БАЖ праводзіць двухдзённыя “Бажынкі”

Сёньня ў Валожынскім раёне пачаўся двухдзённы летнік Беларускай асацыяцыі журналістаў "Бажынкі-2010".

Трэці па ліку летнік БАЖу сабраў каля 30 журналістаў незалежных беларускіх выданьняў у цудоўнай сядзібе мастака Алеся Лася, што ў Валожынскім раёне. Сядзіба "Барок" знаходзіцца ў лесе на беразе рэчкі Палачанкі.

Беларускія незалежныя журналісты, якія сабраліся на летнік, выкарысталі сваё зьяўленьне на прыродзе і цудоўнае надвор'е для актыўных фізычных і інтэлектуальных гульняў, адпачынку, сустрэчы са знаёмымі. Але ня толькі.

Экспэрт Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Аксана Раманюк з Украіны правяла сёньня майстар-клясу зь незалежнымі беларускімі журналістамі на тэму “Бясьпека журналістаў падчас масавых акцыяў і працы ў гарачых пунктах”.