Янукевіч: "Саньнікаў выдаў сябе з галавой"

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў разам з кіраўніком Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам прэзэнтавалі "Маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў". Андрэй Саньнікаў назваў гэты дакумэнт "недарэчным".

Паводле Рыгора Кастусёва, Партыя БНФ, усьведамляючы адной з асноўных каштоўнасьцяў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, лічыць непрымальным для сябе ўдзел у выбарчай кампаніі паводле крамлёўскіх сцэнароў, "бо яны маюць на мэце захаваньне і замацаваньне кліенцкай залежнасьці Беларусі ад РФ, утворанай цяперашнім рэжымам, і не прывядуць да рэальнай дэмакратызацыі краіны". Тэкст Маніфэсту тут.

Рыгор Кастусёў накіраваў "Маніфэст" да ўсіх заяўленых кандыдатаў у прэзыдэнты апроч Сяргея Гайдукевіча, які ўжо агучыў сваё станоўчае стаўленьне да Масквы.

"Зварот стане лякмусавай паперкай, якая пакажа, як патэнцыйныя кандыдаты ставяцца да будучых выбараў, і як яны ставяцца да Расеі", — падкрэсьліў кандыдат ад Партыі БНФ.

Адным зь першых на зьяўленьне "Маніфэсту" адрэагаваў лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў. Ён назваў Маніфэст "недарэчным" і заявіў, што "ніводзін разважны палітык Беларусі яго не падпіша" . "Нядаўняя наша гісторыя вучыць, і давайце шчыра пра гэта казаць, што зьмены ў Беларусі адбываліся пасьля імпульсаў з Масквы. Гарбачоўская перабудова прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці, а ельцынскія рэформы дазволілі гэтую незалежнасьць увасобіць у жыцьцё. Што дрэннага ў тым, што сёньня менавіта Масква зноў прыцягвае ўвагу да расьсьледаваньня спраў зьніклых, гаворыць пра карумпаванасьць дыктатара Лукашэнкі і яго атачэньня?" — лічыць Саньнікаў

Навошта кіраўніцтва БНФ прыняло "Маніфэст" і якія галоўныя мэты гэтага кроку?

На гэтае пытаньне адказвае Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч: "У нас былі 2 асноўныя мэты. Першая, галоўная — гэта аб'яднаньне ўсіх прабеларускіх, усіх палітычных суб'ектаў, якія стаяць на абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў. І другая мэта — зрабіць пэўнае выпрабаваньне, каб гэты маніфэст выступіў лякмусавай паперкай, ці ўсе беларускія палітыкі гатовыя гуляць паводле беларускіх сцэнароў, ці нехта не гатовы, і разьлічвае на нейкі крамлёўскі сцэнар".
Калі спадар Саньнікаў не гатовы падпісацца за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры, за вывад расейскіх базаў з Беларусі, за недапушчэньне карупцыйнай прыватызацыі — то якіх пераменаў ён хоча?


Цыганкоў: На ваш Маніфэст ужо адрэагаваў Андрэй Саньнікаў, які назваў яго недарэчным..

Янукевіч: Сапраўды, лякмусавая паперка пачала працаваць, прычым нават хутчэй, чым мы разьлічвалі. Нечакана, што спадар Саньнікаў так хутка прыняў на свой рахунак тыя перасьцярогі ад удзелу ў крамлёўскіх сцэнарах, што ўтрымліваюцца ў нашым маніфэсьце. Тут ён выдаў сябе з галавой.

Ягоная тэза пра тое, што дэмакратычныя імпульсы да нас заўсёды ішлі з Масквы — яна цалкам не адпавядае рэчаіснасьці. Няхай ён запытае грузінаў ці ўкраінцаў, якія імпульсы з Масквы дайшлі да іх апошнім часам.

А калі спадар Саньнікаў не гатовы падпісацца за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры, за вывад расейскіх базаў з Беларусі, за недапушчэньне карупцыйнай прыватызацыі (пра ўсё гэта сказана ў Маніфэсьце) — то якіх пераменаў ён хоча?! Ці ён хоча, каб Беларусь сталася Абхазіяй? Высновы, якія робіць Саньнікаў (калі БНФ супраць Крамля, то БНФ супраць пераменаў), сьведчаць, што спадар Саньнікаў ня бачыць іншага сцэнару пераменаў у Беларусі, апроч крамлёўскага.

Цыганкоў: Многія апошнім часам абвінавачваюць БНФ, што Фронт больш змагаецца зь нейкім мітычным прамаскоўскім кандыдатам, а не з Аляксандрам Лукашэнкам…

Янукевіч: Мы яшчэ паўгода таму заявілі, што БНФ у гэтай выбарчай кампаніі давядзецца змагацца на два франты: і з Лукашэнкам, і з уплывам Крамля, які мы лічым толькі шкодным. Сваім Маніфэстам мы пацьвярджаем, што абыякія перамены, проста зьмена прозьвішча дыктатара, нас не задавальняюць. Мы хочам сапраўдных, дэмакратычных, беларускіх пераменаў. Таму мы змагаемся на два фронты.