Пятро Машэраў публічна ўхваляў «Сказ пра Лысую гару», а Мікола Аўрамчык асьцерагаўся прызнавацца ў аўтарстве паэмы ды распускаў фальшывыя чуткі пра іншых пісьменьнікаў. Праз 60 гадоў пасьля расстаньня Мікола Аўрамчык сустрэў сваё юнацкае каханьне і пачаў жыць грамадзянскім шлюбам. У праграме «Вольная студыя» — заключная перадача з цыклю ўспамінаў найстарэйшага беларускага пісьменьніка — Міколы Аўрамчыка.
Аўтарства самвыдатаўскай паэмы «Сказ пра Лысую гару» абмяркоўвалася ў 70-ыя гады пастаянна і паўсюль. Пісьменьнікі і простыя людзі спрачаліся, спрабуючы адгадаць імя аўтара. Мікола Аўрамчык нават распускаў непраўдзівыя чуткі, спрабуючы адвесьці ад сябе ўвагу.
Мікола Аўрамчык: «Я спачатку сам, баючыся адказнасьці, пачаў распаўсюджваць, хто напісаў: нібыта Астрэйка, ці Вялюгін. Сталі казаць многія: „Ну, Вялюгін? У яго ж няма такога, не“. А ў Астрэйкі — паэма „Дзед Міхед“, па такім жа пляне. І многія паверылі, што Астрэйка мог быць аўтарам „Сказу пра Лысую гару“. І рытміка такая ў Астрэйкі ёсьць. І пра яго самога напісана ў „Сказе“ хораша:
Астрэйка, той, што ў сотнях песьняў
Уславіў некалі будан
За кожнай кроквай клікаў цесьляў:
— Ну злазьце, хлопцы! Кроплю дам!
Уславіў некалі будан
За кожнай кроквай клікаў цесьляў:
— Ну злазьце, хлопцы! Кроплю дам!
Калі прачыталі ў „Маладосьці“ „Сказ пра Лысую гару“ — Мележ, Брыль і нашая ўся рэдакцыя — Брыль сказаў: „Я бачу жыўцом аўтараў: Барадулін і Караткевіч“. Як можа такі пісьменьнік з густам памыліцца? У „Лысай гары“ няма ніводнай рыфмы Барадуліна, нічога! Калі што і ёсьць, то пад Петруся Макаля».
Your browser doesn’t support HTML5
Мікола Аўрамчык сьцьвярджае, што „Сказ пра Лысую гару“ мае шмат слабых месцаў. Але ў „Сказа“ зьявіліся пасьлядоўнікі, ён перапісваўся і перадаваўся з рук у рукі. Паэма атрымала народную любоў. Толькі высьмеяныя пісьменьнікі крыўдзіліся. Адну зь першых вусных рэцэнзій даў Аркадзь Куляшоў, літаратурны настаўнік Міколы Аўрамчыка, які назваў „Сказ пра Лысую гару“ „расьцягнутым раешнікам“. Уладзімір Караткевіч у рэдакцыі часопіса „Маладосьць“ лаяўся матам і называў аўтараў паэмы „падонкамі“, не здагадваючыся, што адзін са стваральнікаў сатыры — побач.
Аўрамчык: «Сяджу са Стральцовым. Заходзяць хлопцы — ня памятаю, хто там быў зь пісьменьнікаў. Пачалі гаварыць пра „Лысую гару“. Міхась Стральцоў інтэлігентна кажа: „Нельга ж так, хлопцы, гэта зьдзек з нашага брата, нас і так…“ Але калі Валодзя Караткевіч пачаў крычаць і матам лаяцца пра „Лысую гару“, то я зусім ачмурэў».
Псэўданім „Вядзьмак Лысагорскі“ зьявіўся не адразу, спачатку Аўрамчык з Гілевічам падпісваліся „Адась Абабурка“ альбо „Студэнт Брандэбоўскі“. Мікола Аўрамчык узгадвае, што сьпецслужбы даволі сур’ёзна зацікавіліся гэтымі псэўданімамі, супрацоўнікі органаў дзяржбясьпекі наведвалі рэдакцыі, прагортвалі рукапісы, адкрывалі шуфляды — шукалі.
Аўрамчык: «Канечне, у той час скандал мог быць вялікі. Маглі ўляпаць годзік за распаўсюд самвыдату, а то па розных законах дык і 3 нават гады».
