9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.
Літаратурны кансультант "Гродзенскай праўды" Васіль Быкаў як мог падтрымліваў апальную паэтку. Амаль кожны свой ліст у Зэльву ён заканчваў нязьменнай просьбай: прысылайце вершы – надрукуем. І друкавалі. Калі гартаеш газэтную пашыўку за 60-я гады, імя Ларысы Геніюш сустракаецца на літстаронках даволі часта.
На той час паэтка яшчэ ня мела друкавальнай машынкі, перапісвала вершы ад рукі. Яе почырк Васіль Быкаў расчытваў зь цяжкасьцю, уласнаручна перадрукоўваў тэксты і дасылаў аўтарцы – на зьверку.
Аднаго разу Васіль Уладзімеравіч вырашыў зрабіць Ларысе Антонаўне прыемны сюрпрыз – пашырыць кола яе чытачоў да ста тысячаў. Ён дамовіўся наконт публікацыі ў рэдакцыі часопісу "Нёман", сам знайшоў перакладчыка і нават падрыхтаваў для яго падрадкоўнікі геніюшаўскіх вершаў. Перакладчык паслаў свае пераклады на аўтарызацыю і… атрымаў з Зэльвы катэгарычную адмову публікаваць іх у беларускім расейскамоўным часопісе. У маскоўскіх выданьнях – калі ласка…
Данута Бічэль, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў з настаўніцамі Зэльвенскай санаторна-лясной школы. 1963 г.
Але звычайна Ларыса Геніюш прыслухоўвалася да парадаў свайго малодшага сябра. У 1972 годзе Быкаў нават угаварыў яе паўдзельнічаць у адной чыста савецкай акцыі. На Гарадзеншчыне праводзілася антыалькагольнай кампанія, і абкам распарадзіўся падключыць да справы мясцовых пісьменьнікаў. Шукаць празаіка патрэбы не было: Аляксей Карпюк змагаўся з п'янствам і без абкамаўскіх кампаній. А вось паэты акцыю дружна збайкатавалі. Вось тут Быкаў і скарыстаўся тым, што Ларыса Антонаўна на дух не пераносіла п'яніцаў.
Яе верш "Хмель", надрукаваны ў "Гродзенскай праўдзе", быў нават адзначаны ганаровым дыплёмам абласнога ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў. Мабыць, гэта адзіная ўзнагарода ад улады, якую атрымала паэтка за сваю літаратурную дзейнасьць.
Звычайна стрыманы ў ацэнках літаратурных твораў, Васіль Быкаў не прытойваў уражаньняў пасьля знаёмства зь вершамі Ларысы Геніюш у часопісе "Полымя" (1967, №2): "Адразу хочацца сказаць Вам: надта ж добра. Добра па настроі, па думках, па інтанацыях. А верш "Зубры" – проста цудоўны. Я рады за Вас і ганаруся Вашай залатой паэтычнай нітачкай".
Улюбёным літаратурным героем Ларысы Антонаўны быў Іван Цярэшка з "Альпійскай баляды". Аўтар аповесьці мусіў зрабіць толькі адну "папраўку на гуманізм": каб Іван загінуў не такой жудаснай сьмерцю – ад сабачых іклаў. На загрызеных канвойнымі аўчаркамі вязьняў, што адважваліся на ўцёкі, паэтка наглядзелася ў лягеры, і ёй хапіла…
Калі савецкая крытыка драпежыла Васіля Быкава за аповесьць "Мёртвым не баліць", Ларыса Геніюш узьнімала ўсіх сваіх сяброў на яго абарону. Дачуўшыся, што ў акадэмічным Інстытуце літаратуры мае адбыцца абмеркаваньне творчасьці пісьменьніка, яна рашуча запатрабавала ад літаратуразнаўцы Міколы Прашковіча:
"Падтрымайце Быкава! Яго стыхія – гэта бічаваньне бесчалавечнасьці, хамства і нізасьці ў людзях. На вайне асабліва. Быкаў лечыць гэтыя балячкі на целе грамадзтва. Ён ускрывае іх дасканала. Так, не баліць толькі мёртвым! Быкаў "праполвае" грамадзтва, і гэта вялікая справа. Ён – глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыцьцё. Не шкадуйце для яго добрых пачуцьцяў і разумнага мужнага слова! Танных і бязважкіх словаў ён ня любіць і ня прыме".
Геніюш ці ня першай разгледзела геній Быкава. Пра пісьменьніка ў супэрлятывах тады яшчэ ніхто не гаварыў. Быкаўская ўсясьветная слава толькі замігцела на даляглядзе.
