Гісторыя аднаго цуду: Яўген Валасевіч

Яўген Валасевіч. Здымак Арцёма Канцавога.

Як вядома, моладзь заўсёды горшая за пакаленьне сваіх бацькоў, што аднак ніколі не пацьвярджаецца ў гістарычнай пэрспэктыве. Моладзь настолькі ж горшая, наколькі й лепшая. Хоць у цэлым яна такая самая.



Калі сябры Беларускай Майстроўні згадваюць сваю маладосьць трыццаць гадоў таму, яны таксама параўноўваюць сябе колішніх з пакаленьнем уласных дзяцей. Калі яны разважаюць, чым была Майстроўня – першае нефармальнае аб’яднаньне моладзі, яны задумляюцца, чаму такія аб’яднаньні не нараджаюцца сёньня? Ці то моладзь сапраўды іншая, ці час неспрыяльны, ці зоркі на небе леглі ня тым парадкам. Ізноў быццам шмат прычын, а нейкай адной зразумелай няма.

Дызайнэр і будаўнік Яўген Валасевіч лічыць, што самае галоўнае для моладзі – асяродзьдзе, а ў цяперашніх юнакоў яго значна менш, чым было ў нашы часы.



КАМПУТАР І АСЯРОДЗЬДЗЕ


Яўген: “Я думаю, што асяродзьдзе – гэта аснова. Кампутар – гэта машына для пажыраньня мазгоў. А ў іх усё жыцьцё праз кампутар ідзе. І зь сябрамі, са знаёмымі, з вучобай. Я ня ведаю, па-мойму, там усё. Скайп замяняе жыцьцё. А можа, нам гэта здаецца проста...”

Дубавец: Сам Яўген пры кампутары працуе зрэдку, ня мае на тое часу і патрэбы. А калі надараецца, дык менавіта працуе.

Яўген: “У мяне такая праца будаўнічая. Я праектую і будую дамы. З дызайнам, ляндшафтам і ўсім астатнім. Прыходзіцца многа езьдзіць. Аўтарскі нагляд, карэкціроўкі нейкія... Спачатку мы займаліся крыху рэстаўрацыяй, там будаўнічыя работы пайшлі нейкія, архітэктурныя, усё адно за адно... і ўсё прыйшло да будаўніцтва і архітэктуры, хоць я не архітэктар.

У мяне ёсьць асобныя дні, калі я не выяжджаю на будоўлі, а сяджу за кампутарам. Раблю праекты. Узімку асабліва. А так, калі ўдзень праяжджаеш трыста-чатырыста кілямэтраў, за кампутар ужо цяжка сядаць”.

Дубавец: Яўген Валасевіч увесь час у руху, даводзіцца самому рабіць таксама і цяжкую работу. Але яна мусіць быць цікавай, каб аб’ядноўвала і бізнэс і творчасьць.

Яўген: “Усё разам. Будаваць нецікавыя аб’екты я ня буду”.

Дубавец: Свайго 14-гадовага сына Яўген называе піянэрам. А завуць меншага Валасевіча Адамам. І пакуль што ягоны жыцьцёвы шлях ідзе той самай сьцяжынай, па якой некалі ішоў бацька. Як і бацька, Адам -- “парнатавец”, вучань школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве. Розьніца ў тым, што ўлетку Яўген, сам мянчук, адпраўляе сына на вёску.

Яўген: “На вёску, як заняткі скончыліся. Там няма кампутараў. Там ёсьць мапэды, матацыклы, равары. Целіка таксама там няма. І там натоўп такіх самых дзяцей. Вось там нармальна. Падалей ад горада і кампутарных мазгоў”.

Дубавец: Інакш кажучы, на вёсцы, якую больш дакладна цяпер будзе называць загарадным домам ці летнікам, малодшы Валасевіч знаходзіць сваё асяродзьдзе, бо Валасевіч-старэйшы лічыць асяродзьдзе самым важным у юнацтве. Напэўна ж таму, што часта згадвае сваё.

АД “ПАРНАТУ” ДА МАЙСТРОЎНІ


У Майстроўню трыццаць гадоў таму Яўген прыйшоў акурат адтуль – з “парнату”, разам з Гэнікам Лойкам, якога звалі Зюня, Андрэем Радзівонавым ды іншымі аднаклясьнікамі.

Майстроўня, 1981 год. Яўген у першым шэрагу зьлева.

