Ці прызнае Расея вынікі выбараў у Беларусі?

Якія ўмовы гэтага непрызнаньня? Якія магчымыя наступствы? Свой адказ на гэтыя пытаньні дае Міхаіл Рэмізаў, дырэктар Інстытуту нацыянальнай стратэгіі.

Рэмізаў: Цяперашняя агрэсіўная інфармацыйная вайна можа стаць стартавай кропкай у стратэгіі непрызнаньня вынікаў выбараў. Наколькі пасьлядоўна будзе праведзеная гэтая стратэгія, я пакуль сказаць не магу, але я не выключаю, што ў нейкі момант Масква спыніцца. Спыніцца, бо небясьпечна кідацца камянямі ў хрустальным доме. Бо зразумела, што гэтая сыстэма ўзаемнага прызнаньня выбараў на постсавецкай прасторы вельмі важная. Усе краіны СНД адчуваюць пэўныя праблемы з легітымацыяй выбараў, і СНД выступае, як прастора прызнаньня. І калі Масква сама разарве гэтыя сувязі ўзаемнасьці, гэта можа вярнуцца ёй бумэрангам на расейскіх выбарах.

Іншая справа, што значэньне расейскага прызнаньня для Беларусі большае, чым беларускага прызнаньня для Расеі. Яно сапраўды значнае, але я ня думаю, што яно крытычнае. Па сутнасьці адносіны кіраўнікоў дзяржаваў знаходзяцца зараз на мінімальнай адзнацы. Але адносіны сыстэмныя, на ўзроўні краін, грамадзтваў і дзяржаваў усё ж захоўваюцца. Я маю на ўвазе і ўдзел Беларусі ў стварэньні Мытнага саюзу, і захаваньне нейкіх базавых грамадзянскіх правоў у межах саюзнай дзяржавы – магчымасьці вольнага перасоўваньня, працы, вучобы. Я спадзяюся, што гэта ні пры якіх умовах ня будзе пастаўлена пад сумнеў, і нават бізнэсовыя інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў на расейскім рынку, бізнэсовыя інтарэсы іх расейскіх партнэраў. І нават у выпадку хады падзеяў па канфліктным сцэнары непрызнаньня выбараў эканамічныя адносіны ня будуць парушаныя ў значнай ступені. Расейскія прадпрыемствы таксама залежаць ад беларуска-расейскіх адносінаў, ад іх залежыць дынаміка Мытнага саюзу, а гэты значны для Масквы міжнародны праект. У Расеі тут ёсьць сур’ёзныя абмежаваньні.

Гэтыя плятформы – эканамічная, гуманітарна-грамадзянская... у рэшце рэшт не забудзем пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое нікуды не падзелася і застаецца самым шчыльным на прасторы СНД – калі яны захаваюцца, то прызнаньне ці непрызнаньне выбараў ня будзе для Лукашэнкі фатальным пытаньнем.