Лідэры апазыцыі падпісалі заяву аб каардынацыі супольнай дзейнасьці

Прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных дэмакратычных палітычных партый і рухаў падпісалі заяву аб каардынацыі супольнай дзейнасьці падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Пагадненьне ўтрымлівае шэсьць пунктаў, якія абумоўліваюць супольныя дзеяньні, у тым ліку працу з насельніцтвам і перамовы з прадстаўнікамі ўлады, назіраньне за хадою галасаваньня на выбарчых участках, правядзеньне масавых акцый пратэсту ў выпадку фальшаваньня вынікаў выбараў.

Заяву падпісалі: лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Уладзімер Някляеў, лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Алена Яськова ад Беларускай партыі жанчын "Надзея", Мікола Статкевіч ад імя Эўрапейскай кааліцыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), Маладога Фронту, Партыі “Свабода і справядлівасьць”, руху салідарнасьці "Разам".

Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч падпісаў заяву толькі паводле двух яе пунктаў. Лідэр Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў падпісаць заяву адмовіўся цалкам на знак пратэсту супраць распаўсюджанага партыяй БНФ "Маніфэсту аб абароне нацыянальных інтарэсаў".