Мітынг у Аўганістане супраць магчымага спальваньня Карану

У Аўганістане група пратэстоўцаў закідалі камянямі тэрыторыю нямецкай ваеннай базы ў правінцыі Бадахшан, пратэстуючы супраць плянаў амэрыканскага сьвятара спаліць Каран. Перад гэтым у сталіцы правінцыі горадзе Файзабад прайшлі вулічныя выступы, у якіх узялі ўдзел тысячы чалавек.

У амэрыканскім штаце Флярыда пастар невялікай царквы ў горадзе Генсвіл Тэры Джонс аб'явіў, што пакуль не адмаўляецца ад сваіх плянаў публічна спаліць асобнікі Карана ў гадавіну тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Пляны пастара выклікалі асуджэньне ў ЗША і ва ўсім сьвеце. Яму асабіста званіў міністар абароны ЗША Роберт Гейтс.