На 77-м годзе жыцьцё пасьля працяглай цяжкай хваробы памёр адзін з найбуйнейшых беларускіх кінарэжысэраў Ігар Дабралюбаў. Ягоныя фільмы "Іван Макаравіч", "Расклад на пасьлязаўтра", "Братушка", "Асеньнія сны", вызначаныя тонкім псыхалягізмам і драматызмам, прынесьлі славу беларускаму кінэматографу. А камэдыя "Белыя Росы", якая стала сапраўды народнай, ужо больш як чвэрць стагодзьдзя дэманструецца ў кінатэатрах і на тэлевізіі ва ўсіх краінах былога СССР. Слова на разьвітаньне — тэатральнага і кінакрытыка Вячаслава Ракіцкага.
Памёр таленавіты рэжысэр, сьветлы чалавек. Гэтыя словы ўсім сэрцам і скрозь сьлёзы разам са мной сёньня прамаўляюць дзясяткі, сотні актораў, рэжысэраў, увогуле людзей мастацтва. А яшчэ — дзясяткі мільёнаў гледачоў розных пакаленьняў.
Я вельмі добра ведаў Ігара Міхайлавіча. Сябраваў зь ім. Пісаў пра яго і ягоныя фільмы. Быў у мастацкай радзе студыі "Дыялёг", якую ачольваў Майстар на кінастудыі "Беларусьфільм" у часы перабудовы. Бачыў, як Ігар Дабралюбаў змагаўся з разбурэньнем айчыннага кінэматографу, якое павялі новыя ўлады.
Я шмат разоў прысутнічаў на пляцоўцы, калі Ігар Міхайлавіч здымаў "Белыя Росы", "Асеньнія сны", "Плач перапёлкі". Менавіта атмасфэра, якая панавала, калі здымаў Дабралюбаў, застаецца ў маіх найлепшых уражаньнях ад працэсу стварэньня кіно. Гэтую атмасфэру агульнай любові, сяброўства, узаемнай павагі, творчага паяднаньня сьвядома і шчыра ствараў Дабралюбаў. Менавіта ў любові да актораў і людзей, пра якіх здымаў ён сваё кіно, і хаваецца сакрэт посьпеху ягоных фільмаў. Ня ў просьценькіх драматычных калізіях прычына і грандыёзнага посьпеху сапраўды народнай камэдыі "Белыя Росы", а ў той прыродзе пачуцьцяў, якую ствараў і якой падпарадкаваў і маскоўскіх, і беларускіх зорак Ігар Дабралюбаў.
Сам Дабралюбаў любіў паўтараць, што ўсяму, што ён умее, навучыўся ад свайго пэдагога Міхаіла Рома. І найперш — увазе да актора. Менавіта ён адкрыў для ўсяго савецкага кінэматографу Стафанію Станюту, Паўла Кармуніна, Галіну Макараву, Паўла Дубашынскага, Валянціна Белахвосьціка, Віктара Тарасава. Іх ужо няма ў жывых. Ад сябе, а магчыма, і ад іх складае памятку ў вянок Майстру яшчэ адзін актор і сябра Дабралюбава, артыст Нацыянальнага рускага тэатру Беларусі Эдуард Гарачы:
"Рэжысэрскае майстэрства, увесь ягоны талент быў бачны гледачу толькі праз актора. Толькі праз узаемадачыненьні паміж людзьмі ў ягоных фільмах бачныя, так бы мовіць, рэжысэрскія рожкі. Ён ведаў усе тэатры Беларусі. Ён першы кінарэжысэр, хто зьняў у сваім фільме толькі беларускіх актораў. Беларускія рэжысэры ня вельмі давяралі сваім акторам, запрашалі з Масквы, Ленінграду, Кіева. Ігар Міхайлавіч аб'яднаў нас. Першым фільмам, дзе здымаліся толькі беларускія акторы, быў фільм "Трэцяга ня дадзена". І гэта быў першы па-сапраўднаму беларускі фільм. А тыя, каго ён прывабіў да сябе, ужо не маглі забыць той далікатнасьці, той пэўнасьці, той сьціпласьці і той патрабавальнасьці… Ён любіў артыста. І артысты любілі яго. Ён хацеў паставіць спэктакль у тэатры, але рэжысура тэатральная не падпускала. Рэжысэры вельмі раўніва сачылі за тым, каб не зьяўляліся канкурэнты. На жаль, гэтага не адбылося. А мы рыхтаваліся…"
Народжаны ў Расеі, ён пасьля вайны прыехаў у Беларусь, дзе ў Рускім тэатры імя Горкага працаваў ягоны айчым. У Менску ён атрымаў журналісцкую адукацыю, тут, у Тэатры юнага гледача, ён працаваў акторам. А пасьля заканчэньня Ўсесаюзнага інстытуту кінэматаграфіі ў Маскве тут, у Менску, ён ствараў нацыянальнае беларускае кіно. Працаваў перадусім зь беларускімі пісьменьнікамі, драматургамі Іванам Чыгрынавым ("Плач перапёлкі"), Аляксеем Дударавым ("Белыя Росы", "Асеньнія сны"), Іванам Шамякіным ("Эпілёг"), Уладзімерам Халіпам ("Мама, я жывы")... Ставіў фільмы пра чалавека, хоць і ў яскрава выражаным сацыяльным кантэксьце, які быў абавязковым патрабаваньнем савецкага кіно гэтак званага сацыялістычнага рэалізму. Рэалізм жа Дабралюбава быў у глыбокім пранікненьні ў душу чалавека. І асабліва пранікнёна гучалі ягоныя фільмы пра падлеткаў — "Расклад на пасьлязаўтра", "Па сакрэту ўсяму сьвету", "Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва". А фільм "Іван Макаравіч" стаў першым беларускім фільмам, які здабыў вельмі прэстыжную ўзнагароду — "Сярэбраную Мінэрву" на 22-м Міжнародным кінафэстывалі дзіцячых фільмаў у Вэнэцыі. Тады рэжысэра ня выпусьцілі на фэстываль у Італію. Але пра гэта Ігар Міхайлавіч часьцей гаварыў з гумарам.
