9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.
Шматдзетная сям’я Антона Міклашэвіча (у якой 9 жніўня 1910 году нарадзілася Ларыса) была заможнай і працавітай — парабкі наймаліся толькі ў пільніцу, калі бацька з сынамі Расьціславам, Аркадзем і Аляксеем не маглі самі ўправіцца на сенажаці ці на таку. У блізкай да Жлобаўцаў вёсцы Палаўкі і сёньня жыве Сьцяпан Навіцкі, які ў 30-я гады наймаўся да «пана Міклаша» сэзонным рабочым і які па сёньня згадвае свайго працадаўцу з удзячнасьцю.
У 1939 годзе заходнебеларускія землі ў выніку падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа апынуліся ў Савецкім Саюзе. Заможныя сяляне новай уладай кваліфікаваліся як «сацыяльна небясьпечная кулацкая кляса», якая мусіла быць перавыхаванай альбо вынішчанай.
21 кастрычніка 1939 году бяда завітала і ў Жлобаўцы. «Буйны памешчык» Антон Міклашэвіч быў арыштаваны органамі НКВД і зьмешчаны ў Гарадзенскую турму. Лічылася, што ён там і загінуў. Прынамсі, пра сьмерць бацькі ў вязьніцы пісала Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі». Аднак Антон Міклашэвіч быў асуджаны тройкай НКВД на пяць гадоў Гулагу і этапаваны ў Карагандзінскую вобласьць. Там ягоныя сьляды і згубіліся.
Ня ведала Ларыса Антонаўна і падрабязнасьцяў раскулачваньня пазасталай без гаспадара-кармільца сям’і. У архіўнай картатэцы ўправы ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму захоўваецца сьпіс грамадзянаў, высланых 13 красавіка 1940 году са Жлобаўцаў ва ўсходнія вобласьці СССР. У тым сьпісе значацца імёны маці паэткі — Аляксандры Васілеўны, трох яе братоў — Расьціслава, Аляксея і Аркадзя, і трох сясьцёр — Ксеніі, Ніны і Людмілы. Была ў сьпісе і… Ларыса Міклашэвіч, хоць яна на той час ужо два гады жыла з мужам у Празе. Не дагледзелі пільнавокія і чуйнавухія таварышы з НКВД — адна з «кулацкіх дачок» ня трапіла ў настаўленыя імі сілкі. Як бачым, у Ларысы Антонаўны быў рэальны шанец пад канвоем пакінуць радзіму яшчэ ў 1940 годзе.
У тым жа архіўным дакумэнце пазначана, што «ўсе выселеныя члены сям’і Міклашэвіча Антона Паўлавіча рэабілітаваныя ўправай унутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкама 5 чэрвеня 1990 году». Усе — пасьмяротна.
Ад калісьці абжытай сядзібы Міклашэвічаў у Жлобаўцах засталіся толькі тры прыступкі, якія вялі ў вялікі дом. Сам дом, на шчасьце, ня быў разбураны ці спалены. Перавезены пасьля вайны ў Ваўкавыск, ён і сёньня стаіць на вуліцы Перамогі, 40. Да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш мясцовы краязнавец Мікола Кавальчук усталяваў на доме памятную шыльду, якую ў той жа дзень зьнялі міліцыянты і адвезьлі ў пастарунак.
Мэмарыяльны камень усталяваны і ў Жлобаўцах, куды на талаку ўлетку 2010 году сабраліся дзясяткі людзей зь Менску, Горадні, Ваўкавыска, Мастоў, Сьвіслачы, Зэльвы. Пасьля заканчэньня талакі, калі ўсе разьехаліся, я прысеў на мураваным ганку, і ўспомніліся радкі Ларысы Геніюш: «Мы душой заўжды з сваімі хатамі, бо арлы не пакідаюць гнёзд».
Нават калі гнёзды гэтыя раскіданыя.
Ларыса Геніюш. «Мне казалі, што мой бацька…»
Мне казалі, што мой бацька
Стол дубовы у гасьціне
У зубах круціў па хаце
І гарэлкі нат ня скінуў.
Мне казалі, дзед калісьці,
Праўда, крыху нецьвярозы,
Супраць семярых ля верху
Браў адзін камель бярозы.
Што сказаў бы дзед мой любы,
Каб зь зямлі цяпер прачнуўся,
Як сама ўстаю насустрач
Ўсіх пакутаў Беларусі.
Стол дубовы у гасьціне
У зубах круціў па хаце
І гарэлкі нат ня скінуў.
Мне казалі, дзед калісьці,
Праўда, крыху нецьвярозы,
Супраць семярых ля верху
Браў адзін камель бярозы.
Што сказаў бы дзед мой любы,
Каб зь зямлі цяпер прачнуўся,
Як сама ўстаю насустрач
Ўсіх пакутаў Беларусі.