Аднак, лічыць Мікола Аўрамчык, хутчэй за ўсё, у сьпецслужбаў не было вялікай матывацыі. Партыйнаму начальству на чале з Машэравым паэма спадабалася.
Аўрамчык: «На банкеце пасьля зьезду пісьменьнікаў я стаяў побач з прэзыдыюмам. Кісялёў, Машэраў, Аксёнаў — чалавек 5-6. Усе ўжо выпіўшы былі, Вялюгін быў здорава ўзяўшы. Ён падышоў і выгукнуў:
— Пятро Міронавіч!
— Анатоль, што?
— Я ня маю ніякіх адносінаў да гэтай рэчы.
— Да якой?
— Да „Сказу“.
— Ты ведаеш, а нам зь Ціханам яна падабаецца! (маецца на ўвазе Ціхан Кісялёў, партыйны дзеяч — заўвага Б. Арлова)
Вялюгін назад маўкліва пайшоў. А гэта пачулі чалавек 100-150».
Рассакрэчваньне аўтараў „Сказу пры Лысую гару“ пачалося ў 90-ыя гады. Літаратуразнаўца Георгій Колас дакладна вылічыў Аўрамчыка і расказаў пра гэта ў рэдакцыі часопіса „Крыніца“, празь нейкі час выйшаў нумар, у якім таямніца аўтарства хаця яшчэ і не раскрывалася дашчэнту, але пасьля гэтага ўжо фактычна і таямніцай быць перастала.
Мы зь Міколам Аўрамчыкам пакідаем у спакоі вядомую паэму. Спадар Мікола ўзгадвае, як аднойчы даў маху і надрукаваў у „Маладосьці“ плагіят.
Аўрамчык: «Быў такі паэт — Эдуард Зубрыцкі. Ён часта прыходзіў да мяне, па пошце прысылаў вершы. І мне так заўсёды хацелася дапамагчы, надрукаваць як-небудзь яго. Але вершы былі слабенькія, я ніяк ня мог нацягнуць. І раптам прысылае ён два вершы. Чытаю — цудоўныя вершы! Рыхтую ў набор і здаю ў друк. І празь месяц ці паўтары прыходзіць з рэдакцыі маскоўскай „Литературной газеты“ ліст на імя Пімена Панчанкі, рэдактара часопіса „Маладосьць“. Аказваецца, гэта былі сьпісаныя два вершы Льва Ашаніна, перакладзеныя Зубрыцкім на беларускую мову. „Літаратурка“ маскоўская напісала: „Прыміце меры“. Панчанка адказаў: „Наклалі спагнаньне на загадчыка аддзела паэзіі“. Але я пасьля гэтага Зубрыцкага як бачыў, то ня мог цярпець».
Мікола Аўрамчык захоўвае ўспамін пра Зэліка Аксэльрода, зь якім ня быў знаёмы асабіста. Можа па памяці расказаць некалькі радкоў зь верша гэтага яўрэйскага паэта, а вэрсію па-расейску прыгадвае цалкам.
Аўрамчык:
«Не курил ведь никогда я,
А сейчас курю, дружок,
Видишь, дым тихонько тает,
Словно детский голосок.
Мы уселись, мы обнялись,
Хороши наши дела.
И как в карты заигрались
Мы у круглого стола.
Дама треф мне улыбалась,
Ей валеты хороши,
Улыбнулась, засмеялась,
Обними, но не туши.
Перемешиваю карты,
Плачет дама и валет.
Ты, как мальчик, от азарта,
Мальчик мой, живи сто лет».
А сейчас курю, дружок,
Видишь, дым тихонько тает,
Словно детский голосок.
Мы уселись, мы обнялись,
Хороши наши дела.
И как в карты заигрались
Мы у круглого стола.
Дама треф мне улыбалась,
Ей валеты хороши,
Улыбнулась, засмеялась,
Обними, но не туши.
Перемешиваю карты,
Плачет дама и валет.
Ты, как мальчик, от азарта,
Мальчик мой, живи сто лет».
Зэліка Аксэльрода, які трапіў у сьмяротныя абдымкі НКВД за месяц да пачатку вайны, расстралялі бальшавікі ў чэрвені 1941 году, калі Чырвоная армія пасьпешліва ўцякала зь Менску.
Зь Міколам Аўрамчыкам хацелася пагаварыць ня толькі пра літаратуру, вайну, цікавасьць з боку сьпецслужбаў. Хацелася паразмаўляць пра каханьне. І каб зрабіць гэта, мы са спадаром Міколам паехалі ў вёску Ступяні, на Бабруйшчыну — менавіта там Мікалай Якаўлевіч жыве большую частку году ў неаформленым законным чынам шлюбе з Ганнай Сямёнаўнай — сваім юнацкім каханьнем».