Яўген: “Мы прыйшлі разам – Зюня, я, Радзівон, Медзьвядзёў Янка, адна кляса. Амаль усе былі спачатку разам, пасьля ўжо паразьбягаліся ў розныя бакі.

Мяне тата і мама ў “парнат” здалі, што называецца. У камандзіроўкі часта езьдзілі, не было куды падзець, здалі ў “парнат” (сьмяецца). Маці працавала ў Міністэрстве адукацыі, таму ўвесь час даглядала за раённымі школамі, увесь час езьдзіла, таму мяне здалі ў “парнат”.

Дубавец: Яўген, натуральна, ня кажа, што “здалі” б туды ня кожнага. “Парнат” быў ня проста школай-інтэрнатам, туды бралі адораных дзяцей. З “парнату” Яўген выйшаў ня толькі мастаком, але й беларускамоўным чалавекам.

Яўген: “Гэта са школы, з “парнату”. Ад Сакалова-Кубая ўсё пайшло. Ён выкладаў у нас. Гістарычную спачатку частку, а пасьля моўную. І ўсё, уся гэтая кагорта і дайшла да Майстроўні. Яна была падрыхтаваная.

Там быў замкнёны калектыў. Клясаў то было многа, а гэтае кола было адно практычна, а з астатніх клясаў ніхто не пайшоў. Так што тут склалася шмат розных накірункаў, каб гэта ўсё ў адно сышлося. Усё рознае, але ўсё адно сплылося і на адной клясе. Таму што з астатніх клясаў былі людзі асобныя, але ў іх не атрымалася калектыву”.

САМО САБОЙ


Дубавец: Можа быць, калі-небудзь мне і ўдасца разгадаць гэтую загадку – чаму ўсё сплылося менавіта ў гэтай клясе, а не ў якой іншай ці не ва ўсіх адразу. Неяк я ўжо прыгадваў свой курс на факультэце журналістыкі, дзе вучыліся вядомыя паэты, грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі. Буду палову курсу пералічваць, і вы скажаце, што гэтыя імёны вам знаёмыя. Але гэта быў унікальны курс пасярод іншых. Гэтаксама, як унікальнай была тая парнатаўская кляса, у якой вучыўся Валасевіч. Па-сутнасьці, яны й сустрэліся і аб’ядналіся ў Майстроўні, але не ў “парнаце” і не на факультэце журналістыкі, а на філфаку, дзе была ўжо свая група студэнтаў, гатовых да аб’яднаньня, і дзе вучыўся Вінцук Вячорка, які стане фактычным кіраўніком Майстроўні і ўсяго будучага маладзёвага руху.

Каляды ў Заслаўі, 1982 год. Сьпяваюць Аляксей Марачкін і Яўген Валасевіч.
З гледзішча лёгікі, прычын і наступстваў тое, пра што я зараз распавёў, было ланцужком абсалютных выпадковасьцяў. Калі вядома, нічога ні да чаго не падцягваць за вушы. Усё сталася само. Сама ўзьнікла Майстроўня.

Валасевіч: “Сябры мае ўсе з Майстроўні. Зь сябрамі зьбіраемся, успамінаем, песьні сьпяваем. У кола маіх сяброў уваходзяць Істомін і Міклашэвіч. Шупа прапаў недзе, а астатнія тут, і аднаклясьнікі таксама тут”.

Дубавец: Уявіць сабе, што ў ягоным жыцьці не было Майстроўні, Яўген Валасевіч ня можа.

Валасевіч: “Не магу, усё было б ня так”.

Дубавец: Сапраўды, нават мэханічна -- ці сталі б на ўсё жыцьцё сябрамі дызайнэра Валасевіча яго найлепшыя сябры фізык Міклашэвіч і лінгвіст Істомін? І ці зьбіраліся б яны разам і ці сьпявалі б адныя, трыццаць гадоў таму засвоеныя песьні?

Валасевіч: “Акрамя Майстроўні, у мяне былі яшчэ нейкія свае розныя зацікаўленасьці. Але Майстроўня, відаць, гэта асноўнае калектыўнае мерапрыемства маладосьці. Таму што я быў чалавек актыўны, я займаўся і турызмам і спортам. Але Майстроўняй найбольш. Непараўнальна. Гэта ж асяроддзе, у якім ты жывеш”.
Праводзіны зімы ў Менску, 1983 год. Сьпяваюць Яўген Валасевіч і Пётра Садоўскі.

