Відавочна, што клептаманія ёсьць адным зь відаў мастацтва, хай сабе і даволі элітарным – сапраўднаму клептаману наўрад ці сьвецяць у старасьці званьне народнага артыста рэспублікі або якаясьці прэстыжная прэмія за высокія творчыя дасягненьні і ўнёсак у сусьветную культуру. Той пароль, які адкрывае клептаманіі шлях у забаронены палац творчасьці і вольнага духу, гучыць проста і выразна: жарсьць. Так, менавіта жарсьць лучыць клептамана з творцам і адрозьнівае яго ад банальнага злодзея…
Нават тыя прыкметы, па якіх адмыслоўцы прапануюць занепакоенаму грамадзтву вызначаць у сваіх шэрагах апантаных крадзяжом індывідаў, выдаюць у клептамане няпростую, трагічную асобу, ня менш творчую за мастака або паэта. Напрыклад, усе шанцы быць прызнаным хворым на клептаманію мае той, хто зьдзейсьніў два ці больш крадзяжы, не атрымаўшы ад гэтага ніякае матэрыяльнае выгоды, і мае пазыў да паўтарэньня такіх учынкаў. Як гэта нагадвае беднага беларускага літаратара, які напісаў два (ці больш) раманы, не атрымаўшы за гэта ні капейчыны, а часам нават наадварот, заплаціўшы за іхнае выданьне са сваёй кішэні – і які пры гэтым працягвае пісаць і плянуе далейшае выданьне сваіх опусаў!
Іншыя прыкметы клептаманіі і афіцыйна прызнаных творчых заняткаў таксама збольшага супадаюць. Вось стадыі, празь якія праходзіць клептаман падчас прыступу сваёй хваробы: пакутлівая цяга да крадзяжу, падобнае да
Мае пазыў да паўтарэньня.
Згрызоты сумленьня, потныя далонькі, самапрыніжэньне, рэзкае падзеньне самаацэнкі пасьля чарговага таемнага акту – усё гэта аб’ядноўвае клептамана ня толькі з падлеткам, які займаецца мастурбацыяй, але і са зьнясіленым музыкам, які падае на клявішы, бы ў талерку з салатай, і з жывапісцам, які б’ецца галавой аб ім самім пастаўленую недасяжную плянку, і зь пісьменьнікам, які скончыў кнігу, а атрымаў хвігу. Усе яны ведаюць, што будуць працягваць свае экзэрсісы, нягледзячы ні на што, і ніякія згрызоты не прымусяць іх кінуць мастацтва і перайсьці да мірнай стваральнай працы.
А яшчэ ў клептаманіі досыць шмат кропак перасячэньня з тэатрам. У сапраўдным клептамане суіснуюць разам у дзіўным хаўрусе рэжысэр і актор, рабочы сцэны і гардэробшчык. Клептаман мае прыродны талент да пераўвасабленьня – у законапаслухмянага, сумленнага пакупніка, у таго, хто не выклікае падозраньняў, у асобу з вачыма празрыстымі, як вада з экалягічна чыстай крыніцы. Клептаман умее зірнуць на сьвет вачыма ахоўніка, касыра, адміністратара, вачыма відэакамэры – і таму ён раствараецца ў натоўпе, ён становіцца нічым, і выйграе ўсё.
Як і найсапраўднейшы мастак, клептаман паўстае супраць бога, ён нават мае свой пэрсанальны запавет, адрасаваны, праўда, ягонаму няўдаламу двайніку – і, падобна мастаку, ён парушае запаветы з мэтай ня ўласнага абагачэньня, але з мэтаю пазнаньня, яго мэта высакародная, клептаманія ня пэцкае сябе подласьцю падлікаў, падлаю плацяжу. Лёзунг “Крадзёж у імя крадзяжу” выглядае аніяк ня горш за “Мастацтва дзеля мастацтва”.
Усё гэта даволі абстрактныя развагі, але вось іхнае нечаканае пацьверджаньне, якое дае нямецкая статыстыка: толькі невялікі адсотак крадзяжоў у крамах Нямеччыны зьдзяйсьняецца тымі, хто адчувае нястачу і жыве на мяжы беднасьці.
Ніякія згрызоты не прымусяць.
Гэтае самае грамадзтва, дарэчы, у асобе сваіх вучоных даўно адрынула сам тэрмін “клептаманія” – напэўна, празь ягоную непаліткарэктнасьць. І манаманію адрынула, тую, на якую хварэў герой апавяданьня По “Бэрэніка”. Яно шмат што адрынула з увагі на палітэс, увёўшы замест гэтага новыя азначэньні для старых хваробаў. Вось жа, адно зь іх, даволі агульнае – “альтэрнатыўная адоранасьць”. Чаму б не абвясьціць альтэрнатыўна адоранымі і клептаманаў?
Наогул, чаму яны крадуць? Чаму чалавек, якога мама (нават калі сама была клептаманка) у дзяцінстве так старанна вучыла ня браць чужое, усё адно бярэ і яму ад гэтага так хораша? У вас, фрайдыстаў-аматараў, заўжды на ўсё знаходзіцца тлумачэньне, вам слова.
Чаму яны крадуць?
Іншыя называюць клептаманію праявай стыхійнай рэвалюцыйнасьці, пратэстам супраць грамадзтва. Ня маючы магчымасьці выключыцца з сыстэмы, арыентаванай на суцэльнае, штодзённае, няспыннае, абагоўленае спажываньне, індывід супраціўляецца такім вось чынам, становячыся клептаманам, спрабуючы падтачыць сыстэму зь сярэдзіны, зрабіць яе бессэнсоўнай. Але сыстэме, здаецца, на гэта напляваць. Клептаманія ўключаная ў яе як абавязковы элемэнт, як непазьбежныя выдаткі на ўласную амартызацыю.
Гэтаксама, як таямніцы творчасьці часам намагаюцца патлумачыць, корпаючыся ў мазгах мастакоў, так і мастацтва клептаманіі некаторыя зводзяць да чыста фізіялягічных працэсаў. Маўляў, падчас акту крадзяжу ў арганізме клептамана вызваляецца
Шчасьце скрасьці і выкінуць.