"Бізоны" і "Клаасы" памяняюць на "Палесьсе"

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць запатрабаваў спыніць набыцьцё імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі. "Гэтыя свавольствы зь імпартнай тэхнікай трэба сканчаць", — заявіў ён.

Сваё рашэньне кіраўнік дзяржавы тлумачыць тым, што пастаўка запчастак для імпартнай сельгастэхнікі часам адбываецца марудна. А ў жніво фактар часу надзвычай істотны.

Эканаміст Леў Марголін лічыць гэтую падставу несур'ёзнай:

Леў Марголін
"Ва ўсім сьвеце гэта вырашаецца вельмі проста. Калі выкарыстоўваецца імпартная тэхніка, то ствараецца адпаведная база, якая можа апэратыўна адрамантаваць, апэратыўна паставіць запчасткі. Я ня думаю, што тут існуе праблема. Праблема ў іншым — у затаваранасьці складаў, у неабходнасьці скарачаць выдаткі на замежную валюту. А ня ў тым, што нашы камбайны працуюць безь перапынку і што за некалькі гадзін іх можна адрамантаваць. А імпартная такая дрэнная, што яна тры-чатыры гады папрацавала і пачала псавацца".

Ніхто ня можа лепш за камбайнэраў, якія цяпер у полі, ацаніць якасьць айчыннай і замежнай тэхнікі. Асабліва ў сёлетнюю сьпякоту. Мэханізатар Аркадзь зь Пінскага раёну працуе на нямецкім "Лексыконе" з кандыцыянэрам:

"За бортам" градусаў 25, можа, нават і болей. А ў кабіне — градусаў 10".

Камбайнэр Аляксандар зь Ляхавіцкага раёну малоціць збожжа на айчынным "Палесьсі-10". Цікаўлюся і ў яго тэмпэратурным рэжымам:

"Ну так, больш-менш цярпіма".

(Карэспандэнт) "А якая тэмпэратура на полі?"

"Ня ведаю".

(Карэспандэнт) "А ў кабіне?"

"Таксама ня ведаю, няма градусьніка"

(Карэспандэнт) "А на якім вы камбайне працуеце?"

"Палесьсе-10".

(Карэспандэнт) "Дык ён што, без тэрмомэтра?"

"Без".

Камбайн у Аляксандра не стары — у эксплюатацыі трэці сэзон. Вялікіх паломак не было, толькі драбяза. Але камбайнэр зайздросьціць сваім калегам, якія працуюць на польскай і нямецкай тэхніцы:

"Ну, імпартныя, канечне, лепшыя".

Далей разьвіваць тэму мэханізатар ня стаў — сьпяшаўся, бо ўборачная для яго — бадай, адзіная магчымасьць зарабіць больш-менш прыстойныя грошы.

Леў Марголін называе ініцыятыву кіраўніка дзяржавы на забарону імпартнай тэхнікі "неабдуманай і спантаннай". Эканаміст спадзяецца, што да татальнай забароны справа ня дойдзе:

"Лукашэнка ўжо аднойчы забараняў купляць імпартную сельгастэхніку. Потым дазволіў толькі тым гаспадаркам, у якіх высокая ўраджайнасьць, бо беларуская тэхніка зь ёй не спраўляецца. Ну, а што тычыцца ўмоў працы, то, я думаю, яму за гэта менш за ўсё галава баліць".