На Акрэсьціна абвяргаюць інфармацыю пра напад анархістаў

Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.

Сямёх маладых грамадзянаў Беларусі, якіх падазраюць у нападзе на расейскую амбасаду 30 жніўня, пакінулі ў турме на Акрэсьціна. Чакалася, што актывістаў вызваляць 6 верасьня а 17 гадзіне вечара. Ля турмы на Аркрэсьціна іх чакалі сябры і бацькі. Аднак пазьней бацькам сказалі, што затрыманьне іх дзяцей нібыта працягнулі яшчэ на трое сутак.

Увечары 6 верасьня ў інтэрнэце зьявілася відэа, дзе паказана, як невядомыя закідалі «кактэйлямі Молатава» турму на Акрэсьціна ў знак салідарнасьці з затрыманымі. Аднак дзяжурны сьледчага ізалятара зьняпраўдзіў гэтае паведамленьне і заявіў, што «гэта няправільная інфармацыя».



Сёньня раней бацькам у турме на Аркэсьціна сказалі, што затрыманых не адпусьцяць. Пра гэта распавёў прадстаўнік інфармацыйнага агенцтва «Постмэдыя» Аляксандар, які сочыць за сытуацыяй.

«Ніякай інфармацыі няма і мы ня ведаем, што з гэтымі людзьмі робіцца. Бацькі ня могуць іх пабачыць і дзяржаўныя адвакаты з некаторымі бацькамі сустракаліся, а некаторым нават і не патэлефанавалі, што затрыманыя іх сын ці дачка, якая там справа. Ніхто не дае ніякіх зьвестак. Спрабуем дапамагчы бацькам і затрыманым».

Бацькі ў шоку і пакуль стараюцца не кантактаваць з прэсай, бо баяцца хоць нечым нашкодзіць сваім дзецям. Паводле знаёмай аднаго з затрыманых Ганны, бацькам у міліцыі сказалі, што затрыманьне моладзевых актывістаў працягнулі яшчэ на трое сутак:

«Па якім артыкуле ідзе справа, невядома, толкам нам нічога ня кажуць. Заўтра яшчэ раз паедзе гэта даведвацца адвакат. На гэты момант нам вядома, што іх яшчэ на тры дні затрымалі. Мы ня ведаем па якой прычыне».

Ганна знаёмая зь некаторымі з затрыманых і сьцьвярджае, што яны не маглі ўчыніць напад на амбасаду і ня маюць ніякага дачыненьня да анархістаў, якія заявілі ў інтэрнэце, што напад на амбасаду ёсьць акцыяй салідарнасьці з абаронцамі Хімкінскага лесу ў Маскве.

Я думаю, што нікому гэта не было патрэбна, бо бутэлькамі з гаручай сумесьсю Хімкінскаму лесу не дапаможаш.
«Я думаю, што нікому гэта не было патрэбна, бо бутэлькамі з гаручай сумесьсю Хімкінскаму лесу не дапаможаш. Расейскія анархісты абвяргалі гэтую заяву. Я думаю, што гэта правакацыя і яны нічога гэтага не ўчынялі. І фактычна ніякіх доказаў у іх ня будзе. Ні ў якую арганізацыю яны не ўваходзяць, проста гэта людзі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй».

Аляксандар кажа, што на сайт, дзе зьявілася заява пра адказнасьць анархістаў за напад на расейскае пасольства, можа зайсьці хто заўгодна і пакінуць любую інфармацыю:

«Ёсьць інфармацыя, што юзэр быў створаны якраз перад публікацыяй, як пішуць мадэратары гэтага сайту. Што гэта новы юзэр і гэтая група, якая ўзяла на сябе адказнасьць, новая і пра яе ніхто ня ведае».

Актывістаў, якіх затрымалі 3 верасьня ў Менску, падазраюць у датычнасьці да падпалу службовага аўтамабіля «Мазда-3» на тэрыторыі расейскай амбасады ў Менску. Паводле кіраўніка прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, гэта было хуліганства ў выглядзе спробы падпалу. Ён дадаў, што сямёх затрыманых правяраюць на датычнасьць да інцыдэнту, а таксама да падобных падзеяў раней.

Камэнтуючы сытуацыю прадстаўнік інфармацыйнага агенцтва «Постмэдыя» Аляксандар адзначыў, што ўлады проста хочуць знайсьці крайніх:

«Ёсьць факты, якія кажуць пра тое, што проста зараз з гэтых людзей, якія маюць актыўную грамадзянскую пазыцыю, спрабуюць зрабіць крайніх. Мы размаўлялі з бацькамі і з затрыманай, якую адпусьцілі, і яна кажа што гэта міралюбівыя людзі і ніколі не маглі зрабіць такога ўчынку. І што яна нават ня чула нейкіх размоваў пра нешта такое».