Братэрства, запэцканае нафтай

За першае паўгодзьдзе Беларусь амаль на палову скараціла імпарт нафты з Расеі — на 49,8% у гадавым вымярэньні. Такія афіцыйныя лічбы агучаныя Нацыянальным статыстычным камітэтам. Напачатку году, пасьля працяглай спрэчкі, Масква і Менск падпісалі дамову, паводле якой Расея пацьвердзіла ўвядзеньне мыты на большую частку нафты для Беларусі. У выніку беларускі ўрад заявіў, што Расея парушае ранейшыя пагадненьні, і Беларусь будзе вымушаная істотна зьнізіць аб'ёмы закупаў і пераарыентавацца на вэнэсуэльскую сыравіну. Паралельна Міністэрства юстыцыі Беларусі зьвярнулася з пазовам супраць ураду Расеі ў Эканамічны суд СНД.

Паводле статыстычнага ведамства, у першым паўгодзьдзі Беларусь скараціла імпарт нафты з Расеі да 6,5 мільёна тон. Фактычна гэта аб'ём, які ў адпаведнасьці зь беларуска-расейскімі пагадненьнямі Беларусь атрымлівае бязмытна.

Каб кампэнсаваць скарачэньне імпарту з Расеі, ад траўня Беларусь выпрабоўвае разнастайныя схемы нафтавых паставак з Вэнэсуэлы. Большая частка танкераў прыбывае ва ўкраінскія парты, адзін разгрузіўся ў Эстоніі, а самы апошні быў скіраваны ў літоўскую Клайпеду, адкуль чыгункай нафта накіруецца на наваполацкі "Нафтан". Аб'ём пробнай партыі, як і ў папярэдніх выпадках, складае каля 80 тысяч тон. Усяго, паводле літоўскага боку, разглядаецца магчымасьць транспартаваньня 2 мільёнаў тон вэнэсуэльскай нафты.

Варта сказаць, што нафтавы гандаль з Вэнэсуэлай ахутаны таямніцай. Дагэтуль афіцыйна не сказана, па якім кошце Беларусь набывае сыравіну за акіянам. Поўнае маўчаньне з гэтай нагоды на прэс-канфэрэнцыі захоўваў і амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес. Толькі са спасылкай на ўрадавыя крыніцы мэдыі сьцьвярджаюць, што кошт на выхадзе - больш за 600 даляраў за тону. Тады як кошт расейскай нафты, якая пасьля ўвядзеньня мыты вырасла на 37%, не дацягвае і да 400 даляраў.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех перакананы, што таннай нафты з Вэнэсуэлы ня можа быць у прынцыпе. Таму да месца казаць толькі пра асабістую зацікаўленасьць тых, хто лабіруе гэты праект:

Алесь Мех
"Па вялікім рахунку, вэнэсуэльская нафта — гэта цяжкая нафта. Гэта зьвязана з тым, што там шмат серы і серавадароду. І пад такую нафту трэба фактычна будаваць асобны завод. Таму тут ня ўсё так проста, бо гэта цэлы тэхналягічны працэс. Але ж я перакананы, што ніякай эканамічнай мэтазгоднасьці ў дадзеным выпадку шукаць не выпадае. Калі гэты праект і будзе разьвівацца, то будуць улічвацца выключна інтарэсы Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі, больш нічые. Тут ня ўлічваюцца ні інтарэсы вэнэсуэльцаў, ні інтарэсы беларусаў".

Рэзкая пераарыентацыя на Вэнэсуэлу прывяла да таго, што Беларусь істотна зьменшыла вытворчасьць уласных нафтапрадуктаў, скараціўшы іх экспарт на 40%. Пры канцы чэрвеня несуцяшальныя тэндэнцыі прызнаў і першы віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка: маўляў, пасьля таго, як Расея ўвяла 100-працэнтную экспартную пошліну для Беларусі, нафтаперапрацоўчыя магутнасьці краіны зьнізілі загрузку да 70%.

Як лічыць эканаміст Станіслаў Гусак, Беларусь атрымлівае лягічныя вынікі сваёй непрадуманай эканамічнай палітыкі. На яго думку, ідэя дывэрсыфікацыі сыравінных паставак нарадзілася занадта позна, таму хутка і цалкам закрыць расейскі кірунак не атрымаецца фізычна. Але намагацца пазбавіцца залежнасьці ад усходняга суседа ўсё ж трэба:

Станіслаў Гусак
"Каб не было такой залежнасьці, нам трэба будаваць свае Балта-Чарнаморскія нафтавыя калектары, трэба будаваць свае тэрміналы для звадкаванага газу. Адным словам, трэба мець свае тэрміналы па дастаўцы нафты і газу, і тады ўсё будзе нармалёва, тады мы будзем незалежнымі. Гэта аснова, мы пра гэта гаварылі ў БНФ яшчэ 20 гадоў таму. Дарэчы, мы ня толькі выказвалі нейкія палітычныя думкі, а ўсё было канцэптуальна: былі распрацаваныя праекты інжынэрных транснацыянальных кампаній, якія павінны былі пытаньне зьняць на гэтай тэрыторыі. Фактычна гэта тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага — калі заглыбляцца ў гісторыю. Я так думаю, што ўвогуле не выпадкова такая дзяржава існавала, паколькі пад гэтым ёсьць глеба ня толькі палітычная, але і эканамічная. Думаю, што гэта было правільна, і зараз трэба думаць пра такі эканамічны саюз".

У сакавіку Міністэрства юстыцыі Беларусі зьвярнулася ў Эканамічны суд СНД з пазовам аб неправамоцнасьці экспартных пошлінаў на нафтапрадукты і сыравіну, якія пастаўляюцца з Расеі. Разгляд справы пасьля некалькіх адтэрміновак прызначаны на верасень, а дагэтуль суд адхіліў шэраг хадайніцтваў Менску. У прыватнасьці, беларускі бок дамагаўся, каб была ўведзеная забарона на спагнаньне мыты да вырашэньня спрэчнай сытуацыі.



Да 2009 году Беларусь набывала расейскую нафту, плацячы траціну ад памеру экспартнага мыта. Такога кшталту льготныя пастаўкі дазвалялі беларускім нафтапрадуктам быць канкурэнтаздольнымі на зьнешніх рынках. Аднак сёлета Расея кардынальна зьмяніла ўмовы, патрабуючы выплаты мыта ў поўным памеры. Бязмытна Масква пагадзілася пастаўляць 6,3 мільёна тон нафты для ўнутраных патрэбаў краіны. Беларусь ацаніла страты ад такога кроку ў 2 мільярды даляраў.