9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.
Уладзімер Караткевіч ніколі не працаваў рэдактарам. Ён увогуле не служыў ва ўстановах з дакладным працоўным графікам, калі не лічыць некалькігадовага настаўнічаньня пасьля заканчэньня Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пісьменьнік бярог свой час і сваю свабоду.
Але адну кнігу паэзіі яму ўсё ж давялося адрэдагаваць. Прычым, на грамадзкіх пачатках. З павагі да паэткі, якая яе напісала.
Калі ў 1966 годзе Максім Танк перадаў Караткевічу рукапіс будучай кнігі для рэдагаваньня, яна яшчэ ня мела назвы. На першай старонцы значылася толькі імя аўтаркі — Ларыса Геніюш.
Азнаёміўшыся са зьместам зборніка, рэдактар захацеў пабыць заадно і ягоным хросным бацькам. Ён чорным атрамантам упэўнена накрэсьліў пасярод старонкі назву — «Айчына». Але Ларыса Геніюш чамусьці яе не ўпадабала і прапанавала некалькі сваіх — на выбар: «Льняное прадзіва», «Мы — беларусы», «Клёкат бусьліны», «З каханьня і веры», «Насуперак долі», «Вытканае з зарніц», «Невадам зь Нёмана»…
Аддамо належнае густу рэдактара — ён выбраў адзін з найлепшых варыянтаў. І — узяўся за працу. Дзеля ўзгадненьня правак з аўтаркай нават прыяжджаў у Зэльву. Гасьцінная Ларыса Антонаўна частавала Караткевіча смачна-хмельным напоем — крупнікам, які гатавала сама паводле адмысловага рэцэпту. Магчыма, рэдактар разьлічваў на больш шчодрыя пачастункі за сваю, як ён сам выказаўся, «катаржную працу».
Паэтка, якая ў Комі АССР кіркавала вечную мерзлату, катаржную працу разумела па-свойму. Яна не на жарты засердавала і бяз доўгіх роздумаў выправадзіла свайго рэдактара з хаты. У Менску Караткевіч зразумеў, што ляпнуў лішняе, і напісаў у Зэльву прабачальны ліст. Доўга яшчэ Ларыса Антонаўна ў лістах да сяброў згадвала свайго рэдактара-«катаржніка», але ўжо бяз злосьці.
Жадаючы як найхутчэй загладзіць сваю віну, Уладзімер Караткевіч адшукаў у сталічным Батанічным садзе насеньне «туліпанаў» рэдкага гатунку і паслаў Ларысе Геніюш, чый кветнік быў найлепшым у Зэльве.
Як жа рэдагаваў Уладзімер Сымонавіч творы Ларысы Антонаўны? Патрабавальна, але не прыдзірліва, часам з аглядкай на Галоўліт. Скажам, у вершы «Нішто так ня міла» рукой Караткевіча закрэсьлена чатырохрадкоўе: «Нішто так ня міла, як родны наш сьцяг, / як нашы дзядоўскія гоні; / нішто так ня міла, як тое дзіця, / што сэрцам вітае Пагоню!» Замест ужыванага паэткай слова «крывіцкі» рэдактар знаходліва падстаўляў зусім не сынонімы: «бясстрашны», «магутны», «тутэйшы».
Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што самыя вялікія скароты ў вершах зробленыя не рукой Караткевіча. Больш сотні радкоў проста да нечытэльнасьці затушаваныя. Верагодна — цэнзарам, пільнасьць якога рэдактар стараўся якраз прыменшыць, расстаўляючы пад вершамі ваеннай пары даты — 1936, 1938, 1939.
Ларыса Геніюш з разуменьнем ставілася да хітрыкаў Караткевіча-рэдактара і давярала яму. Напісаўшы на замову выдавецтва «Беларусь» аўтабіяграфічны нарыс «Сто ранаў у сэрца», паэтка на першую чытку аддала яго двум самым надзейным сябрам — Міколу Прашковічу і Ўладзімеру Караткевічу. Апошні, як чалавек адкрыты, неўзабаве выказаў свае заўвагі: «Прачытаў толькі што Вашу аўтабіяграфію. Работа выключная. Па напалу і страсьці, па стрыманасьці інтанацыі, за якою — непрымірымасьць. Але наўрад ці можна сказаць: „розьніцу між Богам і клірам“. Гэта занадта ў лоб. Ня пусьцяць, заразы, і расправы над сям’ёй (а як шкада!). Час для сапраўднай Вашай біяграфіі яшчэ не прыйшоў. Але Вы яе пішыце. Бяз скідак. З разьлікам на недалёкую будучыню».
Так Караткевіч падштурхоўваў Ларысу Геніюш да напісаньня «Споведзі», якой у надрукаваным выглядзе ўжо ня ўбачаць ні паэтка, ні яе зычлівы рэдактар.
Калі кніга «Невадам зь Нёмана» ў 1967 годзе выйшла ў сьвет, сыгнальны асобнік прывёз у Зэльву Ўладзімер Караткевіч. Па старадаўнім звычаі ў кілішкі ізноў наліваўся крупнік…
Ларыса Геніюш. Быць
Быць — то на ўласную сьцежку ступіць,
На сілы свае спадзявацца.
Не апірайцеся на стаўпы,
Удзел ўсіх стаўпоў — хістацца!
На сілы свае спадзявацца.
Не апірайцеся на стаўпы,
Удзел ўсіх стаўпоў — хістацца!