Гісторыя аднаго цуду: Волкавы

Валодзя і Югася Волкавы. Здымак Арцёма Канцавога.

У гэтай сямейнай пары літаральна ўсё нетыповае. Югася Волкава, якую ў Майстроўні ведалі з прозьвішчам Касянюк, ня лічыць Майстроўню цудам. Мабыць таму, што яе ўласная беларуская сьведамасьць праявілася зусім незвычайным чынам. Але пра гэта пазьней. Югася мяркуе, што ўнікальная ў сваім часе, напачатку 1980-х Майстроўня – гэта проста нармальна. Затое Валодзя Волкаў, калі прыгадвае Майстроўню, не стамляецца паўтараць слова “цудоўна”.



Валодзя Волкаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Валодзя: “Я ўбачыў прыгожую дзяўчыну, якая цудоўна сьпявала, цудоўна танчыла. І такім чынам у мяне абудзілася пачуцьцё, што трэба больш ведаць пра Беларусь, пра тых людзей, якія цудоўна валодаюць мовай. Гэта быў цікавы момант маёй маладосьці, які дапамагае мне й па сёньняшні дзень. Майстроўня – школа жыцьця, вялікі шлях да самаўдасканаленьня. І гэта было цудоўна”.

Дубавец: Валодзя працуе ў фірме, якая спэцыялізуецца на сродках пажаратушэньня і выдае нотную літаратуру. Інакш кажучы, гасіць жарсьці матэрыяльныя і запальвае духоўныя.

Валодзя: “У любым выпадку я на першае месца ня стаўлю момант бізнэсу, я не хачу гэтага рабіць, таму што мы павінны перадаць нашым дзецям нешта большае, чым простую накіраванасьць да грошай, да нейкае сацыяльнае перавагі над іншымі людзьмі. Я нядаўна знайшоў такую фармулёўку – творчы бізнэс”.

Дубавец: І ў Майстроўню і да беларушчыны Валодзю прывяла Югася ці, можа быць, больш дакладна – цікавасьць да Югасі. А ў самой Югасі ўсё атрымалася ня так проста і зразумела.

САМА


Югася Волкава. Здымак Арцёма Канцавога.
Югася: “Адкуль да мяне прыйшла беларуская мова? Да гарадзкой дзяўчынкі з рускамоўнай сям’і? У мяне такое ўражаньне, што яна была са мной заўсёды. Я памятаю сваё маленства, як я ўвечары сядала каля радыё і слухала “Калыханку”. І я ня памятаю, каб у мяне ўзьнікала некалі пытаньне, што нейкія незразумелыя словы. Я памятаю гэты голас. “Мой маленькі дружа” -- апавядальнік казаў. Потым кніжкі на беларускай мове, прычым, ня ведаю, адкуль. Пераклады замежных пісьменьнікаў, дзіцячая літаратура. Гэта ўсё зь дзяцінства неяк вялося. І не ўзьнікала ў мяне пытаньня, ці гэта павінна быць ці не павінна быць.

Я ўвогуле вызваленая была ў школе ад беларускай мовы па стане здароўя. Ня толькі ад беларускай мовы, але і ад фізкультуры, ад урокаў працы і ад сьпеваў. Такая, відаць, рахітычная дзяўчынка была, хоць я й ня памятаю, папраўдзе. Але на ўроках мовы я ўсё адно сядзела. А ў сёмай клясе калі я была, памятаю такі момант: настаўніца рускай мовы аднекуль прыйшла радасная й паведаміла: дзеці, хутка ніякіх моваў ужо ня будзе, будзе адна руская мова. І ўсе радасна закрычалі “ура!” А я тады ад злосьці заплакала. І пайшла да настаўніцы беларускай мовы і сказала, што хачу вывучаць беларускую мову.

І яна мне сказала, што ты мусіш напісаць заяву. Чамусьці вось так, яна не сказала – бацькі. І я пісала заяву на імя дырэктара і пачала вывучаць беларускую мову. І памятаю, якая была натхнёная, калі за першую дыктоўку атрымала чатыры”.

