Суд палічыў, што досьледы камлёвых клетак амаральныя

Фэдэральны суд ЗША сёньня ўвёў часовую забарону на дзяржаўнае фінансаваньне вывучэньня камлёвых клетак эмбрыёнаў чалавека. Гэта рашэньне стала адказам на ініцыятыву прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, які летась сваім указам зьняў абмежаваньні на навуковыя дасьледаваньні ў гэтай галіне. Суд разглядаў пытаньне, ці можна лічыць, што ў ходзе дасьледаваньняў з камлёвымі клеткамі зьнішчаецца чалавечы эмбрыён і прыйшоў да высновы, што так.

Прыхільнікі рашэньня амэрыканскага прэзыдэнта аргумэнтавалі сваю пазыцыю тым, што для досьледаў браліся толькі клеткі, створаныя шляхам штучнага апладненьня. Рашэньне суду агаломшыла многіх дасьледчыкаў. Спэцыялісты лічаць, што досьледы камлёвых клетак дапамогуць з часам дабіцца прарыву ў змаганьні з цэлым шэрагам самых цяжкіх хваробаў.