МЭДАЛЬНАЯ КАЛЕКЦЫЯ


Дубавец: У Майстроўні Яўген быў унівэрсальным удзельнікам, бо рабіў кожную патрэбную справу – і калі выпраўляліся займацца зь дзецьмі, і калі ладзілі масавыя сьвяты, і калі сьпявалі.

Яўген: “Дык гэта ж аснова і была сьпеўная. Нейкія чатыры клясы музычнай адукацыі я меў, можа адтуль і ўдала крыху нешта атрымлівалася. Хаця голасу не было і няма”.

Дубавец: Але ня толькі гэта. Асабіста мне ня памятаецца аніводнага масавага сьвята з тых, што
Мэдаль на Гуканьне вясны 1983 году. Аўтар Яўген Валасевіч.
ладзіла Майстроўня, на якім не відаць было б Яўгена. Ён -- з тых маладых людзей, што складалі аблічча Майстроўні. Але й ня толькі гэта таксама.

Яўген першы пачаў да кожнага майстроўскага сьвята рабіць гліняныя мэдалі, якія пасьля раздаваліся і майстроўцам, і публіцы. Пазьней таксама рабіў мэдалі Алесь Костка. Калі-небудзь мы зьбярэм поўную калекцыю майстроўскіх мэдалёў, і атрымаецца нешта неверагоднае – пачаткі найноўшага беларускага руху, адлюстраваныя ў гліне. Прынамсі ўжо ў гэтай сэрыі перадач на сайце Радыё Свабода мы можам сабраць рэпрадукцыі мастацкіх вырабаў, якімі суправаджалася ўся дзейнасьць Майстроўні.

Але вось вам яшчэ адна выпадковасьць – тое, як Яўгену прыйшла ідэя рабіць майстроўскія мэдалі.

Майстроўскі калядны мэдаль, 1983 год. Аўтар Яўген Валасевіч.
Яўген: “Гэта проста была ідэя папрактыкавацца ў гліне. Я проста так зацікавіўся ўвогуле мэдалямі, а пад гэта пачаў і да сьвятаў рабіць. Я ў інстытуце гэтым займаўся. Хобі ў мяне было – з гліны ляпіць, хоць я і дызайнэр.

Мэдаль -- гэта памяць. Калі сьвята праходзіць, ва ўсіх застаецца нейкая частка. А пасьля... Вось зараз можна паглядзець і ўспомніць. Проста так – цяжка. А паглядзець на мэдалі -- можна ўспомніць, пад што яны рабіліся, і што было на гэтых сьвятах”.

Дубавец: Сапраўды, на кожным мэдалі, апроч малюнка, ёсьць назва сьвята і дата, калі яно праводзілася. Калі вы разглядаеце здымкі майстроўскіх сьвятаў, вы часьцяком заўважыце на грудзёх майстроўцаў гэтыя самыя мэдалі, кожнага разу іншыя.

Пачатак гэтай мэдальнай калекцыі здарыўся нібы “само сабой”. І гэтае “само сабою” ляжыць у падмурку ўсяго, што зьвязана з Майстроўняй. Туды і прыходзілі не з абавязку, а таму, што было цікава і падабалася. Ідэі сьвятаў ды ўсякіх іншых майстроўскіх імпрэзаў таксама нараджаліся ў галовах “само сабою”.

ВЫПАДКОВАЯ СУСТРЭЧА


Майстроўня ня мела членства і асаблівых межаў, таму зь некаторымі майстроўцамі можна пазнаёміцца проста на вуліцы Менску і сёньня, праз трыццаць гадоў. Так і адбылося падчас гутаркі, якую зь Яўгенам Валасевічам у гарадзкім парку запісвала Тацяна Сапач. Міма праходзілі людзі, і сярод іх Яўген раптам пазнаў кабету зь дзяўчынкай.

Яўген: “Вунь Алачка, мая аднакурсьніца. Хадзі, дамо інтэрвію. Алачка, слухай, гэта Радыё Свабода”.

Тацяна: “Добры дзень. Вы былі ў Майстроўні?”

Ала: “Былі. Калі ён сьпяваў”.

Тацяна: “А як ваша прозьвішча і імя?”

Ала: “Ала Савелічава. А гэта мой аднагрупнік. Я ведаю толькі сваіх сяброў, якія там сьпявалі, і песьні, якія там сьпявалі разам. Я была толькі тады ў Прафсаюзах. І нейкія песьні ёсьць яшчэ і зараз, запісаныя ў сшытку”.

