Калі могуць адбыцца прэзыдэнцкія выбары?

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў мае адкрыцца 7 верасьня. Ці прызначаць на гэтай сэсіі дату прэзыдэнцкіх выбараў? Ці адбудуцца яны на пачатку сьнежня? Якімі матывамі кіруюцца ўлады, прызначаючы дату выбараў?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты "Салідарнасьць" Аляксандар Старыкевіч і палітоляг Юрый Чавусаў.


Ці прызначаць на гэтай сэсіі дату прэзыдэнцкіх выбараў?


Валер Карбалевіч: "Афіцыйныя тлумачэньні скліканьня пазачарговай сэсіі 7 верасьня непераканаўчыя. Маўляў, патрэбна тэрмінова прыняць праект бюджэту на наступны год, унесьці зьмены ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы. Больш за тое, дзяржаўныя мэдыі замаўчалі гэтую падзею, указ амаль што засакрэцілі. Ці прызначаць на гэтай сэсіі дату прэзыдэнцкіх выбараў?"

Аляксандр Старыкевіч
: "Гэта залежыць ад бягучай палітычнай каньюнктуры. Лукашэнка будзе прымаць рашэньне бліжэй да 7 верасьня ў залежнасьці ад таго найперш, як будуць разьвівацца дачыненьні з Расеяй".

Юрый Чавусаў
: "Так, канчаткова дата выбараў яшчэ ня вызначана. Ускосна гэта пацьвярджаецца сытуацыяй з Усебеларускім народным сходам. Да 1 ліпеня плянавалася вызначыць захады па яго правядзеньні. Але пакуль зьвестак пра гэта няма.

7 верасьня магчыма прызначэньне некалькіх варыянтаў датаў. Найбольш верагодны тэрмін — гэта 12 ці 19 сьнежня. Але магчыма і пазьней".


Калі ж будуць выбары?


Карбалевіч: "Калі будзе абвешчана дата прэзыдэнцкіх выбараў, то якая гэта будзе дата? Лягічна меркаваць, што выбары будуць абвешчаныя раней, чым плянавалася — ня ў лютым, а ў сьнежні. Інакш навошта было б зьбіраць пазачарговую сэсію?"

Старыкевіч
: "Гэта найбольш верагодны варыянт, але не адзіны. Пад Новы год чакаюцца канфлікты з Расеяй па ўмовах паставак нафты і газу на наступны год. Таму лепш правесьці выбары раней. Бо калі газ будзе каштаваць 250 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў з Новага году, як пагражае "Газпром", то гэта неспрыяльны фон для выбараў".

Чавусаў
: "Нельга казаць, што прызначэньне выбараў на сьнежань — гэта значнае прысьпешваньне. Бо рэальна гэта перанос з студзеня на сьнежань.

Гэта зручны час і з гледзішча нэўтралізацыі апазыцыйных акцый. Бо 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы ўжо будзе стаяць навагодняя ёлка. А гэта пэўная перашкода для акцый пратэсту".

Старыкевіч
: "Калі выбары адбудуцца 19 сьнежня, то гэта выгадна ўладам і з гледзішча міжнароднай рэакцыі. Эўропа ўступае ў пару калядных сьвятаў. Таму актуальнасьць для ЭЗ пытаньня фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі губляецца".

Карбалевіч: "Спачатку ўлады абвясьцілі (і Ярмошына, і Лукашэнка), што выбары будуць на пачатку лютага. Цяпер, з пачаткам інфармацыйнай вайны з Расеяй, выбары пераносяцца не на адзін, а на два месяцы раней (з пачатку лютага на пачатак сьнежня). Гэта будзе азначаць, што Лукашэнка спужаўся. Такі вобраз — нявыгадны ў вачах намэнклятуры. Чаму б не паказаць, што я не баюся, і прызначыць выбары тады, калі і было абяцана?"

Старыкевіч: "У 2006 годзе выбары былі прызначаныя на 4 месяцы раней за тэрмін. Але гэта не паўплывала адмоўна на яго імідж. А тое, што Лукашэнка абяцаў адно, а робіць другое, то ці мала што ён казаў за 16 гадоў".


Дата правядзеньня выбараў і апазыцыя


Карбалевіч: "Як больш раньняя дата правядзеньня выбараў паўплывае на кампанію апазыцыі?"

Старыкевіч: "Прынцыпова — ніяк. Зразумела, калі выбары пройдуць пазьней, то часу на кампанію будзе трохі больш. Аднак праблемы ў негатоўнасьці апазыцыі да выбараў. Яна павінна была пачаць выбарчую кампанію адразу пасьля заканчэньня папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Але апазыцыя знаходзілася ў стане летаргічнага сну. Таму цяпер месяц раней ці пазьней мала што мяняе".

Чавусаў
: "Тактычна ўплывае, а стратэгічна — не. Можна сказаць, што апазыцыя і пачала падрыхтоўку да гэтай прэзыдэнцкай кампаніі адразу пасьля заканчэньня папярэдняй. 25 сакавіка 2006 году на плошчы было абвешчана пра запіс у рух "За свабоду". Потым быў Кангрэс дэмакратычных сілаў, раскол АДС, удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Гэта ўсё рабілася з арыентацыяй на прэзыдэнцкія выбары".

Старыкевіч: "Я б не разглядаў Кангрэс дэмакратычных сілаў, раскол АДС як стадыі падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта ўнутраныя разборкі, якія ніяк не ўплывалі на электарат".