“Дэўкраінізаваць” краіну па мадэлі Лукашэнкі ў Януковіча не атрымаецца”

Дырэктар кіеўскага Інстытуту глябальных стратэгій Вадзім Карасёў лічыць, што і перад Лукашэнкам, і перад Януковічам паўстаў аднолькавы выбар: альбо Расея, альбо – Эўропа.

Украінскія палітыкі абмяркоўваюць заявы мэра Масквы Юрыя Лужкова, які напярэдадні свайго прыезду пацьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю адносна Севастопаля – а менавіта, перадачу (“вяртаньне”) гэтага горада пад юрысдыкцыю Расеі. Так, грамадзкая ініцыятыва “Абнаўленьне краіны”, якую ўзначальвае былы кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, запатрабавала ад уладаў “ не закрываць вочы” на падобныя заявы. “У іншым выпадку гэтая ўлада яшчэ раз пацьвердзіць сваё рэнамэ каляніяльнай адміністрацыі, якая працуе супраць ўласнай краіны і яе грамадзянаў.” – гаворыцца ў заяве “Абнаўленьня краіны”.

Гэты і іншыя падзеі палітычнага жыцьця паўднёвай суседкі Беларусі мы абмяркоўваем з кіеўскім палітолягам, дырэктарам Інстытуту глябальных стратэгій Вадзімам Карасёвым.


Навумчык: Якой рэакцыі можна чакаць ад кіраўніцтва Украіны на заявы Лужкова, які, як вядома, у прыязных адносінах з Януковічам?

Карасёў: Сапраўды, ёсьць цёплыя асабістыя адносіны паміж Лужковым і Януковічам, нядаўна нават Лужкоў быў на юбілеі украінскага прэзыдэнта тут, у Кіеве. Магчыма, будзе вельмі акуратная рэакцыя МЗС. І -- усё. Чаму ня варта рэагаваць уладзе на заявы Лужкова? Думаю, цяперашняя украінская ўлады ўлічвае тое, што заявы Лужкова разьлічаныя на расейскага адрасата. Лужкоў усур'ёз баіцца, што пасьля Шайміева і Рахімава наступным "на вылет" з кагорты рэгіянальных кіраўнікоў-старажылаў, якія пачыналі яшчэ ў часы раньняга ельцынізму, будзе ён. І Лужкоў такімі заявамі спрабуе паказаць, што ён ня проста рэгіянальны палітык, якім можна грэбваць, а -- палітык агульнанацыянальны, агульнарасійскі, радыкальны, рэзкі, нацыянал-патрыятычны. І Крамлю давядзецца ўлічваць магчымы рэзананс ад прымусу Лужкова да адстаўкі. Тым больш, што канкрэтныя дзеяньні Лужкова па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Севастопаля з дапамогай маскоўскага бюджэту, Лужкоў ня толькі знаходзіць агульнарасейскую місію, прэтэндуючы на ролю лідэра «Русского мира» нароўні з патрыярхам Кірылам, але і спрабуе ў выпадку адстаўкі знайсьці сабе новае амплюа -- куратара крымскай палітыкі з боку Расеі.

Навумчык: Прэзыдэнцтву Віктара Януковіча споўнілася паўгода. Якія папярэднія вынікі ягонай палітыкі?

