіны праходзяць урачыстыя малітвы. Ахвяраваньні, сабраныя падчас Рамазану, беларускія мусульмане накіроўваюць пацярпелым ад паводкі ў Пакістане.


Сьвята завяршэньня Рамазану альбо Рамазан-байрам менскія мусульмане распачалі ўрачыстай малітвай у часовым збудаваньні — мячэт яшчэ толькі будуецца. Але павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў урачыстасьцяў дае спадзяваньне на лепшыя часы, і гэта ёсьць галоўнай адметнасьцю сёлетняга сьвята, кажа муфтый, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Абу Бекір Шабановіч:

«Сёлета Рамазан прайшоў на вельмі высокім духоўным узроўні. Штодня адбываліся пяціразовыя малітвы, і на кожнай было шмат людзей. Апошнія завяршаліся каля гадзіны ночы, а нашая часовая мячэць была перапоўненая вернікамі. Гэта вельмі добры знак, і мяне ён вельмі радуе, бо ўсё больш людзей пачынаюць жыць паводле Карану».
Усё больш людзей пачынаюць жыць паводле Карану.


Рамазан-байрам мусульмане адзначаюць цягам трох дзён, і сёньня — другі дзень урачыстасьцяў. У шасьці мячэцях і чатырох малельных дамах, разьмешчаных ў Іўі, Маладзечне, Клецку і іншых гарадах, зьбіраюцца да некалькіх сотняў чалавек. Усяго ж у Беларусі 120 тысяч мусульман, і практыкуючыя вернікі сустракаюць сьвята зь вялікай радасьцю, кажа адна зь іх — Саіда:

«Тры дні сьвята пасьля посту: першы — у чацьвер, другі — у пятніцу і трэці — у суботу. Людзі ведаюць, што ў іх сьвята і адпрошваюцца з працы, неяк дамаўляюцца, каб сьвяткаваць. Напачатку — сьвяточная малітва ў двары, бо ў нас жа мячэць яшчэ не дабудаваная. А пасьля людзей віншуюць, і яны сьвяткуюць: накрываюць сталы, пякуць пірагі, гатуюць плоў, ходзяць у госьці і да сябе запрашаюць — як звычайна ва ўсіх людзей».

Яшчэ адной асаблівасьцю сёлетняга Рамазану ў беларускіх мусульман сталася дапамога пацярпелым адзінаверцам ад паводкі ў Пакістане. Хоць завяршэньне будаўніцтва менскай мячэці патрабуе шмат сродкаў, частка іх ужо адпраўлена пакістанцам, а ў дадатак будуць накіраваныя грошы пасьля ўскрыцьця скарбонак з ахвярамі, кажа муфтый Абу Бекір Шабановіч:

«Пакістан — мусульманская краіна. А паводле Карану, мы павінны жыць ня толькі сваёй абшчынай, але і дапамагаць іншым. Таму падчас Рамазану вернікі зьбіралі сродкі і праз амбасаду Пакістану ў Маскве перапраўлялі туды. Мы атрымалі шмат падзякі і празь інтэрнэт, і праз амбасадара я таксама атрымаў ня толькі віншаваньні, але і падзяку за гэтую дапамогу».

Як паведаміў Абу Бекір Шабановіч, таксама падчас сёлетняга Рамазан-байраму ў выдавецтве «Тэхналёгія» выйшла з друку навуковае выданьне «Беларусь і ісламскі сьвет». Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца пасьля завяршэньня сьвяткаваньня.

Мячэць у Менксу будуецца ўжо 10 гадоў
У памяшканьні месца ўсім не хапіла.
Сьвяточны плоў.