Дубавец: Ня ведаю, як вы, а я такую гісторыю чую ўпершыню. Амаль заўсёды чалавека да беларушчыны вёў нехта іншы ці нешта іншае. А Югася прыйшла ў Майстроўню сама, гатовая. Ня хтосьці рыхтаваў, выхоўваў ці паўплываў выпадкова, а сама.

Сям’я Волкавых у народных страях.
Югася: “У мяне яшчэ было непрыемнае ўражаньне ад настаўніцы беларускай мовы. Калі мы з пачатковай школы пераходзілі ў чацьвёртую клясу, стала шмат настаўнікаў. І вось першы ўрок беларускай мовы, настаўніца называе прозьвішчы, знаёміцца з вучнямі і пытаецца ў мяне, і я кажу, што я вызваленая ад беларускай мовы. І яна досыць агрэсіўна, як мне падалося, паставілася да гэтага, і сказала: “Сала беларускае любіш?” Я сказала: “Не люблю”. І гэта была чыстая праўда, я ніякае сала не люблю. І я адчула сябе незаслужана пакрыўджанай, таму што ня я ж сама сябе вызваляла... Але настаўніца добрая была, і гэтае ўражаньне пакрысе сплыло”.

Дубавец: Каб убачыць у гэтай нетыповай гісторыі тыповае, варта згадаць ня раз бачаную ў кнігарні сцэнку, калі дзіця просіць у маці нейкую прывабную кніжку, а радзіцелька абсякае дзіцячую цікаўнасьць кароткім: “Не нада, эта на беларускам!” У выніку дома не аказваецца ніводнай беларускай кніжкі, і шанцы, што нехта паўторыць Югасін шлях, зводзяцца да нуля. Цяпер можна спадзявацца толькі на цікаўнасьць ад адваротнага, на прыродны дух пярэчаньня, на пратэст: чаму, маўляў, калі прывабная кніжка па-беларуску, дык яе нельга набыць, мець, чытаць? Але ўявіць сабе, каб цэлая генэрацыя беларусаў стала патрыётамі “ад адваротнага”, немагчыма.

Югасі пашанцавала з маці. Мабыць, таму Югася і ўмацавалася ў думцы, што ўсё, што зь ёй адбылося, ня экстраардынарнае, а нармальнае.

Югася: “Маці ў мяне апазыцыянэрка па жыцьці. Усё сваё дзяцінства я засынала пад шум “варожых галасоў”, якія слухала маці”.

СПАТКАНЬНЕ СА ЗЬНІЧОМ


Дубавец: Праз маці й яе вучня Ігара Міклашэвіча Югася дазналася і пра Майстроўню. Гэта быў 1983 год.

Паэт Зьніч, 1982 год.
Югася: “Я была на трэцім курсе. Гэта быў Пэдагагічны інстытут тады, я вучылася на настаўніцу пачатковых клясаў з музыкай. І ад Ігара Міклашэвіча даведалася пра сустрэчу са Зьнічом і прыйшла на гэтую сустрэчу, першы раз.

Ігар Міклашэвіч быў вучань маёй маці. Вучыўся ў школе, дзе яна выкладала гісторыю і пасьля школы зь ёй кантактаваў. І ён ёй паведаміў пра гэтую сустрэчу.

І я ўжо потым пачала хадзіць, і маці была ня радая, што мяне туды загітавала. Таму што я хадзіла кожны раз да канца. Яна вельмі турбавалася, дзе я позна хаджу.

Не менавіта на Зьніча. Я проста памятаю, што быў Зьніч. Мне тады слова “зьніч” нічога не казала, я проста па натуры сваёй цікаўны чалавек. І я пайшла паслухаць, і мне спадабалася. І сама сустрэча, і гэтая суполка моладзі. Гэта ў Палацы прафсаюзаў.

Зьніч нешта апавядаў, чытаў вершы, а пад канец я запомніла -- ён сказаў: “Скрозь хмары сьвеціцца, як поўня, культур-шабашнікам ня роўня,
Майстроўня”.

Ну, і пасьля гэтага там перапынак -- і сьпеўкі былі. Я памятаю, што нехта з залі гукнуў: Віялета, пачынай. І зь першага шэрагу павярнулася дзяўчына і сказала: во, заўсёды Віялета! І тады я ўбачыла Віялету першы раз, а потым пазнаёмілася зь іншымі дзяўчатамі і хадзіла”.