Тыя, хто чакаў, што Януковіч стане праўкраінскім -- расчараваныя, і тыя, хто чакаў, што ён будзе прарасейскім -- расчараваныя таксама
Карасёў:
Думаю, што тыя, хто чакаў, што Януковіч стане праўкраінскім -- расчараваныя, і тыя, хто чакаў, што ён будзе прарасейскім -- расчараваныя таксама. А гэта значыць, што яму давядзецца быць больш вызначаным. Альбо дзейнічаць так, як патрабуюць выбаршчыкі прарасейскія з поўдня і ўсходу Украіны, дзякуючы якім Януковіч прыйшоў да ўлады, -- альбо дзейнічаць у дзяржаўніцкай лёгіцы. Але дзейнасьці у рэчышчы дзяржаўнай лёгікі рызыкоўная стратай электарату. Не выпадкова Януковіч ня супраць вярнуць Канстытуцыю да мадэлі 1996 года, калі ў прэзыдэнта былі вялікія канстытуцыйныя паўнамоцтвы і прэзыдэнт быў незалежны ад электаральных настрояў і міжпартыйнай гульні, ад элітаў. І тут узьнікае праблема для Украіны: альбо аўтарытарызм незалежнасьці (як, напрыклад, у Беларусі на цяперашнім этапе беларускай гісторыі), альбо -- дэмакратыя па-эзўрапейскі, са стандартамі плюралізму, дэмакратыі, канкурэнцыі, -- але ў апошнім выпадку няма гарантыі, што Януковіч выйграе выбары 2015 г., а парлямэнцкія выбары 2012 г. выйграе Партыя Рэгіёнаў.

Так, Януковіч можа захоўваць і цяперашнюю прамежкавую пазыцыю, калі прарасейскі электарат чакае прарасейскіх рашэньняў, напрыклад, зацьвярджэньня расейскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай. Але тады ён рызыкуе страціць іншую частку Украіны. Цяперашняя слабая дэмакратыя, у якой пакуль дамінуе прарасейскі электарат, паколькі "аранжавыя" у крызісе, -- яна ставіць перад Януковічам дылему. Гэта -- першы канцэптуальны крызіс цяперашняй улады, раздарожжа, зь якога Януковічу будзе вельмі цяжка выйсьці. Парадокс, але цяперашняя слабая, нясьпелая дэмакратыя падрывае асновы дзяржаўнасьці і незалежнасьці Украіны, фактычна правакуе збліжэньне з Расеяй і паглынаньне Расеяй Украіны. Цікава, як Крэмль на гэта будзе рэагаваць. Верагодна, ён зацікаўлены, каб такі ўзровень дэмакратыі і захаваўся, бо ён выгадны для Расеі. Бо калі будзе аўтарытарызм -- атрымаюць яшчэ аднаго Лукашэнку, але больш моцнага, улічваючы маштабы краіны, рэсурсы і г.д.

Навумчык: Я толькі хацеў бы ўдакладніць Ваш тэрмін “аўтарытарызм незалежнасьці” у прымяненьні да Беларусі. Выкарыстоўваючы антыкрамлёўскую рыторыку, Лукашэнка, тым ня менш, не спыняе русыфікацыйную палітыку. Беларусь на сёньня пазбаўленая сваіх гістарычных сымбаляў, стан беларускай мовы найгоршы, чым ён быў за ўсе часы на памяці цяперашніх пакаленьняў, нацыянальныя каштоўнасьці ўладай пастаўленыя пад сумнеў.

Перад Лукашэнкам стаіць выбар: альбо ў Эўропу, альбо ў Расею, далей ён ужо балянсаваць ня можа.
Карасёў:
Я згодны, але ў Украіне, па-першае, ёсьць фактар Заходняй Украіны, чаго ў Беларусі няма. А па-другое, часам шлях да незалежнасьці ляжыць праз незалежнасьць элітаў, якія жадаюць захаваць сваю сувэрэннасьць. Яны жадаюць прыватызаваць дзяржаву і не аддаць яе элітам іншай дзяржавы. А затым ужо ўключаецца лёгіка наступнага этапу, калі да гэтага аўтарытарызму эліты, альбо незалежнасьці для эліты, трэба будзе далучаць сувэрэнітэт народа. Мне падаецца, што перад Лукашэнкам стаіць выбар: альбо ў Эўропу, альбо ў Расею, далей ён ужо балянсаваць ня можа. Ён ужо вычарпаў патэнцыял "аўтарытарнай незалежнасьці". Я думаю, што і ў Украіне ён вычарпаны. Таму лепшага шляху, чым пераходзіць да стандартаў дэмакратыі і эўрапейскай бясьпекі -- няма. Нават з іх асабістых меркаваньняў: калі палітык ў Эўропе прайграў выбары -- гэта яшчэ не канец палітычнай кар'еры. Тут жа, у постсавецкім варыянце, калі ты прайграў -- ёсьць рызыка страціць усё.

