“Лукашэнка – чалавек дзяржаўны, яму не падорыш такое, што звычайнаму чалавеку”

Што б вы падарылі Лукашэнку на дзень народзінаў?

Юнак: “Сувэнір які-небудзь…”

Малады спадар: “Нічога. А за што яму нешта дарыць?”.

Сталы спадар: “Паняцьця ня маю…”

Спадар: “Ну, выбачайце, гэта іншае кола: у нас сваё кола, у яго сваё”.

Малады спадар: “Я ня ведаю, што яму падарыць, усё ў яго ёсьць, напэўна”.

Малады спадар: “Падарунак які? Ну, што можна падарыць прэзыдэнту? Ня ведаю, хіба гэлікоптэр яшчэ адзін, каб палеткі аблятаў, глядзеў, каб усё расло прыгожа…”



Спадар: “Ня ведаю, калі ўсё ёсьць, што яму падарыць… Не-а, чаго я баюся? Проста ня знаю, што яму трэба? Яму ж нічога ня трэба, у яго ўсё ёсьць, чаго тут баяцца?”

Сталы спадар: “Свабоду…”

Другі спадар: “Ён казаў, што менш зробіць рэклямы, але не зрабіў, тэлевізар немагчыма глядзець. А на дзень нараджэньня — “усяго добрага, і Колі яго маленькаму, усім сынам”.

Трэці спадар: “Тое ж самае… А мне рубель трэба, на таблеткі не хапае, у цябе ёсьць рубель?”

Малады спадар: “Мне складана, ня ведаю, што сказаць. Мне асабіста ніхто нічога ня дорыць, я даўным-даўно дзень нараджэньня не адзначаю…”

Сталы спадар: “Ад мяне яму здароўя падарыце, а што яшчэ падорыш, калі ў чалавека ўсё ёсьць? Каб ён ведаў маё становішча, што я служыў дваццаць шэсьць год у расейскім войску на Камчатцы, прыехаў у Беларусь. Атрымаў ад камандуючага пасьведчаньне, што калі прыеду ў любы горад, я атрымаю аднапакаёвую кватэру. Я яшчэ і на Кубе служыў, карацей, ёсьць заслугі, а на мяне — ніякай увагі не зьвяртаюць. Жыў я ў лесе ў доме для састарэлых…”

Спадарыня: “Чалавек дзяржаўны, яму не падорыш такое, што звычайнаму чалавеку”.

Яе дачка: “Штосьці сымбалічнае. Новы “Боінг”, я думаю, ён сам сабе можа купіць”.

Спадарыня: “Ён сам сабе “Боінг” купіць. Твор мастацтва можна ад Гарадзенскай вобласьці”.

Спадар: “Ды чорт яго знае, ня ведаю. Усё, што яму трэба, у яго ёсьць, у яго ёсьць улада, якая яму падабаецца”.