Югася (справа) на Гуканьні вясны ў Менску, 1984 год.

Дубавец: Вызваленая ў школе ад урокаў беларускай мовы і сьпеваў Югася стала сьпявачкай у адзіным на той час беларускамоўным аб’яднаньні моладзі. Яна і цяпер лічыць, што нічога незвычайнага ва ўсім гэтым не было.

Югася: “Я не ўспрымала гэта і зараз не ўспрымаю як цуд. Я гэта неяк успрымала натуральна. Але я глыбока не капала. Па-шчырасьці сказаць, моладзі ўласьцівы эгацэнтрызм. Я не ўспрымала Майстроўню і сябе, я ўспрымала сябе ў Майстроўні. Таму для мяне гэта ўсё было цалкам натуральна.

І я памятаю, нехта сказаў – вы там зьбіраецеся, гэта можа быць небясьпечна. Я сказала: што тут такога? Каму мы нясём пагрозу? Я проста страшна зьдзівілася. І можа ад гэтага была такая адсутнасьць страху.

У мяне было некалькі сябровак, і дзьве зь іх прыйшлі на адну з сустрэчаў. Ім было вельмі цікава, але яны ня сталі хадзіць. Адна сказала: неяк тут у вас занадта... пашукала слова... свабодна. Я ня стала ў яе распытваць, а чым гэта кепска”.

“У ВАС ТУТ ЗАНАДТА СВАБОДНА”


Дубавец: “Занадта свабодна” – можна з гэтага пасьмяяцца, а можна разгледзець у гэтым глыбокую розьніцу ва ўспрыманьні свабоды як падставовай каштоўнасьці амэрыканскай дэмакратыі -- на процілеглым баку акіяну ці, скажам, францускай рэвалюцыі, і -- свабоды, якая ў беларускім грамадзтве традыцыйна ўспрымаецца як адыход ад парадку, ад сыстэмы, ад самога гэтага грамадзтва, ад таго, каб “быць як усе”.

Той матыў недалучэньня да Майстроўні, выказаны невядомай дзяўчынай-студэнткай – у вас тут занадта свабодна – нікуды ня зьнік. І ў сёньняшняй сытуацыі можа быць тлумачэньнем, чаму беларусы масава не далучаюцца да дэмакратычнага руху, на сьцягах якога напісанае слова “свабода”.

Заклік да народу, які ведае сваю “меру свабоды”, стаць свабодным без усякай меры, ня мае шырокага водгуку. Бо свабода не ўспрымаецца ў нас як каштоўнасьць, тым больш, як падставовая каштоўнасьць. У нас перапытваюць: за свабоду – ад чаго? І каб прышчапіць народу іншае разуменьне свабоды, спатрэбілася б мэтанакіравана выхаваць цэлае пакаленьне, а можа быць, і не адно пакаленьне людзей зь іншым складам розуму.

Калі б напачатку 1980-х Майстроўня стаяла толькі на дэклярацыі свабоды, яна б, верагодна, засталася б маргінальнай суполкай. Будучыню ёй забясьпечыла тое, што яна была школай нацыянальнага ўзгадаваньня.

Гэтая схема працы зь людзьмі ніколькі не састарэла да сёньня і будзе актуальная яшчэ доўга, калі не заўсёды. Ва ўсьведамленьні чалавека мусіць адбыцца зрух. Не -- ад чаго свабода, а свабодны – хто? Каб быць свабодным, трэба спачатку стаць кімсьці, назвацца, абазначыць сябе. Адзінка насельніцтва не патрабуе свабоды, ня ведае сваіх правоў чалавека і ня мае клопату зь іх абмежаваньнем. Калі ж я -- беларус, я адразу натыкаюся на абмежаваньне маіх правоў з усіх бакоў. Мая “мера свабоды” ператвараецца ў “меру несвабоды” – у абмежаваньне маіх моўных, інтэлектуальных, пэдагагічных магчымасьцяў – а свабода становіцца пры гэтым абсалютнай каштоўнасьцю. Бо варта мне самаідэнтыфікавацца, як для мяне страчваюць першаступенную важнасьць такія рэчы, як апека з боку дзяржавы, як статкавая ўтульнасьць “быць як усе”, як прадпісаны кімсьці распарадак майго ўласнага існаваньня.

