Лукашэнку ў Ерэване за свайго прыняў толькі былы прэзыдэнт Армэніі

У сталіцы Армэніі завяршыўся двухдзённы нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Кіраўнікі шасьці краінаў СНД вырашылі, што да сьнежня трэба выпрацаваць прапановы на зьмену статутных дакумэнтаў з тым, каб пашырыць паўнамоцтвы АДКБ дзеля большага ўплыву на крызісныя сытуацыі ў межах краінаў-сябраў арганізацыі. За прыклад неэфэктыўнага ўзаемадзеяньня былі названыя падзеі ў Кіргізстане, якія пры староньнім бязьдзеяньні прывялі да шматлікіх чалавечых ахвяраў.

Сёньня вышэйшыя асобы працягнулі кантактаваньне на Севане -- буйнейшым прэснаводным возеры Каўказу.

У сьнежні старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Узначаліць арганізацыю Аляксандар Лукашэнка мусіў яшчэ год таму, аднак з-за тагачаснага беларуска-расейскага малочнага канфлікту ўчыніў дэмарш і на маскоўскі саміт не паехаў. На выніковай прэс-канфэрэнцыі расейскі лідэр Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што цяпер кіраўнік Беларусі выказаў гатоўнасьць прыняць такую місію. Фактычна гэта было адзінае публічнае згадваньне пра Беларусь, мяркуючы па чым, ня вельмі ўпісаўся Лукашэнка і ў фармат ерэванскай сустрэчы. Нават афіцыйныя беларускія СМІ ніводнага разу не працытавалі кіраўніка Беларусі, а праграмы навінаў абмежаваліся толькі выказваньнямі гаспадара мерапрыемства, прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна:

"Мы пацьвердзілі, што будзем прытрымлівацца абяцаньняў, дадзеных на нашай травеньскай сустрэчы, і дамовіліся працягваць кансультацыі па мерах стабілізацыі сытуацыі ў Кіргізстане. У больш агульным пляне мы гаварылі аб неабходнасьці фармаваньня эфэктыўных мэханізмаў крызіснага рэагаваньня ў АДКБ".

Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Ерэван самы першы з запрошаных, аднак меў толькі кароткую сустрэчу ля трапу самалёту з Сержам Саргсянам, а наступныя два дні разам з сынамі Віктарам і Мікалаем правёў у кампаніі з экс-прэзыдэнтам Армэніі Робэртам Качаранам. Менавіта на яго асобныя аналітыкі ўскладалі місію міратворцы, якая, праўда, так і засталася гіпатэтычнай.

Прынамсі, пра двухбаковыя перамовы Лукашэнкі з калегамі нічога не паведамляецца, таму, праўдападобна, ніяк ня спраўдзіліся спадзяваньні на замірэньне зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Зрэшты, некаторыя расейскія экспэрты наўпрост сьцьвярджалі, што ў Ерэване Лукашэнка мусіць зьмірыцца з ролю "ізгоя": той жа Мядзьведзеў наўпрост абвінаваціў беларускага лідэра ў непасьлядоўнасьці з абяцаньнем прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, а кіраўніца Кіргізстану Роза Атунбаева некалькі месяцаў дамагаецца ад Беларусі выдачы зрынутага Курманбека Бакіева.

Да таго ж, адразу пасьля заканчэньня ў чэрвені беларуска-расейскага газавага канфлікту расейскія СМІ распачалі масіраваную інфармацыйную атаку супраць Лукашэнкі, які "паразытуе на Расеі" і пры гэтым намагаецца яе ўвесь час падмануць. Тэлеканал НТВ нават асьмеліўся паставіць мэдычны дыягназ кіраўніку Беларусі, што ў адносінах паміж намінальнымі саюзьнікамі -- факт беспрэцэдэнты.

Аўтарка атылукашэнкаўскага сэрыялу "Эвангельле ад лукавага" у расейскай "Новой газете" Ірына Халіп кажа, што Лукашэнку зараз складана "адмыцца" ня толькі ў вачах палітычнай эліты, але і перад жыхарамі постсавецкіх краін, многія зь якіх дагэтуль на яго маліліся:

Ірына Халіп
"Я лічу, што з улікам палітычнай пэрспэктывы кампанія на выкрыцьцё сутнасьці Лукашэнкі будзе працягнутая. І няхай працягваюць казаць праўду! Няхай сапраўды ўмоўны дзядзька Сьцёпа з Тамбоўскай губэрні пачытае, паглядзіць не аднаго толькі "Хроснага Бацьку", а шмат чаго іншага. І тады, магчыма, ён штосьці зразумее. Ну а калі не, дык яму і ня трэба нічога спрабаваць тлумачыць".

Застаючыся ўдзельнікам шматлікіх арганізацый у межах СНД, афіцыйны Менск, тым ня менш, знаходзіць усё меней паразуменьня з партнэрамі. Так званая саюзная дзяржава Беларусі і Расеі пераўтвораная ў простую фармальнасьць, ставіцца пад сумнеў удзел у Мытным саюзе, няма асаблівых дывідэндаў ад Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Нічым сябе Беларусь пакуль не выяўляе і ў АДКБ.

Палітоляг Вячаслаў Оргіш кажа, што ў такой сытуацыі кіраўніцтву краіны нічога не застаецца, як увесь час шукаць новых саюзьнікаў:

Вячаслаў Оргіш
"Відавочна, што сёньня Беларусь мяняе свой вэктар. Ва ўсялякім разе, яна яго істотна карэктуе. Калі раней існаваў так бы мовіць дыхатамічны падзел – Усход-Захад – то сёньня, канечне, гэты дваісты падзел выводзіцца з абароту. А на яго месца заступае схема зьнешняй палітыкі, на самой справе заснаваная на шматвэктарнасьці. І ў гэтай шматвэктарнасьці, на мой погляд, вызначаюцца пэўныя прыярытэты. Адным зь іх ёсьць супрацоўніцтва з краінамі на захадзе і поўдні Эўропы".

Сёньня ўдзельнікі ерэванскага саміту АДКБ працягвалі нефармальнае кантактаваньне на прыродзе – на беразе возера Севан. Аднак журналісты да вышэйшых асобаў дапушчаныя не былі, таму магчымыя спробы Аляксандра Лукашэнкі палагодзіцца зь некаторымі калегамі засталіся за кадрам.