Абаронца нявернай жонкі з Ірану папрасіў прытулку ў Нарвэгіі

Адвакат, які абараняў у Іране прысуджаную да сьмяротнага пакараньня жанчыну, і які на мінулым тыдні ўцёк у Турэччыну, заявіў сёньня, што папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі.

Паводле Махамада Мастафаэі, ён спадзяецца, што ўлады Ірану ў рэшце рэшт дазволяць яму вярнуцца. 31-гадовы адвакат пакінуў Іран, паколькі баяўся арышту.

Яго кліентка, Шакінэг Махамад Ашціані была прызнаная вінаватай у шлюбнай здрадзе і прыгавораная да сьмяротнага пакараньня ў выглядзе пабіваньня камянямі. Яе справа набыла міжнародны розгалас, і адвакат выказаў надзею, што ціск міжнароднай супольнасьці дазволіць яму вярнуцца да выкананьня сваіх абавязкаў.