КАМАРЫН – АРЭНБУРГ -- МЕНСК


Напачатку 1980-х Валодзя Волкаў, напэўна, пра такія рэчы не задумляўся. Ён пераадольваў вялікія адлегласьці і высокія этнічныя бар’еры, а ў Беларускую Майстроўню, як я ўжо казаў, яго прывяла цікавасьць да Югасі Касянюк.

Валодзя: “Я ўраджэнец Камарына Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці. Але я вырас у Арэнбургу. Там займаўся спортам, пачаў сваю працоўную дзейнасьць. І сюды прыехаў, на жаль, непісьменным беларусам. І дзякуючы вось Беларускай Майстроўні я далучыўся да культуры, да традыцыі.

Спачатку я ўбачыў Югасю ў сваёй стрыечнай сястры Лычкоўскай Марыны. Пасьля чаго ў мяне абудзіліся інтарэсы, якія дазволілі мне пазнаёміцца з цудоўнымі людзьмі зь Беларускай Майстроўні, якіх па сёньняшні дзень памятаю, люблю, і зь якімі шчасьлівы сустракацца і зараз.

Згадваю Вячорку Вінцука, Сяргея Шупу... Гэтая пляяда маладых людзей уразіла мяне нейкай сталасьцю і задорам і ўзроўнем ведаў, якія мяне, напрыклад, прывялі к таму, што я пяць гадоў з 1981-га пісаў работу пра Вялікае княства Літоўскае. У Юхо Іосіфа Аляксандравіча.

Так атрымалася, што я быў студэнтам юрыдычнага факультэту і ўжо зь першых момантаў запомніўся аднакурсьнікам песенным рэпэртуарам Беларускай Майстроўні. Нават зараз было 30 гадоў нашага курсу, і ўсе патрабуюць ад мяне песьні таго часу”.

Майстроўскія каляды ў школе, канец 1983 году.

ЗЛАЧЫНСТВА ЦІ ЛЮБОЎ


Дубавец: Згадваючы хлопцаў, якія запомніліся яму з Майстроўні, Валодзя падкрэсьлівае: “Вельмі важна было ўбачыць, што ніхто зь іх ніколі не ўспрымаліся мною як нацыяналісты”.

У беларусаў існуе стэрэатып нацыяналіста як маргінала, сэктанта і таго, хто проста ненавідзіць усё, што нацыянальна не сваё. А ў дзейнасьці Майстроўні ўсё было арыентавана на дабрыню і адкрытасьць, на пашырэньне, дзеля чаго ўласна і ладзіліся масавыя сьвяты, і выступы ў школах, і сустрэчы зь цікавымі людзьмі.

Згаданы стэрэатып нацыяналіста – гэта другі бок таго разуменьня свабоды, як парушэньня правілаў. Можна казаць пра тое, што насаджаўся гэты стэрэатып усёй савецкай сыстэмай, але галоўнае тое, што ён насадзіўся, прыжыўся і культывуецца дагэтуль. Сутнасьць яго выглядае так: быць нацыяналістам, гэта значыць, самім сабою – дрэнна, бо калі ты ўсьвядоміў сам сябе, свабода становіцца для цябе абсалютнай каштоўнасьцю. А каб яна такой не была, ты павінен разумець, што нацыяналізм – гэта ледзьве не злачынства.

Такі вобраз нацыяналізму ў майстроўскія часы выглядаў яшчэ большым пудзілам, чым сёньня. Вось чаму майстроўцы інтуітыўна імкнуліся не ўжываць гэтае слова, а тым больш, не пакідаць уражаньня сэкты ці нейкага закрытага зборышча апантаных сваёй ідэяй маргіналаў.