Дубавец: Калі, шукаючы слова, якім можна было б апісаць нараджэньне Майстроўні, я кажу пра калядны цуд, многія ўглядаюць у гэтым патас і імкненьне ўзвысіць Майстроўню, яе ролю і месца ў гісторыі. Хоць, калі ўдумацца, усё наадварот. Цуд – таму што няма выразнага тлумачэньня таго, адкуль Майстроўня – такая раптоўная і ўнікальная -- узялася, з чаго нарадзілася. І мы будзем называць гэта цудам нараджэньня датуль, пакуль не сфармулюем паходжаньне гэтага фэномэну зразумелымі і “прыземленымі” словамі. Але пакуль мы гэтых словаў яшчэ не знайшлі.

Майстроўцы Вінцук Вячорка і Яўген Валасевіч развучваюць зь дзецьмі народныя гульні. Вязынка, 1982 год.

Яўген: “Я думаю, што цудам яна не была дакладна. Так адразу ня скажаш, чым бы яна магла быць. Ну, ня цуд. Я б не сказаў, што яна была не падрыхтаваная. Проста так усё гэта не магло зьліцца ў адно.

Гэта хутчэй такая крынічка, якая праз каменьчыкі прабілася-прабілася, а пасьля нешта мокрае можа й засталося на сёньняшні дзень, а крыніцы той ужо няма... Не, чаму там яно засталося? Яно ўсё з намі. Але зараз гэта ўжо іншае”.

Дубавец: Гэтак мы вяртаемся да параўнаньня часоў і пакаленьняў. Аказваецца, у тыя застойныя брэжнеўскія часы пачатку 1980-х умовы для ўзьнікненьня нефармальнага маладзёвага руху былі больш спрыяльныя, чым сёньня. Вобразна кажучы, калі тады стары цэмэнт раскрышваўся і развальваўся, дык сёньняшні новы цэмэнт вакол моладзі калі не зусім ужо схапіўся, дык вось-вось гэта адбудзецца.

КАМСАМОЛ БЕЗ ІДЭАЛЁГІІ


Яўген: “У нас моладзь увогуле пад пятой бээрэсэмаўцаў, якіх я зь лесьвіцы спускаю зрэдку. Бывае, калі на выбары прыходзяць агітаваць і не даюць зьвестак аб тым, што кандыдат бээрэсэмавец.

Машына душыць дзяржаўная. І той жа “парнат”, як бы ён ні лічыўся беларускамоўным, ён ужо далёка не беларускамоўны.

Тады, ва ўсякім разе, такой машыны, якая б задушвала, не было. Тут машына агульная – прэса, радыё, тэлевізар, кампутар – яна хутчэй выбівае гэта ўсё.

Тады больш страху было перад сыстэмай. А мала ці што. Каб не пабралі, не пасадзілі, тое не скажы, туды не пайдзі. Дома можна. І то таварыш маёр можа падслухаць (сьмяецца)”.

Дубавец: Спускаць бээрэсэмаўцаў зь лесьвіцы – своеасаблівая характарыстыка адносінаў да гэтай арганізацыі, як да зьвяркоў ці боўдзілаў з інтэлектам трохгадовага дзіцяці. На жаль, гэта не нацяжка Яўгена Валасевіча, бээрэсэмаўцы самі даюць падставы трактаваць сябе менавіта гэтак.

БРСМ – як колішні камсамол, толькі без ідэалёгіі ён ператвараецца ў дзіцячы сад. Характэрны абразок – нядаўняя бээрэсэмаўская акцыя супраць расейскага каналу НТВ, якая праходзіла пад транспарантам “НТВ воняет”. Крэатыў тут дакладна на ўзроўні трохгадовых. На дарослы розум трэба было б напісаць “сьмярдзіць” ці, калі ўжо па-расейску, – “смердит”. Не ўдаючыся ў сэнс і ацэнкі самой акцыі, а толькі дбаючы пра яе форму, завершаны вобраз, пратэстоўцы мусілі б зрабіць так. Але трохгадовае дзіцё ня скажа – “сьмярдзіць”, для яго гэта груба, гэта ня садаўская лексыка. У дзіцячым садку кажуць толькі так – “воняет”. Зразумела, што нашаму дзіцяці тры гады не ад роду, а па жыцьці. І больш ня будзе ніколі, пакуль у арганізацыі ня зьявіцца ідэалёгіі.

