Апазыцыя заклікае ААН расьсьледаваць справы зьніклых

Ю.Захаранка, А.Красоўскі, З.Завадзкі, В.Ганчар

Прадстаўнікі вядучых апазыцыйных партый распачалі кампанію за міжнароднае расьсьледаваньне спраў зьніклых апанэнтаў А. Лукашэнкі. Пра гэта было заяўлена сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў офісе БНФ.

На прэсавай канфэрэнцыі.

А.Саньнікаў: "Мы будзем патрабаваць ад ААН стварэньня камісіі".
Паводле каардынатара кампаніі “Эўрапейская Беларусь”Андрэя Саньнікава, які заявіў пра намер балятавацца на прэзыдэнта, існуе пэўны прэцэдэнт, які робіць ненулявымі шанцы дамагчыся, каб ААН прызначыла міжнароднае расьсьледаваньне спраў аб зьнікненьні беларускіх дзеячаў апазыцыі:

"Пад эгідай ААН у 2005 годзе была створаная камісія па расьсьледаваньні забойства былога прэм'ер-міністра Лівана Харыры. Гэта ўдалося зрабіць праз Раду Бясьпекі, расьсьледаваньне ідзе і зараз. У Беларусі ў 1999 годзе зьніклі былыя вышэйшыя дзяржаўныя кіраўнікі. 11 год мінула, але нічога ня рухаецца. Таму мы будзем патрабаваць ад ААН стварэньня падобнай камісіі, у тым ліку высьвятленьня тых фактаў, якія былі паказаныя па расейскім тэлебачаньні".
А.Лябедзька: "У цывілізаванай краіне пракуратура сама мусіла б завесьці крымінальную справу."

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька зьвяртаўся ад імя партыі ў Генэральную пракуратуру краіны з нагоды фактаў, выказаных у фільме НТВ"Хросны Бацька". Палітык зьдзіўляецца, што праз больш як тыдзень пасьля паказу фільму пракуратура гэтай падзеі быццам не заўважыла.

"У нармальнай цывілізаванай краіне пракуратура сама мусіла б завесьці крымінальную справу па факце зьяўленьня фільму. І альбо прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто названы ў фільме саўдзельнікамі ў злачынствах, альбо падаць у суд на сродак масавай інфармацыі. Генпракурор Васілевіч маўчыць, але гэта ня значыць, што павінны маўчаць палітычныя і грамадзкія структуры, проста грамадзяне Беларусі".
С.Калякін: "Расея захоўвала маўчаньне 11 гадоў."

Лідэр партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін мяркуе, што ў расьсьледаваньні спраў зьніклых зьявіліся новыя магчымасьці:

"Расея захоўвала маўчаньне, 11 гадоў ня ўдзельнічала ў вырашэньні гэтага пытаньня. Але сёньня разьвязаная Аляксандрам Лукашэнкам інфармацыйная вайна супроць Расеі і яе кіраўніцтва дае дадатковыя магчымасьці для расьсьледаваньня тых падзей".

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч заявіў, што фільм НТВ дадаткова пераконвае ў датычнасьці да зьнікненьняў вышэйшых кіраўнікоў Беларусі. Станіслаў Шушкевіч ня згодны з думкаю, што цяпер незалежнасьць Беларусі можа захаваць толькі Лукашэнка:
С.Шушкевіч: "Беларусь не незалежная..."

"Беларусь не незалежная, яна залежыць ад такіх людзей, пад якімі агідна быць. Украінцы ў свой час добра сказалі, што ня хочам быць быдлам. І мы ня быдла, і нас такі кіраўнік ня можа прывесьці да сапраўднай незалежнасьці, сапраўднай беларускасьці, сапраўдных добрых адносін з нашай суседкай Расеяй".

Апазыцыйныя палітыкі падпісалі у Генпракуратуру супольны зварот наконт з заклікам завесьці справу ў сувязі з паказам фільма НТВ аб зьнікненьнях у Беларусі. Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч таксама праінфармаваў, што ў Менгарвыканкам падаецца заяўка на правядзеньне празь месяц, 16-га жніўня, шэсьця і мітынгу з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня спраў зьніклых. Мяркуецца сабраць людзей ля Акадэміі навук і прайсьці да плошчы Свабоды.

Your browser doesn’t support HTML5

Апазыцыя пра справы зьніклых