Вянок памяці: Вячаслаў Дубінка

10 жніўня раптоўна памёр Вячаслаў Дубінка. Знанаму фотамастаку, пісьменьніку і народнаму майстру ішоў 69-ты год.

Ён нарадзіўся ў Слуцку. Вальналюбны дух гораду спрычыніўся да фармаваньня асобы няўрымсьлівай і неўтаймоўнай. Ужо пасьля сёмай клясы ён вырашыў паглядзець на мора і бяз грошай даехаў да Адэсы. Вандраваць ён будзе ўсё жыцьцё і пакладзе потым свае дарожныя ўражаньні ў аснову празаічных твораў. Гаворыць сябра Вячаслава Дубінкі, гісторык і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў:

"Ён напісаў шмат цікавых раманаў з добрым гумарам слуцкім. Быў аптымістам, чалавекам надзвычай бадзёрым, які не сумаваў ні ў якай сытуацыі. І таму, канечне, Беларусі будзе неставаць гэтага чалавека вельмі моцна".

Слуцкі гумар і сакавітая тамтэйшая гаворка засталіся ў кнігах "Паплач ля роднае крынічкі", "Ня плач, душа мая", "Ой, зялёны дубочак" (1983), "Браты сьвятой ночы" (1986), "Разьвітальная песьня" (1989) і ў шматлікіх апавяданьнях на старонках беларускай пэрыёдыкі.

Спадара Дубінку можна было сустрэць з фотаапаратам у руках на ўсіх акцыях дэмакратычнай грамадзкасьці. Пачынаючы ў 23 гады самавукам у "раёнках", ён хутка стаў адным з самых вядомых беларускіх фотамастакоў. Гэты бок ягонага таленту зблізіў яго з фотамастаком Георгіем Ліхтаровічам.

"У яго былі шчырыя дзіцячыя вочы, і ён гэтымі вачыма зьдзіўлена глядзеў на сьвет і прымушаў зьдзіўляцца гэтаму сьвету іншых. І вось зараз, калі ўзгадваю яго, то сьлёзы на вачах, але разам з тым і ўсьмешка на вуснах, бо яго без усьмешкі амаль немагчыма ўявіць. Ён быў і добрым фотамастаком, і тое, што ён рабіў з паліграфіяй — гэта таксама цуд. Ён фактычна ўласнымі рукамі рабіў тое, ад чаго адмаўляліся вялікія паліграфічныя прадпрыемствы".

Вынікам гэтай працы сталі фотаальбомы "Бабруйск", "Нясьвіж", "Магілёў", "Брэст" і багаты архіў, у якім амаль уся найноўшая гісторыя краіны. А яшчэ — тысячы арыгінальных самаробных штодзёньнікаў, візытовак, нататнікаў, паштовак, асновай аздобы якіх стала фактычна адроджанае ім народнае мастацтва выцінанкі. Неаднаразовы пераможца міжнародных конкурсаў пакінуў па сабе тысячы карцін, выразаных нажніцамі з паперы. Гэты бок ягонай багата адоранай натуры выявіўся ў фільмах рэжысэра-мультыплікатара Міхася Тумелі.

"Для мяне было сапраўднае адкрыцьцё — знаёмства са спадаром Вячаславам, бо я, пакуль не пачаў рабіць цыкл "Беларускія прымаўкі", амаль што ня ведаў пра выцінанку. І калі Валодзя Цэсьлер пазнаёміў мяне зь ім (ён зямляк Дубінкі), то ў мяне была мара, каб ён быў мастаком-пастаноўшчыкам на маіх выцінанкавых фільмах. І роля Дубінкі ў іх стварэньні была, на мой погляд, самая важная, бо ён натхняў. У нас у групе віселі амаль што ўвесь час яго працы. І гэта вялікая страта для беларускай культуры".

Разьвітаньне зь Вячаславам Дубінкам пройдзе ў Менску 12 жніўня ад 10-й да 12-й гадзіны ва ўправе БНФ, пасьля чаго ён будзе крэміраваны на Паўночных могілках.