Яўген на Купальлі ў Заслаўі, 1981 год.
Зь іншага боку, можна толькі ўявіць сабе, як маладзёвая арганізацыя зь дзяржаўнай падтрымкай і нацыянальнай ідэалёгіяй можа хутка ператварыцца ва ўсеагульны эфэктыўны патрыятычны рух. Іншая рэч, што сёньняшняй дзяржаве ён такі: усеагульны, эфэктыўны і патрыятычны, -- непатрэбны, як непатрэбная ніякая іншая самастойная грамадзкая сіла, у якой дзяржава апрыёры бачыць канкурэнтку.

Затое найбольшую трывучасьць і крэатыўнасьць дэманструюць якраз аб’яднаньні моладзі, што стаяць на нацыянальнай ідэалёгіі, хоць і ня маюць ніякага спрыяньня з боку дзяржавы, хоць і выжываюць насуперак імкненьню дзяржавы прыдушыць іх. Так ёсьць і так было, пачынаючы з узьнікненьня першага такога аб’яднаньня – Беларускай Майстроўні, чые ўдзельнікі на ўсё жыцьцё захавалі вернасьць аднойчы адкрытым для сябе ідэалам.

У гэтым сэнсе патрыятычнай моладзі сёньня сапраўды цяжэй, чым было трыццаць гадоў таму. З чым пагаджаюцца і Яўген, і яго аднакурсьніца Ала Савелічава.

Савелічава: “Я ў каледжы мастацтваў працую. Ёсьць, усё ёсьць. Ёсьць моладзь”.

Яўген: “Яна, гэтая моладзь існуе. Проста, не хапае, можа быць, рэклямы. І падтрымкі дзяржаўнай. Чыста на самасьвядомасьці можна выехаць толькі ў вузкім коле. І гэтая моладзь -- гэта хутчэй даволі вузкае кола людзей, вельмі мне прыемных, але ня ўсе пра іх ведаюць. Моладзь зацягнуць да іх даволі цяжка. У яе свае нейкія інтарэсы на сёньняшні дзень. Ніхто ня ведае, якія (сьмяецца)”.

СЬВЯТА БЯЗ СПОНСАРА


Дубавец: Ніхто ня ведае, бо тое, што мы ведаем, афіцыйнай прапагандай падаецца ў перакручаным сьвятле, дабро мяшаецца са злом, і прападае яснасьць. Між тым, мала што зьмянілася ў гэтым сьвеце і ў моладзі, асабліва калі гэтая моладзь ідзе тым самым шляхам, што й бацькі. Вось, да прыкладу, сын Яўгена Валасевіча Адам, якога бацька называе піянэрам, вярнуўся з Купальля, што дало падставу Яўгену адшукаць мэтафару Майстроўні як -- сьвята бяз спонсара.

Яўген: “Піянэр мне сказаў адно – якое сьвята можа быць бяз спонсара? А ў Майстроўні спонсара не было. Гэта было сьвята бяз спонсара. А зараз бяз спонсара, бээрэсэма сьвята не бывае. Гэта сканчаецца толькі гарэлкай, паленьнем гумовых шын і ўсё”.

Купальле ў Вязынцы, 1982 год. Яўген Валасевіч і Вераніка Курцова (Надтачэева).

Дубавец: Ці можа сёньня, праз трыццаць гадоў Майстроўня зладзіць Купальле? Толькі ня так, каб гэта была праектная дзейнасьць са спонсарам, з аднаго боку, і з другога, каб гэта не нагадвала закрытую сэкту ці гурток нацыянальнай меншасьці, а так, як гэта было тады, напачатку 1980-х? Адкрыта, на людзі, захоплена?..

Яўген: “Можам. Чаму не? Мы самі зараз спонсары. Чаму мы ня можам арганізаваць? Усё можна.

Зараз, я думаю, арганізавацца ня так цяжка. Бо плынь таго, калі ва ўсіх расьлі маленькія дзеці, прайшла. І зараз людзі адносна больш вольныя. І самаарганізаванасьць у іх не прайшла, я думаю. І арганізаваць усё гэта можна. Раз тады маглі, дык і цяпер. Тады былі вольныя, і зараз больш-менш”.
Шарж на аўтара гэтых перадач, намаляваны Яўгенам Валасевічам падчас адной з майстроўскіх зборак, 1982 год.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

dubaviecs@gmail.com