У Менск запрасілі экспэртаў-крыміналістаў з АБСЭ

Андрэй Савіных

Беларусь запрашае экспэртаў-крыміналістаў з краін АБСЭ для вывучэньня абставін сьмерці беларускага журналіста Алега Бябеніна. Афіцыйная заява на гэты конт зробленая сёньня на пленарным паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене.

Заява ў Вене, дзе месьціцца галоўны офіс Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, прагучала апоўдні. А раніцай прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу паведаміў, што Беларусь гатовая запрасіць аднаго-двух экспэртаў-крыміналістаў з краін-сябраў АБСЭ, якія змогуць азнаёміцца з усімі акалічнасьцямі сьмерці Алега Бябеніна:

«Пры гэтым мы зьвяртаем увагу нашых партнэраў па АБСЭ на наступныя абставіны. Кампэтэнтныя органы Беларусі максымальна адказна падышлі да правядзеньня расьсьледаваньня. Усё было зроблена цалкам у адпаведнасьці з законам і на ўзроўні агульнапрынятых міжнародных стандартаў.

Запрашэньне зьнешніх экспэртаў — гэта беспрэцэдэнтны крок у юрыдычнай практыцы ня толькі Беларусі, але і іншых краін Эўропы».
Запрашэньне зьнешніх экспэртаў — гэта беспрэцэдэнтны крок у юрыдычнай практыцы ня толькі Беларусі, але і іншых краін Эўропы.


Спадар Савіных сказаў, чым прадыктаваныя такія захады з боку Беларусі:

«Нашым зьдзіўленьнем і заклапочанасьцю зьяўленьнем розных неабгрунтаваных спэкуляцыяў і інсінуацыяў ня толькі ў СМІ, але і ў заявах асобных прадстаўнікоў міжнародных структур».

Інфармацыя на гэты конт сёньня раніцай была ўжо даведзеная і да амбасадараў краін АБСЭ ў Менску. Намесьнік кіраўніка Офісу АБСЭ ў Менску Жандос Асанаў з гэтай нагоды паведаміў «Свабодзе»:

«Звычайна мы не даем ацэнак дзеяньням таго ці іншага боку. Але я думаю, што дадзеная прапанова беларускага боку будзе абмеркаваная ў Вене ў рамках Сталай Рады АБСЭ. І я спадзяюся, што дэлегацыі краін АБСЭ прымуць рашэньне ў дадзеным пытаньні.

А мы ў Офісе, як прадстаўнікі АБСЭ, натуральна, гатовыя ўсялякімі спосабамі садзейнічаць прыезду экспэртаў-крыміналістаў і аказаць ім неабходную дапамогу».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка спадзяецца, што экспэрты АБСЭ сустрэнуцца зь бліжэйшымі калегамі і роднымі Алега Бябеніна:

«Калі б прыехалі экспэрты, скажам, з Брытаніі, Злучаных Штатаў ці Францыі, то мы віталі б такі прыезд. АБСЭ — вельмі вялікая арганізацыя. І могуць прыехаць экспэрты, напрыклад, з Казахстану ці Туркмэністану. Але, безумоўна, АБСЭ паважаная арганізацыя. І гэта лепш, чым нічога.

Мы памятаем, як запрасілі ў Менск нямецкага экспэрта, які сказаў, што ў справе Аўтуховіча няма парушэньняў. Таму экспэрт экспэрту — розьніца».

Пра знаходжаньне ў Менску нямецкага экспэрта ў галіне крымінальнага права Марціна Фінке згадвае вядомы праваабаронца Алег Волчак. Ён кажа, што спадара Фінке запрасіў тагачасны кіраўнік менскага Офісу АБСЭ амбасадар Шмідт на просьбу кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея. І ўсё рабілася пад вялікім сакрэтам:
Трэба разглядаць не матэрыялы праверкі па справе Бябеніна, а заводзіць крымінальную справу па факце забойства.

«А павінны былі паведаміць пра яго працу адвакату Аўтуховіча, яго сваякам, паведаміць, зь якімі матэрыяламі справы ён будзе знаёміцца. Ну і вельмі важна, каб яго заключэньне было даступным для шырокай грамадзкасьці. Аднак усё рабілася кулюарна, цішком. Чаму ў нас узьніклі пытаньні да Шмідта? Фінке не сустракаўся ні са мною, ні з адвакатам Сапелкам, ні з роднымі Аўтуховіча ды іншых абвінавачаных».

Алег Волчак кажа, што, прачытаўшы матэрыялы пра сьмерць Алега Бябеніна, ён прыйшоў да такой высновы:

«Тут трэба разглядаць не матэрыялы праверкі па справе Бябеніна, а заводзіць крымінальную справу па факце забойства і праводзіць поўны комплекс сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў».

Алег Бябенін
6 верасьня прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала сваю занепакоенасьць з нагоды сьмерці Алега Бябеніна і заклікала беларускія ўлады правесьці ўважлівае і незалежнае расьсьледаваньне.

Цела Алега Бябеніна было знойдзена вечарам 3 верасьня ў дачным доме, разьмешчаным у Дзяржынскім раёне.

Бябенін вісеў на самаробнай пятлі, прымацаванай да лесьвічнага пралёту, які вядзе на другі паверх дома. Побач ляжаў зэдлік.

Экспэртыза высьветліла, што прычынай сьмерці Алега Бябеніна ёсьць асьфіксія з прычыны ўдушэньня пятлёй пры павешаньні,- паведаміў пракурор Дзяржынскага раёна Сяргей Каўрыга. У Генпракуратуры паведамілі, што ў першую чаргу разглядаецца вэрсія пра самагубства.

Сябры, сваякі і калегі загінулага сумняваюцца ў тым, што апазыцыйны журналіст мог разьвітацца з жыцьцём добраахвотна. Паводле іх словаў, у Бябеніна не было ніякіх матываў для самагубства, а афіцыйныя дакумэнты аб яго сьмерці ўтрымліваюць шэраг супярэчнасьцяў, якія прымушаюць сумнявацца ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня.

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заклікаў улады Беларусі правесьці «поўнае і празрыстае» расьсьледаваньне абставінаў сьмерці Бябеніна. З аналягічнымі заявамі выступілі дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Сініка Хурскайнэн, прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў, арганізацыя «Індэкс цэнзуры», Нарвэскі Хэльсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя арганізацыі.