Новае выданьне пра Вільню на некалькіх мовах, у тым ліку і па-беларуску, зьявілася у Літве. Яго назва -- «Вільня: партрэт горада». У альбоме сабраныя 240 фатаграфіяў больш як дзесятка аўтараў і тэксты звыш як 80 аўтараў. У выданьні зьмешчаныя унікальныя фотаздымкі Вільні беларускага фотамастака Дзяніса Раманюка і тэксты на беларускай мове. На адной з першых старонак -- верш Максіма Багдановіча на мове арыгіналу.
«Такой кнігі пра Вільню яшчэ ня было!, -- сказаў у часе прэзэнтацыі Раймандас Пакніс, кіраўнік выдавецтва, дзе быў створаны унікальны альбом на 360 старонак ("Vilnius: miesto portretas / Vilnius: Portrait of a City"). На гэта знаны літоўскі культороляг Томас Венцлава заўважыў, што Вільня, маўляў, такі горад, што якую б пра яго кнігу не выдавалі, пра кожную можна сказаць — такой яшчэ ня было.
Можа гэта і выглядае як перабольшаньне, кажа Павал Лаўрынец, доктар філялёгіі Віленскага унівэрсітэту, які падзяліўся уражаньнямі пасьля прэзэнтацыі альбома ў Віленскім Ніжнім замку — палацы ўладцаў ВКЛ , -- але у гэтым выпадку сапраўды гэта новы этап у засваеньні віленскай прасторы.
«Такой кнігі яшчэ не было, такога сынтэзу візуальнай і тэкстуальнай інфармацыі пра горад, -- сапраўды ж, ня было дагэтуль.
Гэтае выданьне надоўга застанецца ў памяці як новы этап у засваеньні віленскай прасторы
Так што гэтае выданьне надоўга застанецца ў памяці як новы этап у засваеньні віленскай прасторы, віленскага тэксту».
Для беларусаў гэтае выданьне таксама унікальнае, з некалькіх прычынаў.
У выданьне увайшлі тэксты пра Вільню на 6 мовах арыгіналу, у іх ліку і беларускай (лацінскай, беларускай, ідыш, літоўскай, рускай, польскай). На адной з першых старонак — радкі па-беларуску:
Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуароў...
Максім Багдановіч, адзначыў маставацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, ніколі дасюль не меў магчымасьці быць надрукаваным у такім шыкоўным выданьні:
«Шыкоўны альбом, у некалькі кіляграмаў вагой, бо выдатная папера, суконны футарал... і яго адкрывае верш Максіма Багдановіча. Гэта абсалютова унікальная зьява і вельмі годнае прадстаўленьне нашага геніяльнага паэта».
Дзякуючы выданьню стаў клясыкам
Самы старажытны тэкст у кнізе датуецца 1323 г. , г.зн. належыць да часоў Гедыміна, а фотаздымкі — 19-21 ст. Сярод славутых фатографаў з 19-га стагодзьдзя тут ёсць Язэп Чаховіч, які здымаў яшчэ паўстанцаў Каліноўскага, з пачатку 20-га -- шмат здымкаў Яна Булгака, літоўскія клясыкі Вітаўтас Аўгусцінас, Арунас Бальценас, Рымантас Дзіхавічус, -- адзначае маставацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:
«І сярод іншага — фотаздымкі Дзяніса Раманюка. Цяпер цікава прыгадаць, што гадоў дзесяць таму ён паўжартам казаў, што, вось, Вільню пачатку 20-га стагодзьдзя здымаў Ян Булгак, а ён абесьсьмярочвае Вільню канца стагодзьдзя.
Ці мог ён тады прадбачыць, што сама гісторыя і ўкладальнікі гэтага альбома ацэняць ягоны ўнёсак у справу вільнініяны належным чынам і сапраўды цяпер Дзяніс Раманюк, ягонае імя паўстане сярод імёнаў найбольш выдатных фотамастакоў нашага краю, пачынаючы ад самых першых, ад 19 ст. Цяпер, дзякуючы гэтаму выданьню, Дзяніс Раманюк стаў бясспрэчным клясыкам фотамастацтва».
Здымкі з дахаў
Фотамастак Дзяніс Раманюк кажа, што у альбом увайшлі два ягоныя здымкі Вільні канца 20 ст.:
«Гэта такія эксклюзіўныя панарамы, якіх не бачылі нават самі віленчукі, што пражылі у Вільні усё жыцьцё. Чаму эксклюзіўныя? Таму, што яны зьнятыя са стрэхаў горада, куды складаны доступ. Я тады быў маладзейшы, шустры, і рызыкаваў, лазіў па гэтых стрэхах, каб рабіць
Гэта такія эксклюзіўныя панарамы, якіх не бачылі нават самі віленчукі, што пражылі у Вільні усё жыцьцё.
Адна панарама зьнятая вельмі блізка ад былой рэдакцыі «Нашай Нівы», са страхі, там бачны Касьцёл усіх сьвятых і сынагога, а таксама Базыльянскія муры, панарам цэркваў і касьцёлаў. Маю цікавы успамін пра гэты здымак: калі я паказваў яго літоўцам, адзін зь іх, даволі дасьведчаны і творчы чалавек, пагледзеўшы, запытаўся: «А што гэта за плянэтарый, дзе гэта зьнята?». А гэта быў як раз купал сынагогі на вул Піліма (Завальнай).
А другі здымак я рабіў непадалёк ад станцыі, і на ім таксама Базыльянскія муры, царква Сьвятога Духа, -- можна так сказаць, беларускі такі выгляд Вільні».
Але, калі паглядзець на сьпіс фатографаў і аўтараў у гэтым выданьні, то беларускіх творцаў магло б быць значна больш, на жаль беларусаў там вельмі мала, -- заўважае фотамастак Дзяніс Раманюк.
У кнізе зьмешчаныя эсэ пра Вільню Томаса Венцлавы, Чэслава Мілаша ды іншых аўтараў. Тут ёсьць краязнаўчая даведка, зробленая Адамам Ганорыям Кікркорам, і ўспаміны Люсі Давідовіч ды Альфрэда Дзёбліна. Тут ёсьць урыўкі з Паўла Кукальніка і Ганны Дастаеўскай, у літоўскіх перакладах. Ёсць і зусім нечаканыя тэксты пра Вільню — іх аўтары, да прыкладу, Пілсудзкі і Чэстэртан, якога у Беларусі больш ведаюць як аўтара дэтэктываў пра патэра Браўна, а таксама Кановіч, Топараў, Гары.
Выданьне зробленае у двух варыянтах, на ангельскай і літоўскай мовах. Гаворыць Сяргей Харэўскі:
«Гэтую кнігу ёсьць каму чытаць і набываць, вельмі цешыць, вядома, што Літва можа сабе дазволіць вось такі падарункі. З іншага боку, можна было б выдаць не горшы альбом пра Менск, можна не меней назьбіраць старых фотаздымкаў, а тэкстаў — яшчэ болей, і больш старажытных. Але, рэалізаваць такі праект у Беларусі пакуль немагчыма, бо нашае Міністэрства культуры занятае іншымі справамі, а спажыўца на падобнае выданьне ў нас пакуль няма. Ды й подпісы выглядалі б недарэчна на розных мовах: вуліца Леніна, Маркса, Энгельса, Камуністычная, Камсамольская...»
На здымку: У часе прэзэнтацыі кнігі у Ніжнім замку. Зьлева — доктар філялёгіі Віленскага унівэрсытэту Павал Лаўрынец
На здымку: вокладка кнігі