У школы пускаюць толькі праваслаўных сьвятароў

Ад 1 верасьня ў беларускіх школах уводзіцца новы прадмет "Асновы праваслаўнай культуры. Праваслаўныя сьвятыні ўсходніх славян". Зараз у Міністэрстве адукацыі зацьвярджаюцца вучэбныя праграмы для кожнай клясы, зь першай па 11-ю.

Міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў запэўніў, што гэта не абавязковы прадмет, а факультатыў:

"Мы далі дабро на тое, каб быў такі факультатыў па выбары, разумеючы, што праваслаўе — гэта частка нашай культуры, са сваёй гісторыяй, са сваімі асаблівасьцямі, са сваёй прыгажосьцю. То бок, гэта трэба вывучаць. Але па выбары, не абавязкова для ўсіх. Тут былі напрацоўкі, і мы пайшлі насустрач, разумеючы, што гэта не Закон Божы, гэта не рэлігія, гэта вывучэньне гісторыі рэлігіі, яе станаўленьня, праваслаўнай культуры.
Гэта трэба вывучаць. Але па выбары, не абавязкова для ўсіх.


Карэспандэнтка: "Пакуль толькі праваслаўе?"

"Так, пакуль толькі праваслаўе".

Распрацоўка новага курсу вялася паскоранымі тэмпамі, зараз яна знаходзіцца ў стадыі зацьверджаньня — распавёў кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Менскай эпархіі пратаіярэй Аляксандар Шымбалёў:

"Праграма падрыхтаваная, мы яе зацьвярджаем. Гэта не абавязковы курс, а па жаданьні бацькоў, дзяцей і адміністрацыі школы. Гэта можа быць не ва ўсіх школах, а толькі там, дзе ёсьць жадаючыя вучыцца і вучыць".

Беларусь лічыцца шматканфэсійнай краінай, па розных ацэнках праваслаўнымі сябе называюць 70 — 80%, каталікамі — 20 — 30%, ёсьць грамадзяне іншых веравызнаньняў. Чаму ўводзяцца толькі "Асновы праваслаўя"? Прадстаўнік каталіцкага касьцёлу ксёндз Віктар Міхевіч выказаў такое меркаваньне:

"Як сьвятар я лічу, што нейкія асновы рэлігіі павінны выкладацца ў школе. Гэта толькі плюс, калі дзеці з самага пачатку сутыкаюцца з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. Але як каталіцкі сьвятар я, канечне, хацеў, каб у школах дзеці таксама мелі непасрэдны доступ аб каталіцкім касьцёле, аб каталіцкай культуры, традыцыях. Не сакрэт, што атэістычнае выхаваньне дабра вялікага не прыносіць. У нашай краіне як гэта далей пойдзе — гэта пытаньне да чыноўнікаў і да каталіцкай эпархіі: як яны дамовяцца між сабой. Таму што на дадзены момант уваход у школу каталіцкаму сьвятару забаронены".

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч адзначае два аспэкты: адзін зьвязаны з пабудовай, структурай беларускай школы, а другі — са свабодай веравызнаньня:

"Хай сабе праваслаўная канфэсія досыць шматлікая ў Беларусі, але ж ёсьць і каталікі, ёсьць і пратэстанты, хоць і мала, але ж засталіся аўтахтонныя мусульмане, юдэі і так далей. Нікога з гэтых канфэсіяў у школы не пускаюць. Хоць там ёсьць шмат людзей, якія б маглі выкладаць. Але ж гэтага няма, не назіраецца, а наадворот, назіраецца адваротная карціна, калі людзі прыходзяць і імкнуцца дапамагаць вырашыць нейкія пытаньні з канфэсійнай прыналежнасьцю, іх не пускаюць. Гэта дадатковы штуршок, парушаючы і свабоду веравызнаньня, і свабоду вызначэньня школ, школьнікаў і настаўнікаў".

Выкладаць "Асновы праваслаўнай культуры" будуць настаўнікі, якія скончылі Інстытут тэалёгіі БДУ. Такіх адмыслоўцаў таксама рыхтуюць у пэдунівэрсытэтах і на курсах павышэньня кваліфікацыі. Будуць запрашаць і праваслаўных сьвятароў. На пытаньне, ці пасьпеюць падрыхтаваць у такой колькасьці выкладчыкаў да пачатку навучальнага года, пратаіярэй Аляксандар Шымбалёў адказаў так:

"Ні ў якім разе гэта ня можа быць уведзена паўсюль 1 верасьня. Гэта доўгі працэс".

Вазьмі ўдзел у дыскусіі:


"Асновы праваслаўя" ў школах: за і супраць