"Заплянавана расейская станцыя на беларускай зямлі"

Расея адмаўляецца ад падпісаньня пакету пагадненьняў аб будаўніцтве АЭС, пакуль ня будзе створана сумеснае прадпрыемства для збыту электраэнэргіі.

Пакет дакумэнтаў пра будоўлю АЭС уключае ў сябе пагадненьні аб узьвядзеньні АЭС, аб выдзяленьні крэдыту і аб паралельнай працы энэргасыстэм дзьвюх краін. Расейскі бок вылучыў умову, каб да пачатку будоўлі АЭС было створана сумеснае прадпрыемства па збыце электраэнэргіі. Аднак з гэтым не пагаджаецца беларускі бок.
Гэта пасьлядоўнае дадушваньне свайго сатэліта і васала да той пазыцыі, у якой ён павінен знаходзіцца


Яшчэ адна ўмова расейскага боку — каб расейская доля ў СП складала ня менш за 50%. То бок Расея прэтэндуе на палову прыбыткаў ад збыту электраэнэргіі зь беларускай АЭС, калі яе збудуюць за кошт расейскага крэдыту.

І хоць краіны на ўзроўні гаспадарчых суб'ектаў знайшлі варыянты вырашэньня спрэчнай сытуацыі, пазыцыя кіраўніцтва ўраду Расеі застаецца нязьменнай. У "Расатаме" заяўляюць: маўляў, "як толькі расейскі прэм'ер дасьць адмашку, пагадненьне будзе падпісанае".

Камэнтуючы гэтую сытуацыю, эканаміст Міхась Залескі адзначыў, што расейцы робяць так, як яны плянавалі, бо заплянавана расейская станцыя на беларускай зямлі:

"Гэта пасьлядоўнае дадушваньне свайго сатэліта і васала да той пазыцыі, у якой ён, па расейскай задумцы, павінен знаходзіцца. Гэта забіраньне сабе. Мы дазваляем табе мець у нашай станцыі на тваёй зямлі 50%. Гэта прынцыпова для Расеі з тае прычыны, што 9 мільярдаў — памер крэдыту, які просіць Беларусь — іх насьцярожвае. Ім здаецца, што частка гэтых грошай будзе выкарыстана нямэтава. Для таго, каб мець поўны кантроль над фінансавымі плынямі падчас будаўніцтва і эксплюатацыі АЭС, яны цяпер ужо патрабуюць свайго 50%-га ўдзелу. Каб на роўных кантраляваць як паступленьне сваіх грошай на сваю станцыю, так і выкарыстаньне сваіх грошай на сваёй станцыі".

Раней кіраўніцтва Беларусі заяўляла, што пакет пагадненьняў аб пабудове АЭС будзе падпісаны да канца ліпеня. Цяпер, з улікам прынцыповых рознагалосьсяў, яго падпісаньне застаецца няпэўным.

Беларусь плянуе ў 2018 годзе ўвесьці ў эксплюатацыю два блёкі АЭС і разьлічвае атрымаць на будаўніцтва расейскі крэдыт на 9 мільярдаў даляраў.