Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пазачарговай сэсіі прынялі адразу ў двух чытаньнях бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2011 год, а таксама ў першым чытаньні зьмяненьні ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы і бюджэт краіны на наступны год. Пытаньне пра прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў не разглядалася. Праз тыдзень дакумэнты, прынятыя ў першым чытаньні, дэпутаты разгледзяць у другім. Назіральнікі не выключаюць, што 14 верасьня будзе названая і дата выбараў.
Праект бюджэту на 2011 год дэпутатам прадстаўляў міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Пасьля яго дакладу старшыня міжнароднай камісіі Палаты Сяргей Маскевіч запытаў міністра, якія цэны на газ закладзеныя ў галоўным фінансавым дакумэнце краіны. У гэты момант журналісты дружна пераглянуліся. Учора яны доўга дамагаліся ў міністра адказу на гэтае ж пытаньне. Але спадар Харкавец ніводнай лічбы не назваў, спаслаўшыся на тое, што газавыя перамовы знаходзяцца ў пачатковай стадыі.
І вось што сёньня міністр адказаў дэпутатам:
"Перамовы яшчэ толькі пачынаюцца. Мы разумеем, што прагназаваць гэты паказьнік сёньня даволі складана. Мы заклалі яго рост дастаткова высокі. Але мы таксама разумеем, што пры неабходнасьці мы можам пераразьмеркаваць частку асыгнаваньняў на карысьць тых ці іншых артыкулаў, якія неабходна будзе карэктаваць па выніках канчатковага ўзгадненьня гэтай цаны".
Старшыня камісіі спрабаваў удакладніць:
"Але ж закладзеныя ў бюджэт цэны — ніжэйшыя за цэны на ўсясьветных рынках?"
На гэта міністар адказаў так:
"Сяргей Аляксандравіч, мы ў любым выпадку скарэктуем бюджэт такім чынам, каб не дапусьціць непрыемных момантаў для эканомікі Беларусі за кошт бюджэту. Я вам гарантую".
Зусім магчыма, што карэктаваньне адбудзецца за кошт павелічэньня дэфіцыту бюджэту. У наступным годзе, па словах міністра фінансаў, дэфіцыт складзе 6 трыльёнаў рублёў, альбо 3% валавога ўнутранага прадукту. Да таго ж Беларусь зьбіраецца цягам 2011 году пазычыць на зьнешніх рынках яшчэ 2.2 мільярда даляраў.
А што тычыцца цаны на расейскі газ, то намесьнік старшыні праўленьня кампаніі "Газпром" Андрэй Круглоў днямі заявіў, што ўжо ў 2011 годзе "Газпром" плянуе канчаткова перайсьці на рынкавыя цэны ў разьліках з Беларусьсю, Малдовай і Армэніяй.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка сёньня ў размове са Свабодай выказаў меркаваньне, што ў наступным годзе тысяча кубамэтраў расейскага газу будзе каштаваць Беларусі пад 300 даляраў:
"Дастаткова паглядзець на спотавыя (цяперашнія рынкавыя) цэны на эўрапейскім рынку. Беларусь не падрыхтаваная да пераходу на звадкаваны газ, на іншыя крыніцы газу. Таму Крэмль будзе "тапіць" Беларусь у высокіх цэнах на газ. Няхай нашы чыноўнікі прыдумляюць якія заўгодна цэны: п'еса яшчэ наперадзе".
Вяртаючыся да прэзыдэнцкіх выбараў, міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі заўважае, што 14 верасьня ў магчымы дзень прызначэньня даты беларускіх выбараў прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву споўніцца роўна 45 гадоў.