Ізраіль вяртае Турэччыне караблі "флятыліі свабоды"

Гэта шэсьць караблёў, якія сёлета ў траўні накіроўваліся з гуманітарным грузам у паласу Газа, аднак былі арыштаваныя Ізраілем. Пад час ізраільскага захопу загінулі дзевяць прапалестынских актывістаў, дзесяткі чалавек былі параненыя.
Паводле МЗС Турэччыны, караблі былі вызваленыя ў выніку настойлівых патрабаваньняў Анкары. Турэччына працягвае настойваць на міжнародным расьсьледаваньні і пакараньні ўсіх вінаватых у гібелі людзей. Як паведамляюць турэцкія СМІ, ізраільскія ўлады адхілілі патрабаваньне міжнароднага расьсьледаваньня і заявілі, што гатовыя правесьці самастойную экспэртызу.