Аўрамчык: «Гэта гісторыя даўняя-даўняя. Я не ўяўляў, што яна на 2 гады за мяне маладзейшая. Думаў, што гадоў на 5. Яна вучылася ў 6-ым, я — у 9-м, яна — у 7-м, я — 10-м. Тут праседжвалі пад вокнамі, тут лавачка стаяла. Вось у гэтым бары мы, бывала, да вайны гулялі, пралескі я ёй зьбіраў».
Ганна Сямёнаўна: «На ровары катаў».
Аўрамчык: «А як разьехаліся вучыцца — яна ў Бабруйск, я ў Менск — можа месяцаў 8 яшчэ сустракаліся, а пасьля на гэтым каханьне і скончылася».
Ганна выйшла замуж за лепшага Міколавага сябра — афіцэра. А Мікола перад самай вайной пачаў у Менску заляцацца да будучай жонкі Паліны. Кожны лёс склаўся па-свойму, але праз 60 гадоў удавец Мікола Якаўлевіч ды ўдава Ганна Сямёнаўна сустрэліся зноў.
Аўрамчык: «Ну, а сустрэліся праз 60 гадоў. Тут, у вёсцы Цялуша, пушкінскія сьвяты бываюць штогод 6 чэрвеня. Я ўсё чакаў, што яна прыйдзе. Ведаў, што яна тут, але ня ведаў, з кім яна. Пасьля даведаўся, што яна адна. Заказаў па пошце размову. Пагаварылі зь ёй, я прыехаў і сустрэліся».
Ганна Сямёнаўна апісвае сустрэчу, па яе вачах відно, што яна наноў перажывае тыя пачуцьці».
Ганна Сямёнаўна: «Ішла на станцыю, ірвала па дарозе палявыя кветкі. Прыйшоў цягнік. Спыніўся. Пачалі выходзіць пасажыры. Ідуць-ідуць, і… я ня бачу майго Колю».
Аўрамчык: «А я спэцыяльна затрымаўся».
Ганна Сямёнаўна: «Я ўжо палічыла, што ён перадумаў, што ўжо ня хоча са мной сустракацца. Пасьля бачу: апошні ідзе мой Коля, мой любімы Коля».
Аўрамчык: «Як прыйшлі сюды, як пачалі ўспамінаць усё! Пілі тут віно, гарэлку».
Ганна Сямёнаўна: «Суседка прыйшла нашая».
Аўрамчык: «І тут я ўжо і застаўся. Зьезьдзіў на некалькі дзён у Менск і вярнуўся».
Вясельля вырашылі не рабіць. Кажуць, што сьмешна жаніцца ў такім узросьце — на момант сустрэчы ім было 79 і 77 гадоў. Але тым ня менш лічаць сябе мужам і жонкай. Ганна Сямёнаўна пяшчотна гладзіць Міколу Якаўлевіча па галаве, а я на разьвітаньне прашу яго што-небудзь пажадаць цяперашнім маладым».
Аўрамчык: «Параіць толькі магу добрага каханьня і добрага сяброўства. Але я гляджу, што цяпер масава здараецца так: сёньня расьпісаліся, а празь месяц ці паўгода разьвяліся. Я хацеў бы пажадаць, каб яны такімі былі ў каханьні, як мы былі. Каб ставіліся адно да аднаго шчыра і сапраўды ведалі каханьне. Але ці многа знойдзецца такіх зь цяперашніх маладых?»
Я разьвітваюся зь Мікалаем Якаўлевічам і Ганнай Сямёнаўнай ды еду ў Менск, а па дарозе думаю пра тое, што калі Мікола Аўрамчык яшчэ здолее выдаць свае кнігі ўспамінаў — «Бывальшчына» ды «Гісторыя стварэньня „Сказу пра Лысую гару“» — то я абавязкова іх прачытаю.
Мікола Аўрамчык
Мікола Аўрамчык
Мікола Аўрамчык — беларускі паэт, пісьменьнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1920 (паводле іншых зьвестак — 1919) годзе ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне. Аўтар шматлікіх кнігаў паэзіі і некалькіх раманаў. Разам зь Нілам Гілевічам стварыў знакамітую паэму «Сказ пра Лысую гару».