Крымінальная справа супраць Тэрэсы Собаль: трэцяя спроба

Тэрэса Собаль

Супраць актывісткі Саюзу палякаў (не прызнаванага ўладамі) Тэрэсы Собаль з Івянца Валожынскага раёну чарговым разам адноўленая крымінальная справа аб нібыта злоўжываньні ёю службовым становішчам.

Як паведаміў адвакат Аляксандар Галіеў, сьледчы Валожынскага РАУС толькі сёньня ранкам даведаўся, што яму вяртаюць справу спадарыні Собаль. Самой актывістцы стала вядома пра гэта толькі таму, што сёньня яе ня выпусьцілі ў Польшчу на КПП у Берасьці. Пра гэта паведаміў старшыня Галоўнай рады Саюзу палякаў Андрэй Пачобут.

Аляксандар Галіеў пакуль ня ведае, на якой падставе адменена пастанова аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць Тэрэсы Собаль і чаму справа зноў адноўлена. Ён нагадвае, што справу ўжо спынялі двойчы: спачатку — праз сканчэньне тэрміну даўнасьці, пазьней — праз адсутнасьць складу злачынства.

Крымінальная справа супраць Собаль была распачатая 5 студзеня сёлета. Актывістку падазравалі ў злоўжываньні службовым становішчам, а канкрэтна ёй закідалі, што яна, будучы дырэктаркай Дома польскага ў Івянцы, атрымала ад кіраўніцтва СПБ па выніках працы за 2004 год грашовую дапамогу.