Прадпрымальнікаў заклікалі да салідарнасьці з Аўтуховічам, Асіпенкам і Башурам

Турэмная камісія ў справе амністыі адмовіла Ўладзімеру Асіпенку ў хуткім вызваленьні, але зьменшыла яму пакараньне на 1 год. Сьледзтва закончыла расьсьледаваньне справы актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры. Менскія прадпрымальнікі заклікаюць да салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам і іншымі барацьбітамі за дэмакратыю.

Актывісты руху салідарнасьці «Разам» распаўсюдзілі зварот ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і Міхася Башуры. Нагодай сталі захады ўладаў па лібэралізацыі умоваў працы прадпрымальнікаў. Рух салідарнасьці «Разам» заяўляе, што гэтыя саступкі ўлада робіць пад ціскам прадпрымальніцкага руху, і нагадвае, што ў ім актыўны ўдзел бралі Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка ды іншыя актывісты. Прадпрымальнікаў заклікалі патрабаваць ад уладаў тэрміновага вызваленьня вязьняў, асуджаных фактычна за іх грамадзкую дзейнасьць.

«Невыпадкова прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч апынуўся пад увагай сілавых структур. Падчас законнага змаганьня за свае правы Мікалай адмовіўся ўступіць ў змову з карупцыйнай дзяржаўнай сыстэмай.
Годнасьць і сумленьне не дазволілі вэтэрану Аўганістана, сапраўднаму беларусу, даваць хабар карумпаваным чыноўнікам.
Годнасьць і сумленьне не дазволілі вэтэрану Аўганістана, сапраўднаму беларусу, даваць хабар карумпаваным чыноўнікам», — нагадваюць аўтары звароту шлях Аўтуховіча да суду.

Праваабаронца Алег Воўчак паведаміў, што рыхтуе паездку журналістаў і праваабаронцаў у Ваўкавыск да маці вязьня, каб аказаць ёй маральную падтрымку. Гэтага прасіў у сваіх лістах Мікалай Аўтуховіч.

Стала вядома, што Ўладзімеру Асіпенку паводле амністыі скарацілі на год тэрмін пакараньня. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла дачка вязьня Людміла Асіпенка са спасылкай на ліст ад бацькі.

«Ён трапіў пад амністыю, але не пад вызваленьне цалкам, а толькі пад скарачэньне пакараньня на адзін год. Такім чынам, калі ўсё будзе добра і да яго ужывуць правіла пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, разьлічваем, што ён выйдзе на волю ў канцы году ці на пачатку наступнага».

У справе Міхася Башуры, якога арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары, скончылася сьледзтва. 3 верасьня на азнаямленьні Башуры са справай прысутнічала адвакатка Тамара Сідарэнка. Паводле яе, у канчатковым выглядзе абвінавачаньне не зьмянілася: актывіста «Гавары праўду» па-ранейшаму абвінавачваюць у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Утрыманьне Башуры пад вартай працягнулі. Вось што Тамара Сідарэнка паведаміла пра ўмовы ў Жодзінскім СІЗА:
Ён думае больш пра пазытыўнае, не канцэнтруецца на тым, што ня можа зьмяніць, і гэта яму дапамагае пераадолець цяжкасьці.


«Канечне, шмат ёсьць дрэннага, але збольшага ня самыя горшыя ўмовы. У камэры людзей меней, чым ложкаў, сярод вязьняў ёсьць і такія, зь якімі можна нармальна пагаварыць. Харчаваньне часам дрэннае, але ёсьць перадачы з волі, можна пратрымацца. Карацей, ён думае больш пра пазытыўнае, не канцэнтруецца на тым, што ня можа зьмяніць, і гэта яму дапамагае пераадолець цяжкасьці».

Паводле Тамары Сідарэнкі, у панядзелак 6 верасьня справа будзе перададзеная ў пракуратуру, і калі тая пагадзіцца з доказамі, сабранымі сьледзтвам, праз пэўны час трапіць у суд. У кампаніі «Гавары праўду», каардынатарам якой зьяўляецца Міхась Башура, кажуць пра перасьлед свайго актывіста з палітычных прычын.

Сястра прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі Ірына наведала яго ў Бабруйскай калёніі, дзе ужо болей за паўгода трымаюць вязьня. Вось яе ўражаньні ад сустрэчы.

«Худы, вельмі худы. Прычым сказаў, што гэта ён ужо паправіўся пасьля галадоўкі. Але збольшага настрой у яго аптымістычны, спадзяецца цяпер на Вярхоўны суд. Да яго, дарэчы, прыяжджалі з АБСЭ. Сказаў, што яны былі дастаткова падрыхтаваныя, аказаліся цалкам у курсе ягонай сытуацыі. Задавалі яму розныя пытаньні. Сказаў, што гэта ўсё выглядала як пацьверджаньне таго, што яны ўжо ведаюць».

Вязьні, верасень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.