"Заснуў на камбайне, упаў і цяпер у рэанімацыі"

Агляд тэлефанаваньняў за 2 жніўня.

Старонкі афіцыйных мэдыяў у гэтыя дні запоўненыя паведмленьнямі пра жніво, рапартамі аб чарговым багатым ураджаі і самааданай працы калгасьнікаў.

Пра жніво паведамляюць у сваіх тэлефанаваньнях і слухачы Свабоды – але пра зусім іншыя бакі гэтай кампаніі:

Спадар: "У калгасе "Слава працы" Дзятлаўскага раёну ўзялі на працу непаўналетняга. Працавалі да трох гадзін ночы, ён заснуў на камбайне, упаў і цяпер знаходзіцца ў лякарні ў рэанімацыі ў Дзятлаве!"

Спадар: "Талачынскі раён, СПК "Слаўнае". У нас жніво набліжаецца да завяршэньня: ні заробку, ні аплаты — нічога. Незразумела, якія расцэнкі за ўборачную, за адвозку збожжа. Ня ведаю, за што людзі працуюць".

У Беларусі бліжэйшым часам маюць адбыцца выбары прэзыдэнта краіны. Перадвыбарчая кампанія афіцыйна яшчэ не абвешчаная, але падрыхтоўку да яе правядзеньня абмяркоўваюць палітычныя сілы і грамадзяне, у тым ліку — у тэлефанаваньнях на "Свабоду":

Спадарыня:
"Калі паслухаеш "Праскі акцэнт", экспэртаў, палітолягаў, ня кажучы ўжо пра звычайных жыхароў, усе ў адзін голас кажуць, што дзейнага прэзыдэнта перамагчы на выбарах немагчыма. Таму тыя, хто быццам гатовы ўдзельнічаць у выбарах, ня ўпэўнены ў перамозе. Таму і спрачаюцца, і не сядаюць за стол перамоваў. А гатовыя толькі выйсьці на плошчу пасьля выбараў ды ўзьняць увесь народ. А просты народ ня бачыць, хто можа перамагчы. Таму, шчыра кажучы, просты народ нічога не чакае ад гэтых выбараў. Усё будзе, як было раней".

Выказваньне камэнтуе кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

"У словах гэтай жанчыны для мяне чуецца і роспач, і хваляваньне за нашу краіну. І я што хачу адказаць гэтай жанчыне: што пры ўсіх нашых намаганьнях мы ўсьведамляем і тое, што, сапраўды, сапраўдных выбараў у Беларусі можа і не адбыцца. Што ізноўку можа адбыцца тое, што адбывалася і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і на парлямэнцкіх, і на мясцовых: адбудуцца падтасоўкі і фальшаваньні. Усьведамляючы гэта, мы і рыхтуем акцыі пратэсту. Мы павінны быць гатовыя да адстойваньня сваёй перамогі, мы павінны быць гатовыя выйсьці на плошчу з акцыямі пратэсту. Бо іншага варыянту я ня бачу, ня бачаць яго і іншыя кандыдаты".

Працягваем выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадарыня: "Уключыш тэлевізар — салодкая песьня пра духоўнасьць беларусаў, выйдзеш з дому — побач з царквой тры буйныя гандлёвыя кропкі, забітыя сьпіртным, штабэлі з гарэлкай, півам. З кожным годам нас усё менш і менш, а урад падпісвае ўсё новыя пастановы аб павелічэньні колькасьці сьпіртнога. Нічога не застаецца, як альбо спойваць да сьмерці ўжо пітушчых, альбо ўцягваць усё больш людзей у хваравітую залежнасьць. Аднойчы беларусы скончацца. Хто наступны?"

Спадарыня: "Беларускі народ — эўрапейцы. Большасьць беларусаў сумленна працуюць, толькі намаганьні іх пры гэтай уладзе накіраваныя на тое, каб выжыць. Дайце людзям адпаведны заробак — і яны самі справяцца з праблемамі побыту. Зробяць сваё жыцьцё прыгожым. Беларусы — шляхетны народ.

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.