Ларыса Геніюш і сталіназаўры

9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Сустрэча са сталіназаўрам. Здымак з архіва паэткі

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што біялягічны від, які лічыцца вымерлым, пры спрыяльных і нязьменных на працягу тысячагодзьдзяў умовах (прыкладам, у акіянскіх глыбінях) можа існаваць даволі працяглы час. Хай сабе і ў межах нешматлікай папуляцыі.

Нешта падобнае назіраецца і ў Рэспубліцы Беларусь, дзе рудымэнты савецкасьці трывала ўвайшлі ў жыцьцё цэлых пакаленьняў. Здавалася б, за апошнія дваццаць гадоў чаго толькі ні адбылося на адной шостай зямной цьвердзі! Зьнікла кіроўная і адзінаправільная партыя, распалася велізарная імпэрыя, БССР перайменавалася ў РБ, якая займела ўсе атрыбуты дзяржаўнасьці.

Але – па вялікім рахунку – нічога не зьмянілася, і час нібы закансэрваваўся на вуліцах Савецкіх па ўсёй Беларусі (а наяўнасьць такой вуліцы ў кожным абласным ці раённым цэнтры – абавязковая). Сучасны беларускі чыноўнік мысьліць і дзейнічае па-савецку.

"Дваццаць пяць гадоў за абы што ў Савецкім Саюзе не давалі", – заявіў мне адзін такі мастадонт ад ідэалёгіі, калі я нагадаў яму пра блізкае стагодзьдзе Ларысы Геніюш. Прызнацца, мне і дых заняло. Перада мною сядзеў не замшэлы гэбіст-адстаўнік, а мой равесьнік, які, трэба думаць, і Салжаніцына чытаў, і пра маштабы рэпрэсіяў у Беларусі ўяўленьне меў. На такіх дзеячоў Ларыса Геніюш за сваё жыцьцё наглядзелася і нават радкі ім прысьвяціла:

Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень,
А мёртвыя выйшлі па ляўры.
І толькі ад праўды схаваліся ў цень
Апошнія сталіназаўры.

27 ліпеня 2010 году сталіназаўры выйшлі зь ценю ў Ваўкавыску і сарвалі памятную шыльду зь перавезенай са Жлобаўцаў роднай хаты паэткі.

4 жніўня таго ж году сталіназаўры выпаўзьлі зь ценю ў Зэльве і, парушаючы закон аб прыватнай уласнасьці, зьнялі шыльду з барэльефам Ларысы Геніюш зь яе зэльвенскай хаты.

Сталіназаўры, што знайшлі сабе ўтульныя пячоры ў Міністэрстве адукацыі, выкінулі "Споведзь" Ларысы Геніюш са школьнай праграмы па літаратуры.

Сталіназаўры ў судзейскіх мантыях працягваюць лічыць Ларысу Геніюш злачынцам, адмаўляючы ёй у рэабілітацыі.

Усе яны саманадзейна лічаць сябе пераможцамі ў гэтым зацятым змаганьні з паэткай. Але Ларысу Геніюш перамагчы немагчыма. З гледзішча вечнасьці перамога належыць ёй. І як жа памыляецца галоўны беларускі сталіназаўр, калі самаўпэўнена заяўляе з экрану БТ, што ён, ці бачыце, "разабраўся з Геніюш". Ларыса Геніюш пераможа і яго. Не дапаможа і дасье, сфабрыкаванае на паэтку службістамі Цанавы і схаванае за сямю замкамі ў іхнім сумнавядомым ведамстве.

Увогуле, усе сталіназаўры павінны ведаць: вайна зь пісьменьнікамі, зь літаратурай бессэнсоўная. Ваяваць зь літаратурай – як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткай, хто з рагацінай. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. З усёй пароды выкапнёвых сталіназаўры аказаліся самымі жывучымі. Але і яны вымруць.

"Калі ў бой на змаганьне з царамі…"
Калі ў бой, на змаганьне з царамі
йшоў адчайна славуты Кастусь,
мала вёснаў ён меў за плячамі,
а у сэрцы – адну Беларусь.
Меў яшчэ свой адвечны, сярмяжны
прагны шчасьця працоўны народ,
яму волі хацеў недасяжнай –
нагароды з усіх нагарод.
Боль і путы, чужацкая цемра,
чужы лад, чужы зьдзек, чужы пан,
толькі ў сэрцы, бы вогнішча, вера
ў справядлівасьць народных змагань.
Толькі сіла у Яські з-пад Вільні
палымяных, адвостраных слоў
ды пад шэраю сьвіткаю крыльлі
і размах, бы вясною ў арлоў.
Хацеў волі, народнае волі,
не раздумваць, ня ныць, а гарэць.
За сабою меў зьдзекі нядолі,
прад сабою – свабоду ці сьмерць.
О, свабода! Твой подых – як вёсны,
ўваскрашаеш з адчаю, з тугі,
падымаеш сялянскія косы
і куеш змагара са слугі,
крышыш праўдаю, ў прах разьбіваеш
паднявольля ярмо на гарбе.
О, свабода! Той не памірае,
хто загіне ў баі за цябе.
Ён жывучым памостам кладзецца
праз багно паднявольных пакут,
перамогай запальвае сэрцы,
на змагарны выводзіць іх грунт.
Не, ня шляхціц, а роўны з усімі
адыходзіў сурова ад нас,
пакідаючы прыклад і імя,
і змагарны арліны наказ
быць сынамі Айчыны, народа,
каб нам сэрцаў зламаць не змаглі,
бараніць для нашчадкаў свабоду
й пядзю кожную роднай зямлі.