Некалькі дзён таму я асьцярожна прагназаваў, што гішпанцы перасягнуць свой рэкорд мундыяляў ды выйграюць бронзу. Нямеччына надта хацела адпомсьціць "чырвоным" за паразу ў фінале Эўра-2008, аднак гісторыя паўтарылася. Гішпанія сапраўды б’е ўласныя рэкорды, але не асьцярожнічае. Яна хоча выйграць золата!
Драматычным паўфінал Гішпанія — Нямеччына не атрымаўся. Толькі заўзятар з дудкай-вувузэлай, які прарваўся на поле ў першым тайме, неяк ажывіў акадэмічную перамогу пірэнэйцаў. Гішпанцы злавілі сваю гульню — татальны кантроль мяча, уважлівасьць у абароне і няспынны ціск на вароты супернікаў. Каманда Вісэнтэ дэль Боске выглядала ў сваім паўфінале нашмат больш па-чэмпіёнску, чым гадаванцы Бэрта ван Марвійка ў гульні супраць Уругваю. І чамусьці здаецца, што ў нядзелю здарыцца невялікая гістарычная несправядлівасьць — Гішпанія ў сваім першым фінале стане чэмпіёнам сьвету, зборная Нідэрляндаў зробіцца "вечна другой".
Пасьля гульні Гішпанія — Нямеччына нават нямецкі трэнэр Яхім Лёў прызнаў, што гішпанцы гулялі лепей за немцаў: "Яны забралі мяч зь першых хвілінаў і не давалі нам гуляць у свой футбол. Мы стараліся да апошняга, але Гішпанія была мацнейшая. Нас перайграла найлепшая каманда ў сьвеце".
Блакітны швэдрык з кашэміру, у якім бундэстрэнер трыюмфальна дайшоў да паўфіналу і які нават стаў аб’ектам рознага кшталту кпінаў, будзе прададзены на дабрачынным аўкцыёне. Пра гэта піша нямецкі таблоід "Більд".
У нядзелю Гішпанія і Галяндыя будуць высьвятляць, па якім адрасе паедзе Залатая Багіня — гэта ў любым выпадку будзе абсалютна новы для яе маршрут. Нямеччына ды Ўругвай напярэдадні фіналу згуляюць за суцяшальны прыз — 3-е месца.