Насамрэч нэгатыўныя канатацыі нацыяналізму зьвязаныя з паводзінамі канкрэтных людзей. Ёсьць людзі зацятыя, апантаныя, схільныя да сэктанцтва, і такімі яны выяўляюцца ў кожнай справе і кожнай ідэалёгіі, сам па сабе нацыяналізм тут ні пры чым. Тое, што чалавек найперш адстойвае інтарэсы сваёй сям’і, а не суседзкай – натуральна. Гэта зусім ня значыць, што ён пры гэтым суседзкую сям’ю ненавідзіць. Звычайна ўсё прасьцей. Ёсьць прыярытэт тваёй культуры, а ёсьць іншыя культуры, якія зьяўляюцца прыярытэтам для сваіх носьбітаў. Згадаю тут верш, які напісаў Пятро Бітэль:

Любіць сваё -- зусім ня значыць
Чужое ганіць, абражаць.
Вось за чужым свайго ня бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць --
Злачынствам будзе без сумненьня,
Бо ёсьць такі закон жыцьця:
Шануй чужое аж да пакланеньня,
Сваё любі -- да самазабыцьця!

І гэта найбольш дакладная формула беларускага і ўсякага іншага нацыяналізму.

Зрэшты, у нас у Беларусі мы часьцяком трапляем у палон ня так трактаваных тэрмінаў. Нацыяналізм або патрыятызм грунтуецца на любові. На любові грунтавалася Беларуская Майстроўня, любоўю да свайго прадыктаванае і тое, чым сёньня займаецца Валодзя Волкаў.

Валодзя: “Некалькі гадоў у нас ідзе складаны праект, які ўключае аўтарскія праграмы людзей, якія вельмі добра ставяцца да культурных традыцыяў розных народаў сьвету. І людзі, якія каля нас, маюць магчымасьць рабіць тое, што на сэрцы. Хтосьці распрацоўвае японскую тэматыку, хтосьці заходнеэўрапейскую, хтосьці магічную. І безумоўна, наша душа ў колерах нашых беларускіх матываў. І тое, што мы зараз робім і будзем прапаноўваць грамадзтву, у тым ліку ў Расеі і ва Ўкраіне... У нас такі дэвіз: “Сардэчна запрашаем у Беларусь”. Або “Зь любоўю зь Беларусі”. Гэта тэма любові да жыцьця і адзін да аднаго”.

З сэрыі паштовак, выдадзеных фірмай Валодзі Волкава.

МАЙСТРОЎНЯ ЯК ШКОЛА


Дубавец: І Югася і Валодзя прыйшлі ў Майстроўню напрыканцы яе існаваньня, калі Майстроўня ўжо гатовая была падзяліцца на розныя кірункі дзейнасьці. І калі неўзабаве стварылася сьпеўная суполка “Дзяньніца”, туды перайшлі і Волкавы. Але калі для Валодзі Майстроўня была шчасьлівым эпізодам ягонае маладосьці, дык Югасю яна правяла празь яшчэ адну мэтамарфозу яе жыцьця.

“Дзяньніца”. Валодзя і Югася справа. У цэнтры дачка Волкавых Ліна.

Югася: “Вось гэтая майстроўская школа маўленьня. Нязмушана недзе папраўляюць, недзе нешта падказваюць, бо адразу не атрымліваецца выказаць усё па-беларуску. І я памятаю, што недзе мы рассаджваліся на стале на нейкіх сьпеўках, і я падышла і сказала “падзьвінься”, нешта такое... і стаяў побач хлопец і сказаў: падсунься. Так як бы сам сабе, ня тое, што ён мяне паправіў. Гэта быў Мікола Сасноўскі.

У Майстроўні я адназначна зразумела, што мяне цікавіць. Што мяне цікавіць мова. Пачалося зь цікавасьці да беларускай мовы як да нейкага арганізма. Зь ейнымі канчаткамі, суфіксамі. У школе гэта было тое, што я больш за ўсё ненавідзела. Канчаткі-суфіксы, усе гэтыя склоны і ўсякую гэтую трасцу пачварную. І я пасьля школы не пайшла на філфак, таму што не хацела займацца ўсякімі гэтымі моўнымі рэчамі. А ў Майстроўні я зразумела, што якраз гэта мяне й цікавіць. Канчаткі, суфіксы...