У Музэі Максіма Багдановіча ў Горадні, у мэмарыяльным пакоіку Ларысы Геніюш, і сёньня можна пабачыць інкруставаны саломкай куфэрак – падарунак гарадзенскіх пісьменьнікаў паэтцы да яе 70-годзьдзя. Мясцовы разьбяр па дрэве вырабіў яго на замову Васіля Быкава.
Ларыса Геніюш. Баразна
Дуб зваліўся, упала сасонка,
кроў-жывіца сьцякае з кары.
Баразна, Баразна-баразёнка,
прыгаралі цябе без пары.
Колькі скарбаў напрадзеных, тканых
на дне куфраў сялянскіх ляжыць –
ты ва ўсё гэта быў закаханы…
Як жа, хлопча, цябе ажывіць?
Як жа сумна і як жа дрымотна:
ні зары, ні сьвятла, ні відна.
Хто ж раскажа Краіне гаротнай,
каго страціла ўчора яна…
Яшчэ вусны ўсяго не сказалі,
яшчэ рукі ўсяго не знайшлі,
як жа рана цябе адабралі
у зьняволенай нашай зямлі!
Не на золата ўжо, не на грошы,
на адвечнай зямлі крывічоў
тут палююць бязьлітасна Прокшы
на выдатных Краіны сыноў.
Не вайна – а магілы, магілы,
не зьлічыць сьветлых, сьцятых галоў.
Што ж, патрэбны народ ім бяскрылы,
і таму выбіваюць арлоў.
Не заб’юць ўсіх, мы з болю і ранаў,
зь лютай помсты за мукі нягод,
у нас волаты новыя ўстануць
і падбіты падымуць народ!
Як быльнёг, яны злыдняў падкосяць
пад народны караючы гнеў,
няхай літасьці, ласкі ня просяць,
хто над намі спагады ня меў!
Дуб зваліўся, упала сасонка,
што любоўна народ ўзгадаваў.
Прыгаралі навек Баразёнку,
ведаў вораг, каго забіваў...
У народнага гора прадоньні,
дзе насільле, махлярства і страх,
Баразны нашы гаснуць, як промні,
што народу асьвечвалі шлях.
Баразна, Баразна, Баразёнка…
Жаль, дажыць не далі давідна.
У народу, у роднай старонкі
залатая была Баразна...
Пяе вецер працяжна і грозна,
ліжа раны пакутнай зямлі,
лічыць колькасьць крывавых барознаў,
што пралеглі па ёй без вайны.
Зноў пакутны паўсюль лад прыгонны,
Анямела старонка уся.
Толькі вецер – змагар неўгамонны –
будзіць сёлам штоноч Кастуся!
кроў-жывіца сьцякае з кары.
Баразна, Баразна-баразёнка,
прыгаралі цябе без пары.
Колькі скарбаў напрадзеных, тканых
на дне куфраў сялянскіх ляжыць –
ты ва ўсё гэта быў закаханы…
Як жа, хлопча, цябе ажывіць?
Як жа сумна і як жа дрымотна:
ні зары, ні сьвятла, ні відна.
Хто ж раскажа Краіне гаротнай,
каго страціла ўчора яна…
Яшчэ вусны ўсяго не сказалі,
яшчэ рукі ўсяго не знайшлі,
як жа рана цябе адабралі
у зьняволенай нашай зямлі!
Не на золата ўжо, не на грошы,
на адвечнай зямлі крывічоў
тут палююць бязьлітасна Прокшы
на выдатных Краіны сыноў.
Не вайна – а магілы, магілы,
не зьлічыць сьветлых, сьцятых галоў.
Што ж, патрэбны народ ім бяскрылы,
і таму выбіваюць арлоў.
Не заб’юць ўсіх, мы з болю і ранаў,
зь лютай помсты за мукі нягод,
у нас волаты новыя ўстануць
і падбіты падымуць народ!
Як быльнёг, яны злыдняў падкосяць
пад народны караючы гнеў,
няхай літасьці, ласкі ня просяць,
хто над намі спагады ня меў!
Дуб зваліўся, упала сасонка,
што любоўна народ ўзгадаваў.
Прыгаралі навек Баразёнку,
ведаў вораг, каго забіваў...
У народнага гора прадоньні,
дзе насільле, махлярства і страх,
Баразны нашы гаснуць, як промні,
што народу асьвечвалі шлях.
Баразна, Баразна, Баразёнка…
Жаль, дажыць не далі давідна.
У народу, у роднай старонкі
залатая была Баразна...
Пяе вецер працяжна і грозна,
ліжа раны пакутнай зямлі,
лічыць колькасьць крывавых барознаў,
што пралеглі па ёй без вайны.
Зноў пакутны паўсюль лад прыгонны,
Анямела старонка уся.
Толькі вецер – змагар неўгамонны –
будзіць сёлам штоноч Кастуся!