Мэр ісьляндзкай сталіцы адкрыў гей-парад у жаночым сукенцы

Як падаюць ісьляндзкія СМІ, на адкрыцьцё сёньняшняга чатырохгадзіннага шэсьця геяў і лесьбіянак, мэр гораду Рэйк'явік камэдыйны актор Ён Гнар з'явіўся пераапранутым ў жаночую сукенку, на яго галаве быў апрануты бялявы парык, а губы былі нафарбаваныя ярка-чырвонай памадай. У сваім выступе 43-гадовы бацька пяцёх дзяцей закрануў ня толькі адпаведную тэму, але і заклікаў палітычную эліту Ісьляндыі да фінансавай і палітычнай адказнасьці за эканамічны крызыс у краіне.

З прыходам на пасаду прэм’ера Яганы Сігурдардатыр летась у лютым, Ісьляндыя стала першай краінай, дзе кіраўнік ураду аб’явіла пра сваю гомасэксуальную арыентацыю. Сёлета, пасьля легалізацыі аднаполых саюзаў у краіне, прэм’ер і яе сяброўка Ёніна Ледсдатыр сталі адной зь першых пар, якія ўзялі афіцыйны шлюб.