Амэрыканскі пастар зноў хоча паліць Каран

У амэрыканскім штаце Флярыда пастар невялікай царквы ў горадзе Генсвіл аб'явіў, што пакуль не адмаўляецца ад сваіх плянаў публічна спаліць асобнікі Карана ў гадавіну тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Трохі раней Тэры Джонс сказаў, што ня будзе паліць Каран, паколькі ініцыятар будаўніцтва мячэці ў Нью-Ёрку каля разбураных вежаў-блізьнятаў імам Фэйсал Абдул Раўф паабяцаў яму не настойваць на будаўніцтве ў гэтым месцы. У чацьвер імам сказаў, што ніякай дамоўленасьці няма, пасьля гэтага Джонс заявіў, што яго падманулі, і што ён пакідае за сабой права спаліць Каран. Пляны пастара выклікалі асуджэньне ў ЗША і ва ўсім сьвеце. Яму асабіста званіў міністар абароны ЗША Роберт Гейтс.