Навумчык: Ці ўдасца Януковічу зрабіць тое, што з 1994 году пасьлядоўна робіць Лукашэнка – зьнішчыць парасткі дэмакратыі, спыніць працэс нацыянальнага адраджэньня?

Тут немагчыма зрабіць так, каб апазыцыя фінансавалася толькі за кошт грантаў
Карасёў:
Бачыце, у адрозьненьні ад вопыту Беларусі, дзе Лукашэнка прыйшоў да ўлады пасьля невялікага пэрыяду незалежнасьці, які быў з 1991 года, -- у Украіне да моманту прыходу Януковіча незалежнасьці было ўжо 19 гадоў. Таму вельмі цяжка вось так узяць і дэўкраінізаваць Украіну. Гэта могуць быць нейкія спробы, але ў грамадзтве гэта не знаходзіць спачуваньня. І ў элітах гэта не знаходзіць водгуку. А потым, ёсьць Заходняя Украіна, ёсьць дух заходнеўкраінскі, -- чаго не было ў Беларусі. Беларусь ўсё ж у 1994 года заставалася з большага постсавецкай, а Украіна перастала быць постсавецкай у 2004 годзе. Зараз так, ёсьць спроба неасаветызму, своеасаблівага міксу данецкага рэгіяналізму з саветызмам, -- але гэта ўсё часова. Дэмакратычныя сілы знаходзяцца ў крызісе, Эўропа -- у крызісе, Расея на пад'ёме. Тыповая каньюнктура. А вось дэўкраінізаваць Украіну па мадэлі Лукашэнкі ў Януковіча, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Тым больш, з пункту гледжаньня харызмы і народнага папулізму, Януковічу далёка да Лукашэнкі. Да таго ж, у 1994 годзе ў Беларусі не было прыватызацыі, не было бізнэсу моцнага. У Украіне ж ёсьць магутны бізнэс, ёсьць бізнэсоўцы, гатовыя фінансаваць апазыцыю, і перакрыць усе каналы немагчыма. Тут немагчыма зрабіць так, каб апазыцыя фінансавалася толькі за кошт грантаў і тым самым потым абвінавачваць апазыцыю ў фінансаваньні з замежжа.

Навумчык: Як з пазыцыі сёньняшніх рэаліяў бачыцца роля Віктара Юшчанкі ў украінскай гісторыі?

Націснутая кнопка "паўза" у гісторыі Украіны.
Карасёў:
Юшчанка апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Бяз Юшчанкі не было б Майдану ў 2004 годзе -- Цімашэнка ніколі ня выйграла б выбары, і тады б у 2004 годзе прыйшоў Януковіч да ўлады. А так ён прыйшоў пазьней, і краіна ўжо іншая. Па-другое, Юшчанка даў Украіне гэтае адчуваньне украінскасьці. Не савецкай, не этнаграфічнай, а таго, што фармуе мэнтальныя коды ўкраінства ў эўрапейскім кантэксьце. На жаль, пры Юшчанку эліты не былі гатовыя вытрымаць той курс, які ён прапаноўваў, а яму самому, магчыма, не хапіла мэханізмаў улады. Але тым ня менш, ён задаў эўрапейскі вэктар, дэмакратычны вэктар, даў магчымасьць жыць у краіне ва ўмовах дэмакратычнага плюралізму, канкурэнцыі, незалежнасьці СМІ. Людзі гэта цэняць -- таму спробы Януковіча нешта абмежаваць у гэтай сфэры ўспрымаюцца з пратэстам, і ўлада вымушаная адступаць. Гэты пэрыяд трэба перачакаць. Гэта такая паўза. Націснутая кнопка "паўза" у гісторыі Украіны. Трэба пачакаць, пакуль нехта іншы падыдзе, нешта перагрупуецца. І будзе ясна, што тое, з чым прыйшоў Януковіч да ўлады – гэта каньюнктура, а каньюнктура хутка зьнікае. Павярнуць Украіну назад ужо не атрымаецца.