9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.
Зь сябрамі на ганку зэльвенскай хаты: Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Пётра Сьвентахоўскі, Ларыса Геніюш, Уладзімер Басалыга; сядзіць — Ірына Марачкіна. 1981 г.
Ліставаньне — натуральная патрэба чалавечай душы. Меў рацыю паэт, калі пісаў, што і радасьць, і гора ня радуюць і не засмучаюць, калі імі няма з кім падзяліцца. Лісты адплываюць зь бязьлюднай выспы ў закаркаванай бутэльцы. Лісты адпраўляюцца ў вольнае неба з абложанай з усіх бакоў фартэцы пад крылом паштовага голуба. Нават з-пад акупанцкай шыбеніцы пішуцца лісты — у лепшую прышласьць, будучаму народу.
На жаль, эпісталяры беларускіх пісьменьнікаў захаваліся толькі часткова. Усяго два лісты засталося пасьля Алеся Гаруна. Дзевяць лістоў дайшло да нас ад Цёткі. Дзевятнаццаць лістоў — ад Максіма Багдановіча. Дваццаць сем лістоў увайшло ў поўны збор твораў Уладзімера Жылкі. Дзевяноста сем лістоў — выяўлены эпісталяр Максіма Гарэцкага. Купалазнаўцы адшукалі сто сорак лістоў Янкі Купалы — улучна з тэлеграмамі, жартоўнымі экспромтамі і рэкамэндацыямі ў Саюз пісьменьнікаў.
Вязьні Гулагу называлі геніюшаўскія вершы глюкозай — яны дапамагалі перажыць доўгія гады змушанага безрадзім’я.
У гісторыі ўсясьветнай літаратуры я ня ведаю другога такога пісьменьніка, які гэтак жа шчодра выдаткоўваў бы свае душэўныя сілы ў эпісталярным жанры, як тое рабіла Ларыса Геніюш.
Вязьні Гулагу называлі геніюшаўскія вершы глюкозай — яны дапамагалі перажыць доўгія гады змушанага безрадзім’я. Глюкозай беларушчыны, відавочна, былі і лісты Ларысы Геніюш, дасыланыя з Зэльвы суайчыньнікам у Вільню і Маскву, у Нью-Ёрк і Мэльбурн, у Лёндан і Прагу, у Чыкага і Ўроцлаў, у Рым і Львоў.
Чытаеш, напрыклад, перапіску Ларысы Геніюш і Зоські Верас і толькі дзіву даешся: як гэтыя дзьве бабулі падтрымлівалі на духу, кажучы па-царкоўнаму, духоўна акармлялі дзясяткі і сотні людзей, якія да іх зьвярталіся!
У лістах з Зэльвы — цікавасьць да ўсяго, што адбывалася ў Беларусі і сьвеце. Можна сказаць, што Ларыса Геніюш стварала эпісталярны летапіс свае эпохі. Паэтка без аглядкі на лішнія вочы дзеліцца са сваімі карэспандэнтамі думкамі і пачуцьцямі, патрабуючы наўзамен навінаў і навінаў. Шчодрасьці яе душы хапала на ўсіх. Вось яна абмяркоўвае з Адамам Мальдзісам магчымасьць пераносу праху Максіма Багдановіча зь Ялты на радзіму, «бліжэй да сэрца народу». Вось дзеліцца зь Ірынай Крэнь трывогай за лёс Белавескай пушчы, якую пачалі пілаваць і карчаваць за Поразавам. Вось шле рэцэпты схварэламу, але непакананаму духоўна Алесю Белакозу. Вось абмяркоўвае з Васілём Быкавым яго новую аповесьць «Альпійская баляда», а Ўладзімеру Караткевічу падказвае сюжэт апавяданьня «Сіняя-сіняя»…
Пасьля сьмерці мужа ў 1979 годзе паэтцы прызначылі мізэрную пэнсію. Мясцовым уладам было дадзена заданьне кантраляваць кожны яе крок. Пасылкі зь лекамі не даходзілі. Сына ў Беластоку спрабавалі завэрбаваць польскія органы бясьпекі, якія на той час былі філіяй Лубянкі. Некалькі разоў на падаваныя заявы аб рэабілітацыі прыходзіў адзін адказ: «Осуждены правильно». Разам з адзінотай у старэнькую хату пачаў наведвацца адчай.
У імя людзкасьці прашу — дапамажыце мне выехаць з СССР хоць да папуасаў…
Адказ з ЦК КПБ прыйшоў, але быў адрасаваны ня Геніюш, а Ценіюш. Магчыма, прозьвішча паэткі напісалі з памылкай невыпадкова, каб яшчэ раз нагадаць: вы толькі часовы цень на зямлі, вы нават не грамадзянка гэтай краіны…
Зразумела, што ні да папуасаў, ні да эскімосаў Ларысе Геніюш выехаць не далі. Найдалей, дзе ёй давялося пабываць пасьля вызваленьня, — у Беластоку і Вільні.
Зборнік лістоў Ларысы Геніюш «Каб вы ведалі», які пабачыў сьвет у выдавецтве «Лімарыюс», стаў паводле вэрсіі газэты «Наша ніва» найлепшай кнігай 2005 году.
Ларыса Геніюш. Тост
Адкінуўшы ўбок блытаніну
Чужых надакучлівых слоў,
Іду я старой каляінай,
Забытаю сьцежкай дамоў.
І кожны мой крок — то памяць.
Позірк — сустрэча з былым.
Раны старыя паляць,
Боль вочы грызе, як дым.
І чую, як мёдам ліпнёвым
З вуснаў жанчыны любой
Льецца радзімая мова
І лечыць нязьлечаны боль.
Хачу на пачэснае месца
Ля вышытых ручнікоў
За стол наш дубовы сесьці
І склікаць ў застольле сяброў.
І, кінуўшы сэрца насустрач,
Другія агнём разбудзіць.
І хлеба духмяную лусту
Пароўні усім разьдзяліць.
Ды з чаркі, па бераг поўнай,
Пад веры развогнены жар,
Таго сёньня выпіць здароўе,
Хто гэтай зямлі гаспадар!
Чужых надакучлівых слоў,
Іду я старой каляінай,
Забытаю сьцежкай дамоў.
І кожны мой крок — то памяць.
Позірк — сустрэча з былым.
Раны старыя паляць,
Боль вочы грызе, як дым.
І чую, як мёдам ліпнёвым
З вуснаў жанчыны любой
Льецца радзімая мова
І лечыць нязьлечаны боль.
Хачу на пачэснае месца
Ля вышытых ручнікоў
За стол наш дубовы сесьці
І склікаць ў застольле сяброў.
І, кінуўшы сэрца насустрач,
Другія агнём разбудзіць.
І хлеба духмяную лусту
Пароўні усім разьдзяліць.
Ды з чаркі, па бераг поўнай,
Пад веры развогнены жар,
Таго сёньня выпіць здароўе,
Хто гэтай зямлі гаспадар!