Пасьля пэдінстытуту я яшчэ закончыла ўнівэрсытэт, філялягічны факультэт. У 1995-м прыйшла працаваць у Інстытут мовазнаўства, у аддзел славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства, і з таго часу там і працую, у Акадэміі навук. Цяпер ужо інстытут інакш называецца – мовы і літаратуры”.

Дубавец: Між іншым, Югасі давялося папрацаваць і ў першым у Менску беларускамоўным садку.

Югася: “Віялета тады мяне парэкамэндавала. Я тады яшчэ студэнткай была на чацьвертым курсе. Гэта садок “Заранка”, здаецца, на Якуба Коласа. І там загадчыца Галіна Прыма стварыла беларускамоўную групу. І ім патрэбны быў беларускамоўны музычны кіраўнік. Я там працавала музычным кіраўніком, і мы зь дзецьмі рабілі беларускамоўныя сьвяты. І ўвогуле, я зь імі ўвесь час размаўляла па-беларуску і, трэба сказаць, таксама ніколі не было праблем у камунікацыі. Зь ясельнымі дзецьмі, памятаю, вельмі ўразілася. Прыйшла да іх першы раз, там у іх занятак па санітарных нормах ня больш за 20 хвілін. Там трохгадовыя дзеці, і я думала, што там зь імі рабіць і як. Узяла нейкіх лялек, нейкіх калыханак ім пасьпявала, карагодзікі спрабавалі. Здаецца, у мяне нейкая каза была на руцэ, лялька-рукавічка. І ў канцы “каза” ім кажа: да пабачэньня. І я сама ледзь ня ўпала, калі мне ўсе гэтыя дзеці закрычалі: да пабацэньня!”

Майстроўскія каляды ў школе, канец 1983 году. Югася другая зьлева.

Дубавец: Яшчэ адно ператварэньне, што адбылося ў Майстроўні зь Югасяй. Гэта набыцьцё імя.

Югася: “У Югасю мяне “ахрысьціў” Вінцук. Ён, відаць, выпісваў у бібліятэцы і, як хросны бацька, даваў кожнаму ягонае імя. І я спытала, як майго імя будзе нейкая беларуская форма. І тут, мусіць, атрымалася нейкая памылка, таму што потым, калі мне ўжо ў рукі трапіў слоўнік Ластоўскага, там на рускае Евгенія няма формы Югася. Там гэтая форма на імя Жанна. І я тады падумала, што ён можа недачуў, што я ня Жанна, а Жэня. Але я асабліва не афішую гэтую гісторыю, таму што Югася мне страшна падабаецца.

І я ўжо столькі гадоў Югася. І для мяне ўжо ёсьць такі вызначальнік, хтосьці мне тэлефануе, маці кліча (у мяне шмат розных знаёмых і клічуць мяне па-рознаму). Калі яна кажа, што клічуць да тэлефону Югасю, то я ведаю, што гэта нехта свой. А калі там Жэню ці яшчэ Яўгенію Вітальеўну, то гэта значыць, хтосьці староньні, чужы”.

Дубавец: “Сваіх” у Югасі і Валодзі з майстроўскіх часоў шмат. І сярод тых, хто ходзіць зь імі па адных менскіх вуліцах. І сярод тых, хто апынуўся далёка, і каго яны толькі ўзгадваюць.

Югася: “Па-першае, гэта Валодзева стрыечная сястра Марына Лычкоўская, хоць яна цяпер і далёка, але гэта ўжо сваяцкія сувязі. Гэта курс філфаковак, як іх называлі, – Алена Клімовіч, Марына Лычкоўская, Натальля Лазоўская. Алена Клімовіч цяпер таксама далёка, за акіянам. Віялета за акіянам, але мы кантактуем па-ранейшаму. Час ад часу з Вэрцяй Лазоўскай перасякаемся нават на вуліцы. Гэніка Лойку сустракала раней часьцей, цяпер, відаць, ужо іншымі вуліцамі ходзім. Зь Яўгенам Валасевічам перасякалася. Каго яшчэ ўзгадаю?.. Хай не крыўдуюць, каго не ўзгадала”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”