Францыя надалей будзе высылаць цыганоў

Францыя не памяняе сваёй пазыцыі ў пытаньні пра высланьне з краіны цыганоў – нелегальных імігрантаў. Такую заяву зрабіў кіраўнік профільнага францускага міністэрства Эрык Бэсон.

Гэтакім чынам ён пракамэнтаваў у газэтным інтэрвію акцыі пратэсту супраць дэпартацыі цыганоў, што адбыліся ў суботу ў шэрагу гарадоў Францыі і некаторых сталіцах Эўропы. Паводле ацэнкі арганізатараў, у францускіх выступах узялі ўдзел каля ста тысяч чалавек. Паліцыя называе меншую лічбу – каля 77 тысяч.

Сёньня пытаньні барацьбы зь нелегальнай міграцыяй будуць абмяркоўвацца на сустрэчы міністраў з краінаў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ЗША і Канады.