Улада абяцае, што да канца года сярэдні заробак у Беларусі складзе 500 даляраў. Як да гэтага ставяцца менчукі, цікавілася ў мінакоў на вуліцах сталіцы.
Юначка: "Я ў гэта ня веру, бо трэба рэальныя перадумовы для такіх захадаў. Цяперашні заробак вельмі малы і, каб за такі кароткі прамежак часу нешта пасьпець, то гэта не магчыма. На жаль, я стаўлюся нэгатыўна".
Спадар: "Гэта будзе, як заўсёды — у кіраўніцтва заробак будзе 10-12 мільёнаў, у працоўных — 1, а сярэдні заробак — 5 мільёнаў".
Юнак: "Трэба больш падымаць заробак. Але, адначасна, калі падымуць, то жыцьцё падаражэе ў разы адносна таго, што абяцаюць. Таму нават калі яны гэта і зробяць, што наўрад ці, можа быць лепш жыць усё роўна ня стане".
Спадарыня: "Я б хацела мець гэтыя грошы, але пакуль што нічога не паказвае на магчымасьць іх атрыманьня. У нас вельмі нізкія расцэнкі — на маёй службе, у прыватнасьці. У нас няма даходу, каб атрымаць такія грошы. Але ў крамах усё даражэе, паслугі даражэюць, таму трэба, каб нешта такое адбылося".
Карэспандэнтка: "Улада абяцае, што да канца года сярэдні заробак у Беларусі складзе 500 даляраў. Як вы да гэтага ставіцеся?"
Юначка: "Па праўдзе сказаць, я нешта ня дужа веру ў тое, што заробак можа быць 500 даляраў. Бо даўным-даўно абяцалі, што падымуць заробак, аднак і зараз ніякага прасьвету няма".
Юнак: "Вельмі добра і цалкам магчыма. Калі ўлада ставіць перад сабой такую мэту. А мэта гэтая цалкам выканальная".
Спадарыня: "Я чула і ведаю пра гэта, але ня веру. Такія тэмпы нашай дзяржаве не адужаць".
Спадарыня: "Калі проста дэкляратыўна так сказаць, што будзе ў нас такі заробак, то ў нас заўсёды гэта робяць. Бо, каб плацілі такі заробак, то павінная быць і аддача. У сярэднім, магчыма, так і будзе — 500 даляраў: хтосьці будзе атрымоўваць па тысячы, па паўтары, а хтосьці па 300. Я ня думаю, што ўсім падымуць. Я ведаю вытворчасьць і ведаю, што гэта будзе ня так лёгка зрабіць".