Навошта апазыцыянэры езьдзяць у Маскву?


Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Яраслаў Раманчук на гэтым тыдні, знаходзячыся ў Маскве, даў інтэрвію радыёстанцыі "Эхо Москвы" і расейскай службе Радыё Свабода. Раней у шэрагу расейскіх мэдыяў выступіў яшчэ адзін магчымы кандыдат у прэзыдэнты — Андрэй Саньнікаў. На што разьлічваюць прэтэндэнты на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы, выступаючы ў мэдыйнай прасторы іншай краіны?


Прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук падкрэсьлівае, што да паездкі ў Маскву ў яго было шмат разнастайных сустрэч у Беларусі і іншых краінах. Ён даў інтэрвію беларускім, польскім, літоўскім, канадзкім ды іншым СМІ. Гэта робіцца дзеля таго, каб і за межамі Беларусі ведалі, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне, кажа спадар Раманчук:

"Трэба інфармаваць усіх — суседзяў, партнэраў, беларусаў пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. І тлумачыць, чым незалежныя
Каб Беларусь рухалася шляхам эўрапейскіх дэмакратычных рынкавых трансфармацыяў, безумоўна, патрэбна разуменьне Расеі.
кандыдаты ў прэзыдэнты лепшыя за цяперашнюю беларускую ўладу. Таму пасьля сустрэч з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту, прадстаўнікамі Эўракамісіі, Дзярждэпартамэнту ЗША, прэм'ерам Канады, пасьля дзясяткаў сустрэч зь беларусамі ўзьнікла патрэба ў дыялёгу і з прадстаўнікамі Расеі — улады, аналітычнай супольнасьці, СМІ. Таму я лічу паездку ў Маскву — адным з шэрагу спатканьняў і мерапрыемстваў, якія мы будзем праводзіць. Каб Беларусь рухалася шляхам эўрапейскіх дэмакратычных рынкавых трансфармацыяў, безумоўна, патрэбна разуменьне Расеі і сяброўства з нашым багатым і магутным суседам".

Яраслаў Раманчук цьвердзіць: цягам апошніх двух тыдняў у Маскве сытуацыя зьмяняецца:

"Безумоўна, сёньня інтарэс да беларускай тэматыкі значна большы. Гэта наступствы фільмаў пра Лукашэнку, якія паказала НТВ, рэакцыі Крамля і Пуціна на тое, што робіць кіраўнік Беларусі. Бачна, што Крэмль хоча глыбей зразумець, хто ёсьць хто ў Беларусі, хто што прапануе. Таму мы гатовыя да таго, каб адказаць расейцам на ўсе іх пытаньні".

Беларуская апазыцыя пакуль не скарыстала складанасьці, якія ўзьніклі паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой, лічыць расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў:

"Калі б была выразна прадуманая кампанія, то кандыдаты ў прэзыдэнты гэтыя трэнды скарысталі б. Але яны, на жаль, неарганізаваныя, і
Яны, на жаль, неарганізаваныя, і кожны цягне коўдру на сябе.
кожны цягне коўдру на сябе. Яны толькі кажуць пра тое, што крызіс паміж Масквой і Менскам трэба скарыстаць. Аднак яны нічога ня робяць".

Андрэй Суздальцаў выказвае перакананьне: каб перамагчы на выбарах, найперш трэба працаваць са сваім электаратам:

"Канечне, рэальная спакойная праца з электаратам у выніку дае велізарны патэнцыял. Аднак для гэтага патрэбна некалькі гадоў няспыннай працы, няспыннай!"

Ні з кім, хто мае ўладу ў Расеі, яны не сустракаюцца.
Спадар Суздальцаў зьвяртае ўвагу на тое, што кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі фактычна ігнаруюць уладныя структуры Расеі:

"Людзі, якія прыяжджаюць сюды, у Маскву, ня маюць за душою нічога, акрамя амбіцыяў. Ні з кім, хто мае ўладу ў Расеі, яны не сустракаюцца. А калі яны вяртаюцца ў Менск, выстаўляюць сябе так, нібыта іх ледзь не асянілі нейкімі паўнамоцтвамі".