Аднойчы ў сталічную «Кнігарню пісьменьніка» зайшоў саліст ансамбля «Песьняры» яшчэ мулявінскага складу Аляксандар Кацікаў. Са стосіка беларускіх кніжак ён выцягнуў паэтычны зборнік у мяккай зялёнай вокладцы пад назвай «Ад родных ніў». Імя аўтаркі сьпеваку і кампазытару нічога не гаварыла. Аляксандар разгарнуў кнігу, учытаўся ў адзін верш, у другі, і зразумеў, што зь ім адбываецца нешта незвычайнае. Чытаныя тэксты тут жа спалучаліся ў ягонай душы з мэлёдыямі, якія хацелася неадкладна запісаць, каб не забыцца…
Празь месяц былі напісаныя дзесяць песьняў на вершы Ларысы Геніюш. А яшчэ праз паўгода я атрымаў ад Аляксандра Кацікава густоўна аздоблены альбом пад назвай «Жывем», з вокладкі якога на мяне глядзела 17-цігадовая Ларыса Міклашэвічанка. Аляксандар ня толькі напісаў музыку да песьняў, ня толькі прасьпяваў большасьць зь іх, але і ўласнаручна набраў усе тэксты, знайшоў фундатараў, выступіў прадусарам усяго праекту. А яшчэ — напісаў прадмову да альбома, дзе, між іншага, гаварылася: «Ларысу Геніюш не зламалі ні сталінскія лягеры, ні гады вымушанай эміграцыі, ні забыцьцё, на якое асудзіла паэтку камуністычная ўлада».
Мы доўга сядзелі з Аляксандрам у сквэрыку за Белдзяржфілярмоніяй. Майго суразмоўцу цікавіла ўсё, зьвязанае з Ларысай Геніюш і легендарнымі «Песьнярамі». Што ведаў, я тады яму расказаў.
Пра тое, як паэтка купіла дэфіцытную па тым часе кружэлку «Песьняроў» і так захоплена напісала пра яе мужу ў санаторый Лётцы пад Віцебскам, што той не вытрымаў да канца тэрміну і прымчаўся ў Зэльву, каб слухаць разам.
Пра тое, як Ларыса Антонаўна езьдзіла ў Горадню — адмыслова на канцэрт «Песняроў». Як падаравала Ўладзімеру Мулявіну сваю кнігу «Невадам зь Нёмана», а наўзамен атрымала фатаздымак усяго ансамбля з аўтографам маэстра з пацешнымі памылкамі: «Ларісе Антоновне Геніуш од „Песняроў“. В. Мулявин».
Пра тое, як паэтка рассылала кружэлкі «Песьняроў» суродзічам па ўсім сьвеце, называючы ўдзельнікаў ансамбля «нашымі саколікамі», «партызанамі» і «адзінымі ў Беларусі мужчынамі, якія здольныя за сябе пастаяць»…
Якое ж цуда — гэтыя хлопцы! Народная душа аж дрыжыць на іх вуснах, трапяткая, жывая, спрадвечная і вечная.
Вярнуўшыся з канцэрту ў Горадні, Ларыса Геніюш падзялілася сьвежымі ўражаньнямі са сваёй даўняй сяброўкай Зоськай Верас, якая жыла ў Вільні: «Мяне асабліва захапіла песьня „А ў полі вярба пахілёная“. Так прачула перадаць гэтую песьню мог толькі беларус з крыві і косьці Наднямоньня. А які акампанэмэнт! Так калі не пяяў, дык адчуваў, напэўна, той, хто стварыў яе, яна проста зашчыра выканана, ажно страх. Якое ж цуда — гэтыя хлопцы! Народная душа аж дрыжыць на іх вуснах, трапяткая, жывая, спрадвечная і вечная. Няхай пяюць шчасьліва і як найдаўжэй. Гэтак ажываюць скарбы, утаптаныя ў жвір прыдарожны».
Ці ведала Ларыса Антонаўна, што сьпявак, які меўся быць «з крыві і косьці Наднямоньня», нарадзіўся і гадаваўся ажно на Урале?
Аляксандар Кацікаў (сам родам з Астравеччыны) паведаміў мне ня менш цікавую навіну. Аказваецца, апошняй выкананай Уладзімерам Мулявіным песьняй стала «Краю мой родны» — на словы Ларысы Геніюш. Славуты пясьняр зрабіў рабочы запіс, а дашліфаваць песьню не пасьпеў — здарылася аўтакатастрофа…
Калі на душы робіцца непамысна, я стаўлю на прайгравальнік дыск «Жывем» і слухаю непаўторны мулявінскі рэчытатыў:
А звычаі, мова жывуць з году ў год.
Там Край, быццам казка старая, прыгожы,
Удалы і верны Краіне народ.
З гэтай песьняй Уладзімер Мулявін і адышоў у лепшы сьвет. Магчыма, ён сустрэўся там з Ларысай Антонаўнай і прасьпяваў для яе ўлюбёную ёю «А ў полі вярба пахілёная»…
Гадзіньнік мерна б’ецца.
І сэрца шыфраваны код
Чутно ў цішы, здаецца.
Маўчаньне й цемень угары…
Насуперак спакою
Я з вамі гутару, сябры,
Тугі мае прыбоем.