У ЗША згадваюць ахвяраў "Катрыны"

У ЗША адзначаюць пятую гадавіну ўрагану "Катрына", які прычыніў разбуральную паводку ў Новым Арлеане. На жалобнай цырымоніі, якая прайшла ў горадзе ў нядзелю прысутнічаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Прамаўляючы ў новаарлеанскім унівэрсытэце імя Ксаўера, Абама сказаў, што акрамя сілаў прыроды, да катастрофы спрычыніўся і чалавечы чыньнік, бо ўрад ня здолеў забясьпечыць своечасовую дапамогу пацярпелым.

Ад урагану "Катрына" ў 2005 годзе загінула больш за 1800 чалавек. Страты ад разбурэньня інфраструктуры ў раёне Мэксыканскай затокі склалі мільярды даляраў.

Шматлікія ўцекачы сталі ахвярамі масавых забойстваў, рабаўніцтваў і згвалтаваньняў, якія пачаліся ў Новым Арлеане пасьля ўрагану. Для аднаўленьня законнасьці ў горад было накіравана амаль 50 тысяч салдатаў Нацыянальнай гвардыі ЗША.