Сапраўдныя ж няшчасьці Ігара Міхайлавіча, як гэта ні драматычна і парадаксальна, пачаліся ў новай Беларусі, адраджэньне сувэрэннасьці і нацыянальнай культуры якой ён шчыра вітаў.
У 1994 годзе Дабралюбаў здымае змрочны ў сваёй праўдзівасьці фільм "Эпілёг" пра незапатрабаванасьць людзей мастацтва ў пераходным грамадзтве. Фільм для яго аўтара аказаўся прарочым. Праз год Дабралюбаў бярэ ўдзел у выбарах у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня як кандыдат, якога падтрымліваў БНФ. Разам з акторамі Эдуардам Гарачым, Валянцінам Белахвосьцікам, рэжысэрам Маркам Браўдэ я быў даверанай асобай Ігара Дабралюбава. Я бачыў жахлівае цкаваньне ўладамі рэжысэра і кандыдата ў дэпутаты. Той грамадзянскі крок Дабралюбава стаў першым і вырашальным крокам да адлучэньня ад прафэсіі ў самым творчым росквіце. Больш Дабралюбаў не паставіў ніводнага фільму. Не дапусьцілі яго выкладаць у дзяржаўныя творчыя ВНУ. Працаваў ён толькі прафэсарам у прыватным Інстытуце сучасных ведаў. Юбілеі Майстра адбываліся толькі ў вузкім коле сяброў. Цягам апошніх гадоў Ігар Дабралюбаў перанёс некалькі інсультаў.
Прычынай родныя, калегі, сябры называюць глыбокія перажываньні, зьвязаныя з адлучэньнем ад прафэсіі і здрадай колішніх сутворцаў.
Рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі, які лічыць сябе вучнем Дабралюбава, разважае, чаму так склаўся ягоны лёс:
"Калі мастака пазбаўляюць магчымасьці ствараць, ён затухае. У яго ляжаў сцэнар паводле Васіля Быкава. А ў нашай краіне калі такія два імёны зьбіраліся разам, дык улада гэта лічыла грымучай сумесьсю. Іх саюзу баяліся. Гэтага ўлады ўсяляк стараліся не дапусьціць і не дапусьцілі. Мы ўсе вінаватыя, што дазволілі дайсьці сытуацыі да такога пункту, калі гонар краіны — творцы, падобныя Ігару Міхайлавічу — апынаюцца на ўзбочыне, ня могуць ствараць, ня могуць нічога рабіць. Натуральна, беларуская культура несла велічэзныя страты ўсе гэтыя гады. А са сьмерцю Ігара Міхайлавіча адна са старонак гэтага жалю, на жаль, перагорнутая. І гэтага ўжо ня вернеш".
Улады ніводнага разу не пацікавіліся, як дажывае век чалавек, які здабыў славу беларускаму кіно. Ягонае шчасьце, што меў выдатных сыноў і жонку. Памёр у шчырым доглядзе…
Дабралюбаў і ў цяжкай хваробе марыў зьняць фільм паводле Васіля Быкава. А ў мяне захавалася стужка з запісам размовы зь Ігарам Міхайлавічам 5 траўня 2006 году, за 20 дзён да першага інсульту.
Ракіцкі: "Калі б вы сёньня атрымалі магчымасьць зьняць кіно, пра што яно было б?"
Дабралюбаў: "У мяне з Васем Быкавым была дамова на экранізацыю "Жоўтага пясочку". Я і здымаў бы "Жоўты пясочак" — ягоную маленькую аповесьць пра тое, як НКВД вязе на расстрэл..."
Ракіцкі: "А чаму гэты фільм так і ня зьняты?"
Дабралюбаў: "Міністэрства культуры адказала, што прачытаем і пазвонім. Вось дагэтуль і чытаюць. Гады тры-чатыры... Жах...!"