Як Ларыса Геніюш кулінарыла

9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Сялянскі ўнук, сын паштовага службоўца, выпускнік славутага Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, доктар Іван Пятровіч Геніюш часам выяўляў панскія звычкі і капрызьнічаў, сеўшы за абедзенны стол. Дагадзіць тут яму было няпроста, хоць Ларыса Антонаўна, па словах відавочцаў, гатаваць умела і ведала безьліч кулінарных рэцэптаў.

Чарговым разам выправіўшы мужа ў санаторый, яна чакала яго дамоў датэрмінова, перакананая, што на казённых харчах той доўга ня вытрымае.

Нельга без усьмешкі чытаць адзін зь лістоў паэткі да Зоські Верас: "Баюся, што муж не дабудзе належнага часу на тым курорце. Ён капрызны. Капусты ўдома – ня есьць, грыбоў – ня любіць, катлеты яму не смакуюць, заечы паштэт – нядобры, каўбаса – надаела ў маладосьці, цяляціна залазіць у зубы, калдуны – фэ! Вось цяпер там недзе зьеў бы ўсё".

Ня ведаю, як можна было знайсьці той заечы паштэт у напаўгалоднай на той час Зэльве, дзе і сьвіныя галовы лічыліся далікатэсам. Але Ларыса Геніюш і пры савецкім дэфіцыце знаходзіла патрэбныя прадукты, каб муж і госьці засталіся задаволеныя пачастункам.

Перакладчык Алесь Траяноўскі доўга ўспамінаў зэльвенскую мачанку. Паэтка Данута Бічэль – печыва, якое Ларыса Антонаўна пякла ў электрычнай духовачцы. Унук Міхась і сёньня шукае па вёсках на Беласточчыне сухую паляндвіцу, якая нагадвала б бабуліну.

Зэльвенцы замаўлялі Ларысе Геніюш вясельныя караваі і тарты. І паэтка часам іранізавала, што Зэльва цэніць яе як кухарку, а не як паэтку…

Кухараць – Вольга Церашчатава і Ларыса Геніюш. Зэльва, 1981 г

Аднойчы Ларыса Геніюш прачытала ў тыднёвіку "Ніва", што беластоцкія беларусы задумалі пабудаваць у Белавежы прыдарожную карчму. І тут жа склала для іх падрабязны плян: чым тую карчму накрыць, як абсталяваць падворак, што на сьцены павесіць, як пэрсанал апрануць. Кулінарныя парады займалі цэлую старонку:

"Зубраціну есьці не абавязкова (зуброў шкада!), хопіць дзікоў, зайцоў з бурачкамі ў сэзон, качак, а найлепей нашы вырабы з парсюка. У сьвеце няма такіх каўбасаў, сальцісонаў, вантрабянкі і вяндліны, якія ўмеюць рабіць беларускія гаспадыні. А грыбы? А бульба? А капуста пад бігос, а верашчака, а дранікі, а бабка мяккая, як пуп, а халадзец і шынкі?! А яешня, печанае як малодзіва, альбо са скваркамі?! А калдуны, а панцачок з грыбамі, маслам заложаны і сьмятанай забелены… А піць? Меней алькаголю – болей старыны. Апроч зуброўкі, трэба абавязкова варыць крупнік беларускі…"

Крупнік Ларысы Геніюш запомніўся многім. Вось ягоны рэцэпт, перахаваны ў памяці архэоляга Міхася Чарняўскага: 0,5 літра сьпірту (ці добрай гарэлкі), 0,5 кіпеню, 4 лыжкі мёду разбавіць у кіпені і зьмяшаць са сьпіртам, дадаць трохі карыцы, гвазьдзікі, мускатных арэхаў і духмянага перцу; усё разам варыць 15 хвілінаў, але не кіпяціць.

Па сьведчаньні сына паэткі Юркі Геніюша, "такой медавухі кубак ламатнуўшы, мёртвыя ўскрасалі, будзілі заснуўшых". А ён толк у напоях ведаў.


Ларыса Геніюш. "Я сустрэлася зь сябрамі не на балі…"
Я сустрэлася зь сябрамі не на балі,
не да танцу заіграў аркестр,
не на танга хлопцы запрашалі,
лёгкім жэстам ўскокваючы зь месц.
Не ў сукенцы, быццам павуценьне,
расьсяваючы парфумаў лёгкі чад,
я прыйшла да вас, браты ў цярпеньні,
на плячо накінуўшы бушлат.
Працягнула руку без пярсьценяў,
не такую, як ў другіх жанчын,
на маёй, мест дарагіх каменьняў,
быў мазоль, чырвоны, як рубін.
І таму у бесканечным горы,
праз тугі прабіўшыся агонь,
маё сэрца з вамі так гавора,
быццам вы зрадзіліся зь яго.
У зацішшы любых нам сялібаў
разам мы сядзелі за сталом,
жытні хлеб, парэзаны на скібы,
запівалі цёплым малаком.
Разам мы надзею гадавалі –
для пакутнай Маці сьветлы дзень,
разам путы Беларусі рвалі,
разам сталі пад нажы цярпень.
І таму, о рыцары Пагоні,
я аб вас, зьняволеных, пяю,
сваё сэрца ў мужныя далоні
вам адным сягоньня аддаю.
Колькі б гора ні было прад намі,
колькі б цяжкіх ні было дарог,
пройдзем імі, калі будзе з намі
еднасьць, згода і вялікі Бог.
Гэта мы на славу пакаленьням
у праменнай сонечнай красе,
ў ланцугах цераз усе цярпеньні
нашу волю горда пранясем.
Я сустрэлася зь сябрамі не на балі,
разам йшлі да найсьвяцейшых мэт,
адным болем волю здабывалі
рыцары і верны іх паэт.